На рахунку механізатара ЗАТ «СервалюксАгра» Сяргея Мая на вечар 11 верасня было сем тысяч 55 тон намалочанага збожжа. У яго таварышаў па жніву — Рыгора Бокача і Артура Дарыя — болей чым пяць і чатыры тысячы, адпаведна. Вадзіцелі Мікалай Куракін, Яўген Новікаў і Сяргей Пухоўскі перавезлі больш чым па пяць тысяч тон збожжа. Павіншаваць лідэраў, а таксама ўручыць ім падзякі, сертыфікаты і падарункі прыехалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і яго першы намеснік Сяргей Савіцкій, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец, кіраўніцтва Магілёўскага раёна, гаспадаркі.
Рэкардсмена Сяргея Мая віншавалі разам з сям’ёй — жонкай Вольгай і трама дзецьмі. За некалькі хвілін да афіцыйнай цырымоніі атрымалася пагутараць з вялікім сямействам. Самая малодшая ў сям’і — Эвеліна вучыцца ў першым класе, сыны Дзіма і Ігар наведваюць шосты і сёмы класы. Эвеліна хоць і маленькая, але дапамагае маці гатаваць смачныя стравы для бацькі. Гаспадарка, вядома, добра корміць сваіх працаўнікоў, але хатнія ссабойкі сіл надаюць. Калі за спіной моцная сям’я, прасцей і рэкорды ставіць.
Дарэчы, леташні рэкорд Сяргея Мая быў 6 200 тон, сёлета — больш за 7000.
— Гэтаму спрыяла шмат чаго — надвор’е, добры ураджай, тэхніка, — прызнаўся рэкардсмен. — Калі здараюцца нейкія паломкі, інжынерная служба вельмі хутка рэагуе. Ну і, канешне, адчувалася падтрымка сям’і.
Вольга, дарэчы, таксама працуе ў гэтай жа гаспадарцы. Прызнаецца, што пакахала свайго мужа за тое, што ён клапатлівы і працавіты. Абодва родам з Залесся, хадзілі ў адну і тую ж школу. У старэйшых класах нават сябравалі, але потым на нейкі час сцяжынкі разышліся. Вольга нават паспела замуж схадзіць. Але, як той казаў, лёс не падманеш. Зараз яны разам і ўпэўнена глядзяць у будучыню. А нядаўна справілі наваселле — гаспадарка выдзеліла Сяргею дом ў вёсцы Гуслішча.

Вольга лічыць, што вельмі важна, каб родны чалавек адчуваў падтрымку. Летам заўсёды графік напружаны, работа ад ранку да позняй ночы. Невялікая перадышка толькі, калі ідуць дажджы.
У гаспадарцы дынастыю пад прозвішчам Май характарызуюць як працавітую. Тут працавалі бацькі Сяргея, цяпер працуюць брат і сястра. Як адзначалі ў сваіх віншаваннях прысутныя, вельмі часта рэкорды залежаць ад падтрымкі блізкіх. Яны ствараюць умовы для прадукцыйнай працы. Гучалі падзякі за вынікі, пажаданні міру, дабра, шчасця, дабрабыту хлебаробам і іх сем’ям.
Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што падтрымка сям’і неацэнная, бо, пакуль механізатар у полі, нехта павінен выконваць дамашнюю работу.
— Для такіх працаўнікоў як Сяргей Май планка ў 2, 3, 4 тысячы тон збожжа стала ўжо чымсьці штодзённым, хаця яшчэ ў недалёкім мінулым мы захапляліся вынікам у тысячу тон. Цяпер гэта ўжо звычайнасць. Разам з камбайнерам мы віншавалі і яго жонку Вольгу, а ў яе асобе — усе сем’і аграрыяў. Рабяты працуюць з раніцы да позняга вечара, таму дома ім жыццёва неабходны ўтульнасць і падтрымка. У Сяргея трое дзяцей, і на плечы жонкі кладзецца вялізная нагрузка. Вялікі дзякуй ёй і ўсім жонкам, маці, усім жанчынам, якія ствараюць надзейны тыл. Менавіта іх клопат дае нашым мужчынам магчымасць дабівацца такіх высокіх вынікаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Магілёўскі раён