У сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка згадваў пра Наваполацкі рэгіянальны комплекс па абыходжанні з ЦКА як пра адзін з прыкладаў развіцця і ўмацавання паўночнага рэгіёна, важны інфраструктурны праект, дзе запускаюцца магутнасці па сартаванні і перапрацоўцы адходаў для павышэння экалагічнай бяспекі і імпартазамяшчэння беларускімі камплектуючымі.
Сапраўды, каля 40 % абсталявання зроблена ў Беларусі, што адпавядае курсу на лакалізацыю. Комплекс рэалізуе задачы па развіцці рэгіянальнай інфраструктуры і стварэнні больш за 150 працоўных месцаў. Рэалізаваны праект дэманструе пераход да сучаснай комплекснай сістэмы кіравання адходамі, уключаючы сартаванне да 80 тыс. тон за год, перапрацоўку будаўнічых (10 тыс. тон за год), драўняных і біялагічных адходаў, а таксама вытворчасць другаснай сыравіны — поліэтыленавых гранул.
Такім чынам, новы комплекс з’яўляецца часткай больш шырокай дзяржаўнай палітыкі, агучанай у Пасланні, накіраванай на эканамічнае развіццё і экалагічны дабрабыт рэгіёнаў.
На практыцы гэта азначае, што на комплекс будуць паступаць ЦКА з Наваполацка, Полацкага, Расонскага і Ушацкага раёнаў. Гэта адпавядае канцэпцыі пераходу ад раённага ўзроўню кіравання сістэмай абыходжання з адходамі на рэгіянальны са стварэннем буйных міжраённых аб’ектаў. Прадпрыемства стала трэцім рэгіянальным комплексам па перапрацоўцы (сартаванні) ЦКА. Раней уведзены ў эксплуатацыю Віцебскі і Аршанскі смеццесартавальныя заводы. Магутнасці, якія ёсць, дазволяць забяспечыць сартаванне каля 75 % камунальных адходаў, што ўтвараюцца на тэрыторыі вобласці.
— За 2024 год на тэрыторыі нашай краіны ўтварылася 60 млн тон адходаў, з якіх больш за 55 млн тон — адходы вытворчасці, — паведаміў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця комплексу. — У параўнанні з 2023 годам аб’ём цвёрдых камунальных адходаў павялічыўся на 300 тыс. тон. У 2025-м па даручэнні ўрада Мінпрыроды распрацавана і зацверджана стратэгія па абыходжанні з адходамі. Глабальная мэта гэтай стратэгіі — паэтапнае дасягненне да 2030 года аб’ёму выкарыстання адходаў не ніжэй за 70 % і да 2040 года не ніжэй за 90 %. За апошнія пяць гадоў на тэрыторыі краіны былі ўведзены ў эксплуатацыю шэсць рэгіянальных пляцовак смеццесартавальных заводаў. Па сартаванні ЦКА ў бліжэйшай пяцігодцы плануецца ўвесці сем аб’ектаў і пачаць будаўніцтва яшчэ двух, што, адпаведна, дазволіць нам выйсці на тыя паказчыкі, якія даведзены нам кіраўніком краіны і ўрадам.
Хаця наваполацкі «Біямехзавод бытавых другрэсурсаў» і дагэтуль перапрацоўваў зношаныя шыны і вырабы, якія ўтрымліваюць гуму, забруджаную ПЭТ-бутэльку, выпускаў пясчана-палімерныя вырабы, магчымасці комплексу значна пашыраюць дыяпазон. Так, пасля паэтапнага напаўаўтаматычнага сартавання будзе ажыццяўляцца кампаставанне «зялёных» адходаў з атрыманнем глебагрунту для зялёнага будаўніцтва, кампаставанне дробнай фракцыі з атрыманнем тэхнагрунту, перапрацоўка моцназабруджаных адходаў палімерных матэрыялаў, будаўнічых адходаў, тэрмічнае знішчэнне біялагічных і медыцынскіх адходаў і іншыя аперацыі.
На будаўніцтва комплексу, якое на працягу 2023 — 2025 гадоў вёў ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 16, г. Наваполацк», накіравана 146 млн рублёў, амаль 37 млн рублёў з якіх — сродкі дзяржустановы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», астатняе — крэдытныя рэсурсы ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».
Новы комплекс уяўляе сабою не проста завод, а інтэлектуальную сістэму, прызначаную для глыбокай перапрацоўкі адходаў, каб мінімізаваць тое, што раней беззваротна накіроўвалася на палігоны ЦКА. Місія аб’екта — забеспячэнне экалагічнай бяспекі соцень тысяч людзей, адказныя адносіны да прыродных рэсурсаў, клопат пра будучыню.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА