Top.Mail.Ru

Прыкмета нафтагорада — блакітныя электробусы

Наваполацк стаў адным з трох гарадоў Беларусі, дзе рэалізаваны пілотны праект па выкарыстанні электрычнага грамадскага транспарту


Калі яшчэ на пачатку гэтага года спажыўцы транспартных паслуг справядліва наракалі на работу муніцыпальнага транспарту, то цяпер колькасць зваротаў грамадзян істотна зменшылася. У Наваполацку — буйным прамысловым цэнтры з насельніцтвам каля 97 тысяч чалавек — назапасіліся праблемы з рухомым саставам дзяржаўнага аўтапрадпрыемства — яго знос набліжаўся да 90 %, і многія аўтобусы эксплуатаваліся па 10-15 і больш гадоў. У кастрычніку мінулага года Савет Міністраў выдаў пастанову аб рэалізацыі ў Наваполацку Комплекснай праграмы аб развіцці электратранспарту. Згодна з ёй, перад Міністэрствам прамысловасці была пастаўлена задача аб вытворчасці 26 электробусаў, а перад Міністэрствам энергетыкі — аб будаўніцтве неабходнай зараднай інфраструктуры для патрэб Наваполацка.

— У ходзе рэалізацыі першага этапу праекта напрыканцы мінулага года на тэрыторыі аўтавакзала і дыспетчарскай станцыі «Падкасцельцы» былі пабудаваны дзве зарадныя станцыі для адначасовай зарадкі двух электробусаў на кожнай, — расказаў дырэктар філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 6 г. Наваполацка» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Іван Рашчынскі. — Адначасова горад атрымаў пяць першых электробусаў мадэлі Vіtovt ІІ вытворчасці «Белкамунмаша».

Па заказе новапалачан вытворцы паставілі ў горад нафтавікоў электробусы асабліва вялікай умяшчальнасці, так званыя «гармонікі», каб спраўляцца з вялікім пасажырапатокам у гадзіны пік, калі работнікі накіроўваюцца на работу ў прамысловую зону і адтуль дадому. Тэхнічным заданнем была прадугледжана хуткая зарадка, каб за 4-6 начных гадзін акумулятары зараджаліся поўнасцю і электробусы цэлы дзень маглі працаваць на лініі, здзяйсняючы не меней за 200 км прабегу.

У першым квартале бягучага года справіліся з рэалізацыяй другога этапу праекта. Увялі ў экплуатацыю яшчэ 10 электразарадных станцый на асноўнай пляцоўцы вытворчай базы аўтатранспартнага прадпрыемства. Адначасова яно ўзбагацілася на 21 электробус.

Цяпер 26 новенькіх блакітных электрамашын, а гэта больш за чвэрць усяго рухомага саставу, бегаюць паміж Наваполацкам і Полацкам, па маршрутах да найбуйнейшых прадпрыемстваў горада — ААТ «Нафтан» і завода «Палімір». Гэта істотна палепшыла якасць жыцця гараджан.

Важна, што ўвасабленне пілотнага праекта станоўча ўплывае на экалогію горада, зніжэнне забруджвання паветра і аздараўленне гарадскога асяроддзя. Павелічэнне долі электрычных пасажырскіх перавозак адлюструецца на выкарыстанні асабістага аўтатранспарту: паменшае машын на стаянках каля прахадных. А чаму б і не скарыстацца новым грамадскім транспартам?

Ён прадугледжвае высокі ўзровень камфорту для пасажыраў: наяўнасць сістэм кандыцыянавання і ацяплення, адсутнасць выхлапных газаў, таніраванае шкло. У салоне 38 сядзячых месцаў, павялічана колькасць месцаў для пажылых пасажыраў, уладкаваны дзве пляцоўкі для размяшчэння дзіцячых і інвалідных калясак. Усталявана відэаназіранне, кнопкі для сувязі з вадзіцелем і прыпынку па запатрабаванні, ёсць магчымасць безнаяўнага разліку за праезд.

З пункту гледжання кіравання электробусам ёсць пэўныя адрозненні ад аўтобусаў ранейшых гадоў выпуску. Рухавік у новых машынах размешчаны ў хвасце і штурхае задні мост прычэпа, па такім жа прынцыпе працуюць сучасныя аўтобусы на вуглевадародным паліве. Першых вадзіцеляў, якія перасаджваліся за руль электробусаў, накіроўвалі на стажыроўку ў мінскія транспартныя паркі. Яны ж пазней стажыравалі таварышаў на месцы. Кіроўцы адзначаюць, што электробусы больш дынамічныя, хутчэй развіваюць хаду, вылучаюцца манеўранасцю, плаўныя і бясшумныя.

Праўда, не паўсюдна маршрутная сетка і ўмовы эксплуатацыі дазваляюць выкарыстоўваць электробусы, якія вельмі патрабавальныя да якасці дарог. Ёсць прыгарадныя і дачныя маршруты, на якія выпускаць электробусы нерацыянальна па прычынах малога пасажырапатоку і вялікай працягласці маршрутаў. Для забеспячэння работы на іх новых машын патрабаваліся б дадатковыя, даволі цяжкія, акумулятары. Да таго ж з-за сваёй габарытнасці «блакітныя» маюць павышаныя патрабаванні да пляцовак развароту. Дарэчы, над іх прывядзеннем у адпаведнасць стандартам папрацавала само аўтатранспартнае прадпрыемcтва і тыя ж «Нафтан» і «Палімір».

— Зрабіўшы значны прарыў у развіцці электратранспарту, мы не заспакойваемся, — працягвае Іван Рашчынскі. — Планава аднаўляем дызельны аўтапарк: сёлета атрымалі 13 аўтобусаў вытворчасці ААТ «Мінскі аўтамабільны завод». Чакаем яшчэ адзін. Гэты транспарт набыты ў лізінг за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Усё дзеля таго, каб нашым людзям жылося лепей.

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара

Чытайце таксама: У Беларусі папаўняюць парк грамадскага транспарту і ўкараняюць лічбавыя тэхналогіі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю