Адзін з найбольш яркіх — калядны баль у сядзібна-паркавым комплексе Жукоўскіх у аграгарадку Дашкаўка. На яго былі запрошаны 60 найбольш актыўных прадстаўнікоў «залатога ўзросту» з усіх сельсаветаў Магілёўскага раёна. Святочную атмасферу стваралі сектар культуры Магілёўскага райвыканкама і раённая дзіцячая школа мастацтваў імя Л. Іванова. Удзельнікі добра падрыхтаваліся да балю, прыехалі ў святочных уборах, з творчымі нумарамі, некаторыя нават з музычнымі інструментамі. У іх выкананні гучалі песні з савецкіх кінафільмаў. А да гарбаты, пра якую паклапаціліся арганізатары, яны прывезлі дамашнія пірагі. Прыгожы вечар закончыўся дыскатэкай 1990-х.
Вельмі кранальным было наведванне Княжацкай участковай бальніцы, дзе на медыка-сацыяльных ложках знаходзяцца 23 чалавекі. Кіраўніцтва сацыяльнай установы наведала іх разам з прадстаўнікамі раённай арганізацыі Чырвонага крыжа, ветэранскай арганізацыі і свяшчэннікам. Пацыенты атрымалі падарункі і цёплыя віншаванні. А выхаванцы Княжацкай сярэдняй школы і артысты клубнай сістэмы Магілёўскага раёна падарылі цікавую канцэртную праграму.
— Мы паклапаціліся, каб як мага больш ахапіць увагай пажылых людзей, — паведаміла загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Магілёўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Ермакова. — Усіх, каго мы апякуем дома, віншавалі нашы сацработнікі. А тых, хто знаходзіцца ў розных установах, мы наведвалі разам са школьнікамі, культработнікамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Людзі вельмі дзякавалі за ўвагу, некаторыя нават плакалі, бо акрамя нас іх не было каму павіншаваць. Дабрачынная акцыя «Ад усёй душы» вельмі важная і патрэбная. Яна дорыць людзям радасць і пачуццё датычнасці да адзінай вялікай сям’і.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Вольгі ЕРМАКОВАЙ