Для кагосьці вясна асацыіруецца з кветкамі, ласкавымі сонечнымі промнямі, праталінамі і першымі спевамі птушак, а для аматараў сучаснага беларускага мастацтва гэтая пара звязана з выставачным праектам «Джаз! Каты! Вясна!», які традыцыйна праходзіць у НЦСМ. Сёлета арганізатары і ўдзельнікі пастараліся перадаць пазітыўны, узнёслы вясновы настрой праз мелодыю імправізацыі і непаўторную грацыю пухнатых хатніх гадаванцаў.
Традыцыйны выставачны праект у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў аб’ядноўвае прафесійных аўтараў і творцаў-пачаткоўцаў, студэнтаў і дзяцей, усіх, хто захапляецца грацыяй і загадкавасцю катоў. Іх свабода і незалежнасць зачароўваюць людзей на працягу тысячагоддзяў (успомніць толькі егіпцян, якія лічылі катоў свяшчэннымі жывёламі). Вясновая выстаўка ў лютым — як смелы выклік прыродзе, як першы свабодны ўдых пасля марозу, што прыадкрывае зімовую заслону і дорыць натхненне на новыя здзяйсненні. Праект не нясе складаных патаемных сэнсаў, глыбокую філасофію ці трывожны экзістэнцыяльны падтэкст — тут толькі шчырае захапленне прыродай, атмасфера цеплыні і спакою, гармоніі і сямейнай утульнасці.
Адбор работ для выстаўкі традыцыйна праходзіў у фармаце адкрытага open-call. Сёлета было пададзена каля 300 заявак, а ў экспазіцыі дэманструецца больш за 200 работ, выкананых у розных жанрах і тэхніках: жывапіс, графіка, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, інсталяцыя, мазаіка, арт-аб’екты, вітраж і інш.
Большую частку экспазіцыі складаюць жывапісныя работы. Аднак нягледзячы на перавагу аднаго жанру, аўтары раскрываюць зададзеную тэму з розных бакоў. Як вядома, вобраз сакавіцкага ката ўжо даўно ідзе ўпоравень з самымі традыцыйнымі вясновымі атрыбутамі — капеллю, першацветамі, праталінамі і вяртаннем птушак з выраю. А лёгкі джаз, які характарызуецца імправізацыйнымі падыходамі і смелымі эксперыментамі, з’яўляецца прыгожым дапаўненнем агульнага абуджэння пачуццяў у вясновы перыяд. Творцы паспрабавалі аб’яднаць гэтыя сімвалы ў адзіны лірычны матыў, дзе галоўная партыя належыць грацыёзным прадстаўнікам сям’і каціных.
Мастакі асацыіруюць катоў з літаратурнымі персанажамі, кінагероямі, вядомымі гістарычнымі дзеячамі, надзяляюць іх чалавечымі рысамі, эмоцыямі і пачуццямі. На яркіх палотнах размясціліся такія персанажы, як Гары Котар, Шахеразада, Масяня і інш. Кожны мастак пастараўся перадаць характэрныя рысы гістарычных асоб і літаратурных персанажаў праз непаўторную харызму і прыцягальнасць кацінага племені.
На выстаўцы можна ўбачыць жывапісныя работы розных жанраў: тут і пейзажныя замалёўкі, і нацюрморты, і сюжэты з вядомых твораў. Выбраныя стылістычныя кірункі цалкам адпавядаюць яркаму настрою выстаўкі. Мастакі працуюць у імпрэсіянізме, сюррэалізме, фавізме, футурызме, попарце, абстракцыянізме, кубізме і рэалізме. Нельга вылучыць работы аднаго аўтара, аднак аматарам сучаснага мастацтва і незвычайных падыходаў рэкамендуем звярнуць увагу на творчасць Вольгі Някрасавай, Аляксандры Маркавай, Ларысы Клімавай, Андрэя Ката, Дзмітрыя Конанава, Ганны Карновай і іншых.
За вясновы настрой у экспазіцыі адказваюць пейзажныя замалёўкі і кветкавыя нацюрморты. Для больш тонкай, амаль празрыстай перадачы адценняў творцы выкарыстоўваюць акварэль, якая надае карціне бязважкасці, лёгкасці, ствараючы плаўныя мяккія градыенты, ідэальныя для паказу неба, вады, туману. Для нацюрморта мастакі часцей выбіраюць звычайныя алейныя фарбы: дзякуючы іх насычанасці і фактурнасці творцы могуць смела эксперыментаваць з адценнямі і рэльефам. На выстаўцы «Джаз! Каты! Вясна!» прадстаўлены пейзажы і нацюрморты Таццяны Гарбачэўскай, Вольгі Смаляковай, Кацярыны Забелінай, Алены Сацукевіч, Іны Ганчаровай, Марыны Вальховай, Кацярыны Рабцавай, Вікторыі Зарэцкай і іншых.
Акрамя жывапісных палотнаў у экспазіцыі дэманструюцца графічныя работы сучасных беларускіх мастакоў, але яны, у адрозненне ад жывапісу найэкспрэсіі, патрабуюць больш часу для аналізу. Прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сёлета мала прадстаўлены на выстаўцы, але таксама заслугоўваюць увагі. Лізавета Бельская дэманструе мастацтва валення — яе работа «Міфічны мяў» звяртаецца да цёмных часоў старажытнасці, дзе незалежнасць, шчырасць і свабодалюбства катоў захапляла людзей настолькі, што перарасло ў пакланенне. Лізавета ўвасобіла не проста вобраз хатняга любімца, а сапраўдны архетып вольнага духу, які жыве ў кожным з нас, нагадваючы, што сапраўдная прыгажосць немагчыма без унутранай свабоды. Праз пластычныя лініі творца адлюстроўвае ката як таемнага вартаўніка дома, правадыра паміж светамі, чыя незалежная натура — адбітак першабытнай гармоніі чалавека з прыродай.
Надзея Рэўтовіч прадставіла на выстаўцы світар «Від з акна. Талька», выкананы ў тэхніцы інтарсія. Праз яркія колеры і фактурнасць аўтар адлюстроўвае складаную гаму пачуццяў, дзе перапляліся настальгія і цеплыня дома, гармонія і смутак пра мінулае. Сама тэхніка інтарсіі з яе дакладным падзелам колераў становіцца метафарай памяці, дзе мінулае раскладаецца на асобныя часткі — яркія моманты, якія разам ствараюць цэласны і такі блізкі сэрцу вобраз.
Выстаўка працуе да 5 красавіка. У межах праекта арганізатарамі запланаваны шэраг мерапрыемстваў для дзіцячай і дарослай аўдыторыі: лекцыі, экскурсіі, майстар-класы.
Лізавета Крупянькова