Top.Mail.Ru

Рашэнне аб пераводзе сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белвест» на работу ў асаблівым рэжыме аздараўлення падтрымала дзяржава

Навіну аб тым, што эканамічны суд Віцебскай вобласці зацвердзіў план санацыі кампаніі BELWEST тэрмінам на тры гады, тут жа пачалі каментаваць у сацыяльных сетках «добразычліўцы» і канапныя эксперты. Маўляў, прадпрыемства абанкруцілася, кампанія знаходзіцца на стадыі ліквідацыі.



Аб тым, што насамрэч адбываецца на вядомым віцебскім прадпрыемстве і што абазначае гэта не ўсім зразумелае слова «санацыя», «Звязда» высвятляла непасрэдна на месцы.

Планы і карэктывы

Адно з найбуйнейшых абутковых прадпрыемстваў Беларусі СТАА «Белвест», вытворчыя плошчы якога сканцэнтраваны ў Віцебску і вакол яго, перажывае няпростыя часы. Некалькі гадоў таму акцыянеры кампаніі будавалі перспектыўныя планы развіцця бізнесу. Устойлівы попыт на прадукцыю дазваляў павялічваць аб’ёмы вытворчасці, дзеля чаго прадугледжвалася мадэрнізацыя вытворчасці і стварэнне новых магутнасцяў.

Рэалізацыя гэтых планаў прадугледжвала прыцягненне крэдытных рэсурсаў, што і рабілася: у банках пазычаліся грошы, якія накіроўваліся на ўдасканаленне вытворчасці. Сітуацыя таго часу дазваляла прагназаваць атрыманне прыбытку ад рэалізацыі гатовай прадукцыі ў такім аб’ёме, каб працаваць у штатным рэжыме і абслугоўваць пазыкі. Аднак абставіны непрадказальна змяніліся.

У 2020 годзе аб’явіўся COVІD-19, і ў Расіі, а менавіта яе рынак быў асноўным спажыўцом абутку, увялі абмежаванні на наведванне грамадскіх месцаў, шырокую практыку дыстанцыйнай работы, якая ў значнай ступені захавалася надалей. У выніку лакдаўну, які зацягнуўся, людзі сталі купляць абутку значна меней, аб’ём рэалізацыі прадукцыі знізіўся. Аб гэтым красамоўна сведчыць такі факт, што з 360 фірменных магазінаў на тэрыторыі суседняй краіны па прычыне незапатрабаванасці вымушаны былі закрыцца 150.

Адмоўна адбіліся на фінансавым становішчы «Белвеста» і далейшыя падзеі ў суседзяў. Давялося перабудоўваць лагістыку, шукаць новых пастаўшчыкоў матэрыялаў, павялічваць крэдытны партфель. Выразны прыклад: украінскі партнёр, які атрымаў перадаплату за пастаўку падэшваў для ўсёй вяснова-летняй калекцыі 2022 года, проста знік з поля зроку, не выканаўшы ўзятыя на сябе абавязкі... Дадалося і тое, што ў выніку санкцый спыніліся пастаўкі з Еўропы.

У той жа час прадпрыемства не прастойвала, працягвала працаваць — адпаведна несла затраты, а аб’ёмы выручкі значна знізіліся, што ўдарыла па яго плацежаздольнасці. Узятыя крэдыты, асабліва падаражэлыя валютныя, не стала чым аддаваць. За гэты няпросты перыяд да лета 2025-га ў кампаніі назапасіліся нявыплачаныя грашовыя абавязкі перад крэдыторамі на суму каля 280 млн рублёў. Паўсталі пытанні з аплатай падаткаў, выдаткаў за спажыванне энергіі і нават зарплаты. Сітуацыя была настолькі вострай, што прадпрыемства, дзе працуе каля 1,7 тысячы чалавек, апынулася на мяжы закрыцця.

Недзяржаўнае — не значыць чужое

У верасні мінулага года СТАА «Белвест» звярнулася ў суд з заявай аб сваёй неплацежаздольнасці. Адразу быў прызначаны антыкрызісны кіраўнік і распрацаваны дэталёвы план выхаду кампаніі са складанай сітуацыі. Затым у пасяджэнні 15 студзеня 2026 года суд падтрымаў рашэнне агульнага сходу крэдытораў аб увядзенні санацыі ў адносінах кампаніі тэрмінам на 36 месяцаў.

— Такім чынам дзяржава праз мясцовыя органы кіравання — Віцебскі гарвыканкам — і праз судовыя органы працягнула руку дапамогі буйному прадпрыемству недзяржаўнай формы ўласнасці, — акцэнтаваў увагу антыкрызісны кіраўнік «Белвеста» Мікалай Міронаў. — Недасведчаныя нядобразычліўцы паспяшаліся аб’явіць нас банкрутам, але гэта няпраўда. Мы працягваем працаваць і не збіраемся закрывацца.

На перыяд аздараўлення даўгі прадпрыемства замарожаны, яму дадзена магчымасць абслугоўваць бягучыя плацяжы, закупляць сыравіну, выплачваць зарплату, разлічвацца за энерганосьбіты, станавіцца на ногі. Распрацавана стратэгія аднаўлення плацежаздольнасці кампаніі і графік выплаты назапашаных перад крэдыторамі даўгоў. Пры такім становішчы спраў у «Белвеста» з’явілася магчымасць выкарыстоўваць рэсурсы, якія ён раней кідаў на абслугоўванне крэдытаў, для развіцця вытворчасці. Ужо растуць сумы на закупку найлепшых сучасных матэрыялаў, ёсць рух да нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі, мяняецца маркетынгавая палітыка. Тавараабарот у магазінах фірменнага гандлю за студзень 2026 года склаў 5,1 млн рублёў, або 120 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

Калектыўны настрой

Правёўшы дзень непасрэдна на прадпрыемстве, пагаварыўшы з людзьмі, азнаёміўшыся з дакументамі і атрымаўшы поўныя адказы кіраўніцтва на часам нязручныя пытанні, карэспандэнт «Звязды» ўпэўнілася: настрой тут баявы. 

У цэхах цёпла, светла, шумна — усё працуе.

— Старыя кадры не пабягуць са сваёй фабрыкі, — упэўнены майстар раскройнага цэха з 35-гадовым стажам Генадзь Баярын. — Зарплату атрымліваем своечасова, затрымак не было ніколі, праўда, асаблівага росту не назіраем ужо гады чатыры. Але ж не здраджваем. Улетку, калі было трывожна, не завагаліся. Моладзь ёсць розная, калі талковая — не кідаецца ў бакі, не сачкуе, расце прафесійна, а тады і больш зарабляе.

Менавіта маладыя мужчыны і жанчыны захоплена расказвалі, што ўмеюць іх швейныя аўтаматы для зборкі нарыхтовак, дэманстравалі работу абсталявання лазернай перфарацыі і гравіроўкі скуры, тлумачылі, як працуе комплекс уласнай распрацоўкі па вытворчасці падэшваў, як замацоўваюцца да верху абутку наліўныя падэшвы... Кожны назубок ведае сваю аперацыю, рабочы канвеер не спыняецца.

— Мы падлічылі: перш чым абутковая пара трапляе да пакупніка, яна праходзіць праз рукі амаль 250 нашых супрацоўнікаў, — паведаміў Мікалай Міронаў. — А яшчэ падлічылі, што, калі б кожны дзясяты беларус насіў наш абутак, у нас адпала б патрэба яго імпартаваць.

Пакуль жа пытанні пра збыт усё ж існуюць. Станоўча, што «Белвест» захаваў фірменны гандаль унутры Беларусі, а на дадзены момант усё актыўней пранікае ў гандлёвыя сеткі, якія абслугоўваць раёны. Брэнд прадстаўлены таксама на маркетплэйсах, прадпрыемства ўдзельнічае ў таргах па дзяржзакупках спецыялізаванага абутку для авіяперавозчыкаў, чыгуначнікаў, сілавых структур. Са станоўчым вынікам дэлегацыя прадпрыемства толькі што вярнулася з сустрэчы па пастаўках спецабутку ў Рэспубліку Саюз М’янма.

План санацыі прадугледжвае шэраг канкрэтных крокаў, паслядоўнае і няўхільнае выкананне якіх на працягу 36 месяцаў здольна прывесці да выхаду на далейшую ўстойлівую работу. Грунтоўныя падставы для такога развіцця падзей ёсць: прадпрыемства добра аснашчана, спецыялісты і рабочыя валодаюць тэхналогіямі і кампетэнцыямі, што дазволіць вырабляць прадукцыю з аптымальнымі суадносінамі цаны і якасці. Маюць намер працягваць супрацоўніцтва даўнія партнёры.

— Крыўдна было, калі пра «Белвест» папаўзлі чуткі як пра банкрута, — на хвіліну адрываючыся ад работы на сучасным комплексе, дзеліцца эмоцыямі раскройшчык Ганна Яфрэмава. — Хваляваліся не за сябе (мы б работу знайшлі: усё ж Віцебск можна назваць абутковай сталіцай Беларусі — побач і «Марка», і «Чырвоны Кастрычнік»), а за сваё брэндавае прадпрыемства. Нельга пакласці яго на лапаткі! На шчасце, яго захоўваюць.

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю