Урачыстае адкрыццё рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі — 2026» адбудзецца ў Паставах 27 лютага. Гэта акцыя праводзіцца ў нашай краіне з 2010 года. У кожным з гарадоў, якія атрымліваюць ганаровы статус, рэалізуюцца інавацыйныя праекты па прэзентацыі іх самабытнасці, развіцці і папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчай ініцыятывы жыхароў, павышэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў.
Пастаўскі раён ганарыцца разнастайнасцю культурнай прасторы. Тут знаходзяцца 45 помнікаў гісторыі і культуры, якія маюць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці. Нацыянальнае значэнне маюць такія з іх, як архітэктурны ансамбль былой Рыначнай плошчы, гасцініца (сёння краязнаўчы музей), палац Антонія Тызенгаўза, вадзяны млын (сёння дом рамёстваў «Стары млын»), касцёлы ў Дуніловічах, Лучаі, Лынтупах. Жамчужынай Пастаўшчыны з’яўляецца касцёл Святога Іаана Хрысціцеля ў Камаях, які прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
На тэрыторыі раёна дзейнічаюць ЦКіНТ, у склад якога уваходзяць дом рамёстваў, кінавідэазала, 14 гарпасялковых і сельскіх клубных устаноў. Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма аб’ядноўвае 18 бібліятэк. Дзіцячая школа мастацтваў мае філіялы ў Варапаеве і Лынтупах. Асноўнай пляцоўкай мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі стане раённы Дом культуры.
Ва ўстановах культуры дзейнічаюць больш за 150 клубных фарміраванняў. Фальклорны ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза з’яўляецца заслужаным аматарскім калектывам, яшчэ 17 творчых суполак носяць званне народных і ўзорных.
Культурнай візітоўкай Пастаўскага краю стаў Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Сёлета ён пройдзе 35-ы раз.
У дзень рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі — 2026» гледачам прэзентуюць святочны канцэрт «Віцебскае Паазер’е — вытокі творчасці» з удзелам лепшых калектываў Пастаўшчыны і Віцебшчыны, а таксама лаўрэатаў конкурсаў Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», пераможцаў іншых рэспубліканскіх конкурсаў, Маладзёжнага тэатра эстрады.
Планы ў рамках акцыі насычаныя, кожны, хто сёлета прыедзе на пастаўскую зямлю, каб пазнаёміцца з ёй бліжэй, будзе прыемна ўражаны. Напрыклад, самай яркай падзеяй сакавіка абяцае стаць фінал нацыянальнага адбору прадстаўнікоў Беларусі для ўдзелу ў міжнародных конкурсах, якія праходзяць у рамках «Славянскага базара ў Віцебску».
Святлана ЯКАЎЛЕВА