Top.Mail.Ru

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці на 2026–2030 гады зацверджана на пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў

Праект праграмы быў распрацаваны з улікам тых заўваг, якія прагучалі на нарадах, праведзеных Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам па пытаннях становішча спраў у Віцебскім рэгіёне. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на выратаванне вобласці праз павышэнне выканаўчай дысцыпліны, забеспячэнне годных умоў працы, мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі і ўхіленне падзяжу грамадскай сельскагаспадарчай жывёлы.



— Распрацоўваючы праграму, мы адштурхоўваліся ад тых вынікаў, якія былі дасягнуты ў папярэдняй пяцігодцы, — звярнуў увагу старшыня аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў. — У нас вельмі добры задзел па інвестыцыях. За мінулыя пяць гадоў мы рэалізавалі каля 190 інвестпраектаў. Аб’ём інвестыцый, прыцягнутых у вытворчасць, прамысловасць, складае каля 10 млрд рублёў. Удалося прырасці ў аб’ёмах экспартных адгрузак. Развітыя добрыя партнёрскія сувязі з Расіяй, практычна ўсе суб’екты РФ сёння ўцягнуты ва ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі Віцебшчыны. Добры прырост даюць дзелавыя кантакты з Кітаем. 

Дэпутацкаму корпусу праект праграмы прадставіла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.  

У аснове развіцця ўсяго рэгіёна ляжыць развіццё эканомікі і такога аднаго з шасці ключавых прыярытэтаў, як канкурэнтаздольнасць, тэхналогіі і лічбавізацыя. Сфарміраваны пул са 131 праекта з аб’ёмам інвестыцый больш за 6,2 млрд рублёў у прамысловасці. 

Канкрэтных мерапрыемстваў нямала. Цяжка вылучыць сярод іх самыя яркія, таму што пэўныя будуць рэалізаваны на традыцыйных прамысловых агламерацыях у Віцебску, Наваполацку, Оршы, Полацку. Па сумах укладанняў і будучым эканамічным эфекце іх можна назваць важкімі. Але не меншае значэнне маюць драбнейшыя праекты, якія плануецца рэалізаваць у рэгіёнах з насельніцтвам менш за 20 тысяч чалавек — для іх надзвычай важна стварэнне рабочых месцаў на высокатэхналагічных прадпрыемствах, дзе людзі будуць атрымліваць добрую зарплату. 

— Прытрымліваючыся стратэгічнага курсу развіцця «Моцныя рэгіёны — моцная краіна», трэба думаць, як размеркаваць вытворчыя магутнасці не толькі ў буйных прамысловых, але і ў аграпрамысловых рэгіёнах, каб і там былі высокавытворчыя рабочыя месцы. Пакуль гэтага не хапае, — адзначыў Дзмітрый Дзямідаў. 

Развіццё «пунктаў росту» кожнага раёна, уключаючы малыя населеныя пункты, павінна адбывацца за кошт рэалізацыі інвестпраектаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы і турызме. Ключавое значэнне для развіцця Віцебскай вобласці мае развіццё аграпрамысловага комплексу, які сутыкаецца з шэрагам праблем. Сярод іх недахоп працоўных рэсурсаў і кваліфікаваных кадраў, адставанне па тэхналогіях у сыравінных зонах, як вынік — недастатковая загружанасць перапрацоўчых магутнасцяў. Таму не абысціся без укаранення сучасных тэхналогій, будаўніцтва моцных малочна-таварных комплексаў, прыцягнення інвестыцый. Пастаўленыя задачы аграрыі гатовыя выканаць з разлікам на ўласныя сілы, дапамогу дзяржавы і інвестараў.
У развіцці АПК стаўка зроблена на забеспячэнне кармавой базай (для гэтага пасяўныя плошчы кармавых культур да 2030 года павялічацца ў 1,5 раза) і малочнай вытворчасці. Праграма прадугледжвае больш як 80 праектаў з аб’ёмам інвестыцый больш за 2,3 млрд рублёў. У тым ліку будаўніцтва 63 новых малочна-таварных комплексаў, свінагадоўчага комплексу ТАА «Вітконпрадукт», мадэрнізацыя памяшканняў пад адкорм свінапагалоўя, вытворчых магутнасцяў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», птушкафабрык па вытворчасці яек. Плануецца набыццё 2,4 тысячы адзінак тэхнікі. З кітайскімі інвестарамі вядуцца перагаворы наконт будаўніцтва цяпліц па вырошчванні кветак і агародніны. 

Насельніцтву, незалежна ад месца пражывання, павінны быць забяспечаны камфортныя ўмовы жыцця. Гэтаму паспрыяе рэалізацыя больш за 140 інфраструктурных праектаў з аб’ёмам фінансавання каля 6,7 млрд рублёў. 

— Кожны раён павінен развівацца разам з усёй вобласцю, — падкрэсліў старшыня аблсавета дэпутатаў. — Мы працуем для таго, каб людзі адчувалі сябе ўпэўнена і звязвалі жыццёвую траекторыю са сваёй малой радзімай, нашай вобласцю. Гэта не толькі мэта сацыяльнай палітыкі дзяржавы, але і пытанне, з якім звязана рэалізацыя нашага вытворчага патэнцыялу.
Прадугледжаны будаўніцтва і рэканструкцыя шэрагу аб’ектаў здароўя, фізкультуры і спорту. У прыватнасці, Анжаліка Нікіціна анансавала адкрыццё міжраённага цэнтра для аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў Глыбокім, набыццё 12 перасоўных медкомплексаў, а таксама будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў з басейнамі ў Бешанковічах, Браславе, Дуброўне, Сянно, Талачыне, Шаркаўшчыне. 

Будзе развівацца і інфраструктура ўстаноў адукацыі і сацыяльнай абароны. Вялікая ўвага надаецца жыллю, дарогам, транспартным зносінам. Так плануецца пабудаваць 600 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля, капітальна адрамантаваць і рэканструяваць 2,8 тысячы кіламетраў мясцовых аўтадарог, а 8 тысяч кіламетраў такіх дарог падлягаюць бягучаму рамонту. Чакаецца, штогод для маршрутаў «Абласны цэнтр — населены пункт у межах 100 кіламетраў» і паміж райцэнтрамі і аграгарадкамі будуць набываць не меней за 30 адзінак пасажырскага транспарту. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю