Top.Mail.Ru

Погляд моладзі на падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выставачны праект «Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін…»

Дух памяці і адраджэння

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выставачны праект «Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін...» па выніках пленэру маладых мастакоў, прысвечанага святкаванню 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Гэта ўжо чацвёрты пленэр, які арганізуе НЦСМ па даручэнні Міністэрства культуры. Яго мэта — падтрымка адоранай моладзі, прэзентацыя таленавітых мастакоў-пачаткоўцаў нашай краіны. За гэты час удзельнікі пленэру звярталіся да розных тэм: гісторыка-культурная спадчына Беларусі, творчасць класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, генацыд насельніцтва рэспублікі ў гады акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сёлета ў ім прынялі ўдзел студэнты і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябры Беларускага саюза мастакоў. Падчас пленэру ўздельнікі наведалі гістарычныя музеі і месцы бітваў, звярнулі ўвагу на дакументальныя сведчанні гераічнага супраціўлення беларускага народа і яго вызвалення. У экспазіцыю ўключаны работы мастакоў з папярэдніх пленэраў, якія знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Радкі з верша Валянціна Таўлая, якія гучаць у назве экспазіцыі, — гэта сведчанне веры людзей у перамогу, надзеі на светлую будучыню. Маладыя людзі, якіх ад тых трагічных падзей аддзяляе значны перыяд, паспрабавалі «ўгледзецца ў гісторыю» і захаваць не толькі боль ад велізарных страт, але і пачуццё кахання, адвагу, паказаць асобы герояў, якія аказалі значны ўплыў на ход вайны, а таксама першыя месяцы аднаўлення краіны, яе адраджэнне.

На выстаўцы прадстаўлены работы маладых мастакоў, выкананыя ў розных жанрах і стылістычных кірунках. Большую частку экспазіцыі складаюць партрэты, мемарыяльныя комплексы, створаныя ў памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, карціны адраджэння Мінска. Перамогу савецкага народа праз асобы герояў вайны паказалі Лізавета Янкова («Нязломны. Генералмаёр Леў Даватар», 2025; «Мікалай Гастэла. Вогнены таран», 2025), Вікторыя Старавойтава («Марыя Акцябрская», 2025; «Жывапісцава Вольга Мікалаеўна», 2025), Марына Трус («Мінай Шмыроў», 2025).

Адраджэнне Мінска, які быў амаль знішчаны падчас Вялікай Айчыннай, і аднаўленне спакойнага мірнага рытму жыцця адлюстравалі Уладзімір Латуцін («Мінская брама», 2025), Аляксандра Прыма («На руінах вайны», 2025), Ганна Раманенка («Поле ратнай славы», 2025), Антон Вырва («Першы трактар», 2025) і інш. Нягледзячы на багацце тэм і лірычных вобразаў, творы мастакоў аб’яднаны адзіным эмацыянальным імпульсам — надзеяй на лепшае заўтра для сябе і сваіх нашчадкаў. Мінск на палотнах майстроў паўстае ў ролі фенікса і сімвалізуе ўсю краіну, якая адрадзілася з попелу.

Мемарыяльныя комплексы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, у жывапіснай інтэрпрэтацыі паказалі Ганна Раманенка, Ганна Садоўская, Аляксандра Чудакова. Марта Шчэрбіч, Марына Кручкова і Ганна Лаўрова звярнуліся да больш лірычных і, адначасова, трагічных сюжэтаў: жыццё дзяцей на вайне, гераічная матчына любоў і ахвярнасць дзеля будучыні. Экспрэсіянізм, у якім працуюць творцы, дазваляе больш глыбока паказаць пачуцці сведкаў жудасных ваенных падзей, выклікаць эмоцыі ў гледача і вывесці яго за межы звыклага ўспрымання гэтай тэмы, прымусіць адчуць боль, страх, надзею і духоўную напружанасць таго часу. Праз рэзкія контуры, насычаныя фарбы і дынамічныя кампазіцыі мастакі перадаюць не дакладную хроніку падзей, а эмацыянальную праўду, якая гучыць мацней за словы.

Праект працуе да 2 лістапада.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю