Top.Mail.Ru

Новы будынак ЗАГСа адкрыты ў горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці

Першай урачыстасцю, якая ў ім адбылася, стала цырымонія ўшанавання сямейнай пары Святланы і Андрэя Сушковых у сувязі з Каралавым вяселлем, 35-годдзем сумеснага жыцця. 



Гэта сімвалічная падзея падкрэсліла галоўнае пажаданне, якое лейтматывам праходзіла праз усё свята з нагоды адкрыцця доўгачаканага ЗАГСа ў Чашніках, — пажаданне рэгістрацыі большай колькасці шчаслівых і доўгіх сямейных саюзаў.

На працягу некалькіх апошніх гадоў ЗАГС размяшчаўся ў будынку тутэйшай гасцініцы. Сціплыя ўмовы не адпавядалі значнасці такой падзеі, як шлюб. Маладыя аддавалі перавагу таму, каб праводзіць урачысты абрад у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. 


Разам з тым у Чашніках пуставаў прыдатны будынак, у якім раней размяшчалася раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Было прынята рашэнне аб яго капітальным рамонце і рэканструкцыі. Аб’ём работ меўся быць вялікі — ад перапланіроўкі, замены інжынерных сетак, аконных блокаў і міжпакаёвых дзвярэй, уваходных груп галоўнага і службовага ўваходаў да рамонту фасада і ўнутранага чыставога аздаблення. Выкананне работ ПУП «Лукомльрамбуд» пачало летам, усё задуманае ўдалося ўвасобіць у жыццё практычна за тры месяцы. 


Галоўная перавага новага ЗАГСа — вялікая сучасная зала ўрачыстых абрадаў, напоўненая святлом і ўтульнасцю. З’явілася зала чакання для жаніха, нявесты і іх гасцей, зручныя кабінеты для супрацоўнікаў, а таксама архіўны пакой. 

— Зарэгістраваць шлюб у нашым ЗАГСе могуць усе жыхары Чашніцкага раёна незалежна ад фактычнага месца пражывання, — растлумачыла загадчык аддзела ЗАГС Чашніцкага райвыканкама Наталля Папялкова. — З пачатку года ў раёне зарэгістравана больш за 100 шлюбаў, амаль 90 фактаў нараджэння дзяцей, звыш 450 іншых актаў грамадзянскага стану. Хочацца, каб у нашай установе, якую па праве можна назваць домам нараджэння сям’і, фіксавалася больш шчаслівых падзей. Умовы для гэтага створаны дастойныя, нават уся мэбля і гукавая апаратура новыя. 

Да зручнасці наведвальнікаў добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, уключаючы аўтастаянку і ўнутраны дворык. Тут з’явілася скульптурная кампазіцыя ў выглядзе чашы з парай галубоў над ёй — сімвал Чашнік і чыстага кахання. Гэтае месца абяцае стаць упадабанай лакацыяй для тэматычных фотасесій.

Святлана Якаўлева
Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю