Top.Mail.Ru

«Рыцарскі фэст» у Мсціславе сабраў рэкордную колькасць наведвальнікаў

Вось ужо другі год адкрыццё свята сярэднявечнай культуры праходзіць у Мсціславе не на плошчы перад райвыканкамам, а менавіта на Замкавай гары. 


Там, дзе антураж — царква-данжон, крапасныя валы, старадаўнія корчмы, «тэматычныя» рамеснікі, рыцарскі стыхійны (бо яны заўсёды ў паходах) гарадок — пераносіць нас на шмат стагоддзяў назад, у свет адважных мужчын і чароўных дам. Хутка да кожнага прысутнага прыходзіць адчуванне, што ён і сам адзін з іх. Час пераламляецца — і нічога, акрамя таго, што адбываецца тут і зараз, больш не існуе...


...І вось ужо скача ва ўсю моц пасланец ад князя Расціслава Мсціслававіча, спяшаецца перадаць ахоўную грамату шаноўнаму гаспадару горада на Віхры — старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Юрыю БЛАХІНУ. У ёй — пажаданні здароўя, дабрабыту і міру, а таксама падзяка «за захаванне слаўнай гісторыі і звычаяў айчынных». Бо сёння ізноў, як і шмат гадоў таму, «на зямлі мсціслаўскай свята — турніры рыцараў доблесных, адважных воінаў гонару і адвагі».

Пад працяжныя гукі валынкі прысутныя сустракаюць удзельнікаў клубаў гістарычнай і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Гомеля, Брэста, Магілёва, Рэчыцы, Бабруйска, Дзяржынска, Барысава. Наперадзе, як і трэба, ідзе камандор. На свяце ён як генерал — самы галоўны і самы дасведчаны.


Афіцыйная частка скончылася, і вясёлае свята закруцілася, запела, загрукала мячамі. Як у добрыя рыцарскія часы, пляцоўка пераўтварылася ў шумны квяцісты міні-гарадок, дзе знайшлося месца не толькі рыцарам і іх дамам, але і хадулістам, вясёлым блазнам, вандроўным музыкам...

— Сёння наша свята ведаюць не толькі ў Беларусі, таму неабходнасці ў шэсці ад цэнтральнай плошчы горада на Замкавую гару болей не існуе, — кажа начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Наталля БІСКУП. — Раней рыцары ішлі праз усе гандлёвыя рады, і людзі ўслед за імі рухаліся на галоўную пляцоўку свята. Зараз яны прыходзяць мэтанакіравана на Замкавую гару. Сёлета адкрыццё і першы блок мерапрыемстваў наведала рэкордная колькасць людзей — каля 5 тысяч чалавек. А наогул на мерапрыемстве прысутнічала больш за 22 тысячы чалавек.

Жыхары Мсціслава ганарацца сваім святам, яно настолькі прывязанае да іх горада, што нават нельга яго ўявіць дзесьці ў іншым месцы. Гэта як купальскае свята ў Александрыі знайшло сваё ўнікальнае месца і асацыюецца выключна з ім. Традыцыі ідуць з Грунвальдскай бітвы, дзе менавіта мсціслаўская харугва паказала сябе непераможнай.


Магічным чынам мсціслаўская зямля ўздзейнічае на сучасных рыцараў. Нягледзячы на выключную спякоту, ад якой сёлета кожны з гледачоў хаваўся хто пад дах, хто пад парасон, рыцары ва ўсёй сваёй шматкілаграмовай амуніцыі біліся не на страх, а на сумленне.

Публіка вельмі эмацыйна на гэта рэагавала, з боку падавалася, што ўсё суіснуе ў адзінстве. Як прызнаваліся рыцары, яны фізічна адчувалі гэтую падтрымку і выкладваліся па поўнай. Да таго ж Сярэднявечча — гэта безупынныя войны, а для сапраўдных мужчын вельмі важна змагацца да апошняга, бо за імі — Радзіма, дом, сямейны ачаг. 

І адступаць няма куды!

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю