Top.Mail.Ru

Паглыбленне ў свет скульптуры і архітэктуры ў сучасным гарадскім асяроддзі

Паглыбіцца ў свет скульптуры і архітэктуры ў сучасным гарадскім асяроддзі можна з дапамогай выставачнага праекта «Трыяда. Скульптура — архітэктура — горад» Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, дзе прадстаўлены інавацыі ў інтэграцыі архітэктурнай і скульптурнай пластыкі, а таксама асэнсаваны сусветны вопыт, які датычыцца іх узаемадзеяння ва ўрбаністычным кантэксце.


У экспазіцыі надаецца шмат увагі мастацкаму сінтэзу апошніх дзесяцігоддзяў ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў, дэманструюцца актуальныя аўтарскія канцэпцыі. На першым плане — гібрыдныя формы, што служаць візуальнымі акцэнтамі і функцыянальнымі элементамі сучаснага горада. Выстаўка дэманструе формы сінтэзу архітэктуры і скульптуры, якія раскрываюць эстэтычны патэнцыял гарадскога асяроддзя, ствараючы гарманічнае ўзаемадзеянне паміж рознымі відамі мастацтва.

Праект стане пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў інтэграцыі сучаснага мастацтва ў архітэктуру, дасць магчымасць даследаваць разнастайнасць формаў і рашэнняў, якія ўзбагачаюць гарадскі ландшафт.

Канцэпцыя праекта распрацавана на аснове навуковага даследавання Ганны Садоўскай — куратара праекта, мастака, магістра мастацтвазнаўства, аспіранта Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, члена Беларускага саюза мастакоў.

У адной зале размясціліся скульптурныя работы беларускіх майстроў і фотаздымкі архітэктурных шэдэўраў з усяго свету. Праект прапаноўвае прааналізаваць іх размяшчэнне ва ўрбаністычным кантэксце і ўзаемадзеянне з навакольным асяроддзем.

Прыцягвае ўвагу вядомая работа «Контрбёрд» Максіма Пятруля, пераможцы XIV Нацыянальнага конкурсу архітэктуры ў намінацыі «Манументальная скульптура ў гарадскім асяроддзі». Твор належыць да канцэптуальнага мастацтва, дзе на першае месца выходзіць творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету. Скульптура «Контрбёрд» з пяці першаэлементаў па сэнсе больш набліжана да элемента «зямля». Зямля — міжсезонне, свята раўнаважнага Цэнтра. Работа складаецца з трох аб’ёмаў, звязаных у цэнтры. Той, што пасярэдзіне, імкнецца ўверх, а два іншыя завяршаюцца ўнізе. Твор адносіцца да серыі «Контранімалз» (2017). Здалёк скульптура нагадвае птушку, гэткую калібры, крылы якой звязаны тонкім ланцугом. На выстаўцы можна ўбачыць твор у прасторы мастацкай галерэі і сярод гарадскіх пейзажаў.

Другая скульптура ў экспазіцыі — «Хлопчык» (2005) Уладзіміра Жбанава, якая з’яўляецца копіяй статуі «Маленькі генерал». Яе мастак падарыў Сувораўскаму вучылішчу на 55-годдзе. Уладзімір Жбанаў стварыў вобраз хлопчыка па дзіцячых успамінах, калі сам часта прымяраў афіцэрскую форму бацькі. 

На фотаздымках можна ўбачыць яшчэ адну работу майстра, якая ўжо даўно палюбілася жыхарам і гасцям сталіцы. Скульптура «Незнаёмка» атрымала медаль і прэмію ў намінацыі «Найлепшае авангарднае рашэнне» (выстаўка «Высокія тэхналогіі», Санкт-Пецярбург, 2001 г.). Ёсць прыкмета: калі адзінокі малады чалавек пасядзіць побач з ёй на лаўцы і хвілінку патрымае за руку, ён хутка знойдзе сваё каханне.

Увогуле, творчасць Уладзіміра Жбанава — добры прыклад, як сучаснае мастацтва ўзбагачае гарадскі ландшафт і становіцца гарманічнай часткай навакольнага асяроддзя.

З архітэктурных шэдэўраў сучаснасці ў экспазіцыі прадстаўлены фотаздымак Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы.

Увагу прыцягвае складаны фасад будынка з вітражнымі сістэмамі і перапляценнем перфараваных стужак. Ствараючы праект, архітэктары выкарысталі вобраз выгнутых гімнастычных стужак.

Ёсць у экспазіцыі і фотаздымкі скульптурных і архітэктурных кампазіцый майстроў з розных краін свету. Гэта і знакамітая «Русалачка» (аўтар Эдвард Эрыксэн) у Капенгагене, і Парк скультур Вігеланда (Густаў Вігеланд) у Осла, і незвычайная істота «Квазі» (Ва Хаўт) у Новай Зеландыі, і рамантычны «Пацалунак у гавані» ці «Безагаворачная капітуляцыя» (Сьюард Джонсан) у Сан-Дыега і інш. Усе работы сталі важнай часткай гарадоў, без якой ні жыхары, ні турысты не ўяўляюць сапраўдную атмасферу любімых месцаў адпачынку.

Праект «Трыяда. Скульптура — архітэктура — горад» працуе да 2 лютага 2025 года.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю