Top.Mail.Ru

Прэм’ер-міністр наведаў перспектыўныя прадпрыемствы на поўначы краіны

Падчас рабочай паездкі ў Мёры Аляксандр Турчын наведаў ТАА «Металапракатная кампанія».


Гэта прадпрыемства, вядомае як Мёрскі металапракатны завод, з’яўляецца адзіным у Беларусі вытворцам белай бляхі. У 2020 годзе, неўзабаве пасля адкрыцця, кампанія недзяржаўнай формы ўласнасці аказалася на мяжы банкруцтва. У 2022-м у сітуацыю прыйшлося ўмяшацца самому Прэзідэнту. Ён наведаў прадпрыемства па вытворчасці інавацыйнай для краіны прадукцыі, на якое ўскладаліся вялікія надзеі, асабіста азнаёміўся з сітуацыяй. Каб захаваць вытворчасць і калектыў — а гэта больш за 700 чалавек, 70 % з якіх — мясцовыя жыхары, было прынята рашэнне аб пераводзе завода ў дзяржаўную ўласнасць.

Якія перамены адбыліся з таго часу, як працуе ўратаванае дзяржавай прадпрыемства, на свае вочы паглядзеў Аляксандр Турчын.

Як расказаў журналістам намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці ТАА «Металапракатная кампанія» Аркадзь Ралавец, праектная магутнасць прадпрыемства, распрацаваная на перыяд, калі спажыўцы выкарыстоўвалі таўсцейшую белую бляху, складала 150 тысяч тон прадукцыі на год. Сёння попыт на больш тонкія профілі белай бляхі. Таму цяпер праектная магутнасць з улікам фактычнага запатрабаванага партфеля заказаў абмежавана 119 тысячамі тон прадукцыі на год.

Тонкая белая бляха выкарыстоўваецца паўсюль у якасці надзейнай упакоўкі: у кансервавай харчовай прамысловасці, вытворчасці касметычных сродкаў, бытавой хіміі (з яе робяць газавыя балоны). 

З часу заснавання прадпрыемства ў Мёрах экспартаарыентаванае. 80 % прадукцыі пастаўляецца ў Расію, амаль усё астатняе застаецца на ўнутраным рынку Беларусі.

Завод імкнецца выйсці на рынкі краін дальняй дугі, але тут складанасці не толькі з пункту гледжання лагістыкі, але і звязаныя з санкцыямі, накладзенымі на банкаўскую сферу — гэта негатыўна ўплывае на магчымасць разлікаў.

З моманту візіту на прадпрыемства 

Аляксандра Лукашэнкі, калі яно было на мяжы банкруцтва, сітуацыя значна палепшылася. Дзякуючы фінансавай дзяржаўнай падтрымцы ўдалося захаваць вытворчасць і калектыў, стаць на шлях далейшага развіцця і канкурыраваць з іншымі вытворцамі аналагічнай прадукцыі.

Падрыхтаваны шэраг інавацыйных праектаў. Напрыклад, па замяшчэнні белай бляхай алюмінію. «На пачатку гэтага года рабочая група вывучыла фізіка-механічныя ўласцівасці алюмінію, патрабаванні кліентаў да дадзенага матэрыялу і шляхам падбору хімічнага саставу сталі, яе канкрэтных фізіка-механічных уласцівасцей удалося замясціць адно на другое і задаволіць кліента. Акрамя нас, гэтага не рабіў ніхто, — расказаў Аркадзь Ралавец. — Гэты кірунак вельмі перспектыўны, паколькі цяпер растуць цэны на каляровыя металы, што робіць наш матэрыял больш каштоўным для патэнцыяльных кліентаў. Гэта не толькі інавацыйны, але і імпартазамяшчальны праект. Тэрмін яго рэалізацыі — першае паўгоддзе 2026-га. Ужо выраблена доследная партыя, пастаўлена спажыўцу, распачата працэдура прамысловага апрабавання прадукцыі».

На заводзе выкарыстоўваецца абсталяванне, аналагаў якога — адзінкі на постсавецкай прасторы. Напрыклад, гэта станок лазернага тэкстуравання. Дадзеная тэхналогія заключаецца ў нанясенні пры дапамозе лазера на паверхню рабочага валка ўзору, які ў далейшым пры вытворчасці будзе аддрукоўвацца на паверхню бляхі і павялічваць счапленне лаку з лістом. Такім чынам завод закрые ўвесь шэраг вытворчасці белай бляхі — ад глянцавай да матавай. Дзякуючы гэтаму прадпрыемства зможа канкурыраваць з вядучымі сусветнымі вытворцамі белай бляхі і выпускаць метал па міжнародных стандартах.

Акрамя таго, на мадэрнізаваных высокатэхналагічных лініях завода ажыццяўляецца поўны аўтаматычны кантроль якасці паверхні прадукцыі і таўшчыні ліста да некалькіх мікрон.

Кіраўнік кампаніі-заснавальніка, дырэктар ААТ «Белколермет» Сяргей Гунько па выніку наведвання прадпрыемства Прэм’ер-міністрам адзначыў, што з Аляксандрам Турчыным абмяркоўваўся перспектыўны праект, які плануюць рэалізаваць у Мёрскім раёне. «Кіраўніка ўрада праінфармавалі аб стратэгіі рэалізацыі фінансавых патокаў на бліжэйшую перспектыву, а таксама мы абазначылі адзін з будучых праектаў — будаўніцтва на тэрыторыі дзеючага завода вытворчага прадпрыемства па лакіроўцы і літаграфіі белай бляхі. Гэта дазволіць беларускім малочным і мясным камбінатам знізіць сабекошт канчатковай прадукцыі».

Другім пунктам у рабочай камандзіроўцы Прэм’ер-міністра стаў Нарачанскі вытворчы ўчастак ААТ «Мінскі малочны завод № 1» у Мядзельскім раёне.

Гэта адзіная ў краіне прамысловая вытворчасць сыру з блакітнай цвіллю (выпускаецца тры віды). Прадпрыемства прапануе самую нізкую цану на прадукцыю на рынку, выкарыстоўваючы пры гэтым заквасачныя і плесневыя культуры вядучых сусветных вытворцаў.

Вытворчасць была арганізавана ў рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект», паведамілі ў прэс-службе ўрада. Было пастаўлена дадатковае абсталяванне, што павялічыла магутнасці вытворчасці на 30 тон і дазволіла стварыць дадаткова 20 новых працоўных месцаў. Таксама на ўчастку ўстаноўлена абсталяванне для фасоўкі сыроў у спажывецкую тару. Абноўлены ўсе камеры паспявання сыроў. Устаноўлены сучасныя кліматычныя сістэмы, якія дазваляюць развівацца цвілевым культурам у адпаведнасці з тэхналагічным працэсам.


Кошт праекта склаў 20 млн рублёў, пры гэтым ён абышоўся ў 15 млн рублёў. Праектная акупнасць складае 7,5 года, аднак фактычна назіраецца апярэджанне графіка.

80 % прадукцыі прадпрыемства пастаўляецца на экспарт. Асаблівая ўвага надаецца развіццю прамысловага турызму: штомесяц вытворчасць наведваюць больш за 600 турыстаў.

Падчас рабочай паездкі ў фокусе ўвагі кіраўніка ўрада было і развіццё турыстычнага патэнцыялу Нарачанскага края на прыкладзе прыазёрных здраўніц.

У санаторыі «Прыазёрны» абмяркоўваліся ключавыя кірункі: як сумясціць аздараўленчы адпачынак з актыўным турызмам і зрабіць рэгіён яшчэ больш прывабным для гасцей. У санаторыі «Сосны» ў фокусе ўвагі Прэм’ера быў не толькі бягучы стан здраўніцы, але і яе далейшае развіццё. Абмеркавалі кропкі росту і канкрэтныя планы развіцця тэрыторыі на 2026–2029 гады. Сёлета санаторый «Сосны» адзначыць 50-годдзе. Да яго распрацавана канцэпцыя развіцця здраўніцы з улікам патрэб гасцей, тэндэнцый у індустрыі турызму. Планам развіцця санаторыя на 2025–2026 гады прадугледжана будаўніцтва СПА-комплексу і 4 індывідуальных домікаў на беразе. Праектныя работы знаходзяцца на завяршальным этапе.

Святлана Якаўлева
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю