Top.Mail.Ru

Самым шчодрым і вясёлым жыхары Віцебска лічаць кірмаш «Асенні карагод»

І хлеб надзённы, і выбар справы

Яго асноўныя ўдзельнікі — установы і аддзелы адукацыі Віцебскай вобласці, да якіх далучаюцца прадпрымальнікі, уладальнікі прыватных участкаў, кветкаводы, пчалаводы.

Сёлета тон гандлю задавалі 10 аддзелаў адукацыі і 25 каледжаў і ліцэяў. ССНУ сельскагаспадарчага профілю прывезлі каля 100 тон бульбы, зерне, агародніну, вырашчаныя ў падсобных гаспадарках. Галоўнае, кожная лакацыя ўстаноў прафесійнай адукацыі выступала як дэманстрацыйная і прафарыентацыйная пляцоўка, расказвала, чаму можна навучыцца ў тым ці іншым каледжы.

Хочаце навучыцца варыць найсмачнейшую юшку з азёрнай рыбы і начыняць натуральныя каўбасы? Вам на Браслаўшчыну, у Відзаўскі каледж. Зацікавіла кенетычная скульптура — паступайце ў Віцебскі каледж электратэхнікі. Уразілі льняныя ўборы з ручным аздабленнем — едзьце ў Аршанскі каледж тэкстыльшчыкаў імя Г.В. Сямёнава. Кірункаў для атрымання запатрабаваных прафесій вялікае мноства.

— Склалася традыцыя, калі жыхары горада могуць прыйсці і па невысокіх цэнах закупіцца сельгаспрадукцыяй на зіму, — адзначыў начальнік упраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Кірмаш адначасова дае магчымасць паказаць сістэму адукацыі вобласці, новыя віды тэхнікі і абсталявання, тэхналогіі, прадукцыю, якую вырабляюць у працэсе навучання.

Падчас кірмашу праходзілі шматлікія майстар-класы і паказальныя выступленні навучэнцаў, якія прэтэндуюць на выхад у абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства ProfSkіlls, у такіх намінацыях, як зварачныя тэхналогіі, кандытарскае і цырульнае майстэрства, фларыстыка, электрамантаж. Варта адзначыць, каля іх пастаянна круціліся гледачы, у тым ліку школьнікі-падлеткі: так і абуджаецца цікавасць да рабочых прафесій.

Між тым, на ніжняй пляцоўцы кірмашу, дзе прадаваўся «хлеб надзённы», ішоў шпаркі гандаль. Адну і тую ж жанчыну я сустрэла некалькі разоў, і кожны раз яна нешта напіхвала ў сумку на калёсах.

— Чароўная ў вас сумка — столькі ўсяго лезе, — здзівілася я.

— Ды не, я ўжо чацвёрты раз вяртаюся, жыву побач, — засмяялася Таццяна. — Купіла прыгожай і таннай агародніны — бульбы па 90 капеек, фасолі па паўтара рублі за шклянку.

— І мы занеслі дадому торбы ды вярнуліся, каб пад’есці шашлыкоў, паслухаць, як дзеці спяваюць. Атмасфера і надвор’е выдатныя, — далучыліся да размовы муж і жонка Кліменкі. — Абавязкова прагуляемся каля палатак каледжаў — там цікава, можа, унуку параім, на які каледж звярнуць увагу — ён якраз у 9 класе, думае паступаць.

Калі ў наведвальнікаў кірмашу ўзніклі такія думкі, сваю звышзадачу арганізатары «Асенняга карагоду» выканалі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю