Кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў, што ў Беларусі робіцца ўсё для таго, каб межы паміж горадам і вёскай зніклі. Для сельскага жыхара і тавары, і паслугі павінны быць у той жа даступнасці, што і для гарадскога. Карэспандэнт «МС» праверыла, як гэты баланс вытрымліваецца для тых, хто жыве ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці.
Аграгарадок Гарбавічы знаходзіцца якраз пасярэдзіне паміж Магілёвам і Чавусамі. Медыцынскія паслугі тут аказвае ўрачэбная амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і два яе ФАПы ў Вайнілах і Лёўкаўшчыне. Усяго на абслугоўванні амбулаторыі каля 1600 чалавек. Разам з дэпутатам Чавускага райсавета Аксанай Раманавай знаёмімся з яе магчымасцямі.
— Наша задача пракантраляваць, ці хапае ўсяго ў сельскай аптэцы, наколькі даступная медыцынская дапамога для тых людзей, якія па яе звяртаюцца, — расказвае яна па дарозе.
На момант нашага візіту людзей у амбулаторыі было няшмат. Хтосьці прыйшоў на фізіяпрацэдуры, хтосьці прастудзіўся, камусьці пра сябе нагадалі ўзроставыя балячкі. Як у Алены Кастармовай.
— Вось прыхапіла сэрца, прыйшла па дапамогу, — уздыхае жанчына. — Зрабілі кардыяграму, а яна дрэнная. Падазраюць, што інфаркт. Крыху падлячылі і «хуткую» з Чавусаў выклікалі. Сяджу, чакаю.
У амбулаторыі пацыентцы далі накіраванне на шпіталізацыю — у яе прагрэсіруючая стэнакардыя. Жанчына ўдзячная медыкам за дабрыню, спагадлівасць, за тое, што тут заўсёды ставяцца да людзей з павагай.
Захар Салкоўскі вучыцца ў спартыўнай школе Чавусаў, прыхапіла горла, і ён прыехаў дамоў, каб у роднай амбулаторыі падлячыцца.
— Тут можна хутка і без чаргі абслужыцца, — кажа аб перавагах установы хлопец. — Да таго ж мяне тут ведаюць, бо я дома.
Набор паслуг, якія можна атрымаць у амбулаторыі, дастаткова шырокі. Каб толькі фізіяпрацэдуры пералічыць, пальцаў адной рукі не хопіць: дарсонваль, электралячэнне, магнітатэрапія, ультрагук, УВЧ і гэтак далей. Ёсць дзіцячая кансультацыя, аддзяленне дзённага знаходжання на тры ложкі, стаматолаг, які працуе па два разы на тыдзень.
— Зубны ўрач у нас адменны, зубы рамантуе на «выдатна», — падае голас жыхар Бахатца, які прыехаў разам з унукам і яго бабуляй.
Аснашчэнне амбулаторыі таксама надзейнае. Калі што, тут дапамогуць нават сэрца запусціць — для гэтага ёсць дэфібрылятар. Для рэанімацыйных мэт у наяўнасці мяшок Амбу — механічнае прыстасаванне, якое дапамагае зрабіць тэрміновую вентыляцыю лёгкіх. На вызаў урач адпраўляецца са спецыяльнай сумкай, дзе ёсць усё неабходнае. На ўзбраенні амбулаторыі — чатыры спецыяльныя сумкі ўрача хуткай дапамогі асобна для дарослых і падлеткаў.
Кацярына Шляева працуе ўрачом агульнай практыкі ў Гарбавічах два гады па размеркаванні з Гомельскага медуніверсітэта.
— Спачатку хвалявалася, але хутка ўключылася ў працоўны рытм, — усміхаецца дзяўчына. — Асаблівасць работы ў сельскай мясцовасці ёсць, трэба больш адказнасці браць на сябе. Але калектыў вельмі добры, і я хутка адаптавалася.
Кацярына далёка на будучае не загадвае. Яна яшчэ не вызначылася, застанецца тут пасля адпрацоўкі або не. Жартуе: маўляў, калі замуж выйдзе, то застанецца.
Надзейны памочнік маладога ўрача — Валянціна Сівакова, якая адпрацавала тут амаль паўстагоддзя. Яна і родам з Гарбавіч. Пацыенты яе шануюць і паважаюць. Яна — прафесіянал, чалавек на сваім месцы. Мае ўзнагароду — выдатнік аховы здароўя.
У аптэцы, што пры амбулаторыі, асартымент лекаў — не менш 18 тысяч найменняў.
— Акрамя тых, што абавязкова павінны быць для аказання першай медыцынскай дапамогі, у наяўнасці лекі, якімі часцей за ўсё карыстаюцца нашы жыхары і якія ім выпісваюць па рэцэптах, — удакладняе Валянціна Сівакова. — Своечасова папаўняем запасы. Заказы на нейкае лякарства выконваюцца на працягу некалькіх дзён.
— Наша задача — пракантраляваць, каб з пераліку неабходных лекаў усяго хапала, каб захоўваліся тэрміны прыдатнасці, — кажа Аксана Раманава. — Глядзім, як выконваецца графік наведвання аддаленых вёсак.
Гэты графік, дарэчы, вывешаны ў калідоры. Кожны можа з ім азнаёміцца. Як мінімум раз у месяц урач там павінен пабываць.
— Тых магчымасцяў, якія ў нас ёсць, хапае, — гаворыць Валянціна Сівакова. — Колькасць насельніцтва, на жаль, скарачаецца, але гэта не значыць, што людзі павінны адчуць дэфіцыт клопату пра іх здароўе.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Чавускі раён
У тэму
Старшыня Чавускага райсавета Анатоль МАЦЮЛІН:
— Падчас маніторынгу ФАПаў і аўтакрам выяўляем і праблемныя моманты. Ёсць пытанні своечасовасці абслугоўвання, давозу тавару, іншыя моманты, якія мы адсочваем. Толькі ад райспажыўкааперацыі на сяле працуюць болей чым 20 крам плюс прыватнікі. Гэтага дастаткова. Яны, вядома, загружаныя. Каб атрымаць зарплату, трэба папрацаваць. Перыядычна работнікі звальняюцца, прыходзіцца вырашаць пытанні з кадрамі. Бывае, што знайсці падмену праблематычна, няма ахвотных. Але знаходзім вырашэнне. Па ФАПах таксама трымаем сітуацыю на кантролі. Калі асноўны работнік захварэе або пойдзе ў водпуск, своечасова падключаем падмену з райцэнтра. Каб не атрымалася, што няма каму выпісаць рэцэпт або выдаць лекі. Нядаўна быў на сустрэчы з жыхарамі вёскі Прылессе, яны выказалі задавальненне паслугамі. Фельчар іх ФАПа на машыне кожны дом аб’язджае, наведвае, медыкаменты развозіць, і прэтэнзій да абслугоўвання ў жыхароў няма.