Яно адбылося на базе магілёўскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва». На яго былі запрошаны 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з’яўляюцца пацыентамі Магілёўскага дзіцячага хоспіса. Ініцыятарамі выступілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасенка і Галіна Бяляева.
— Для дзяцей была вялізная радасць атрымаць падарункі, якія нам дапамаглі сабраць спонсары, — кажа Галіна Бяляева. — Многія з дзетак такія хворыя, што не маглі прысутнічаць самастойна. Замест іх прыязджалі або старэйшыя браты, або дарослыя. А тыя, хто мог прыехаць, прыбраліся ў карнавальныя касцюмы — хто феі, хто Пітэра Пэна, іншых казачных герояў. Свята атрымалася вельмі цёплым і кранальным.
Вельмі актыўна падтрымала акцыю магілёўскае прадпрыемства МаАЗ імя Кірава.
— Дабрачынныя акцыі вельмі важныя для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, альбо якія сур’ёзна хварэюць, — кажа дырэктар Магілёўскага аўтазавода імя Кірава Аляксандр Моніч. — Наша прадпрыемства ўвесь час удзельнічае ў такіх добрых справах. Лічу, што гэта абавязак кожнага дарослага падарыць дзіцяці свята. Пажаданняў ад дзяцей было шмат, яны прасілі канкрэтныя рэчы і мы іх набывалі. І гэта не адзіная акцыя, у якой мы паўдзельнічалі. Віншавалі прыёмную шматдзетную сям’ю. Прыемна было чуць, як маці расказвала пра поспехі дзяцей, пра іх імкненне прыносіць карысць дзяржаве.
З падарункамі на свята завіталі таксама кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Магілёва Пётр Салаўёў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро, дырэктар сярэдняй школы № 39 Магілёва Аляксандр Салавей, прадстаўнікі працоўных калектываў і ўстаноў адукацыі Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ