Top.Mail.Ru

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Жыхары Чэрыкава ўпісалі слаўныя старонкі ў гісторыю барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Адным з лідараў супраціўлення ў гады акупацыі быў Іван Піліпавіч Дзенісенка. Што мы пра яго ведаем?

Не проста журналіст

На будынку Чэрыкаўскага структурнага падраздзялення Мсціслаўскай райспажыўкааперацыі вісіць мемарыяльная дошка, якая расказвае, што 5 ліпеня 1943 года ў гэтым будынку ў камеры смертнікаў правёў свае апошнія гадзіны журналіст Іван Дзенісенка. Але нямногія ведаюць, што гэты надпіс мае недакладнасць…

Іван Дзенісенка нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Наркі Чэрыкаўскага раёна ў сям’і сялян-беднякоў. У 1930 годзе закончыў чэрыкаўскую сямігодку імя Камуністычнага інтэрнацыянала моладзі (КІМ). Сваю працоўную дзейнасць малады чалавек звязаў з журналістыкай. Пэўны час працаваў у раённай газеце «Сацыялістычная перамога». Яго літаратурны талент ацанілі і ў сталіцы: у 1938 годзе ў рэспубліканскай газеце «Рабочы» выйшла яго паэма «Сямён Лагода», прысвечаная мужнаму пагранічніку. «...Есть истории огромный камень, // Мы на нем напишем имена, // Золотом их тиснем, чтоб веками // Помнила и чтила их страна, — // Всех, кто умер за свою Отчизну, // За ее величье и расцвет, // Всех, кто отдал дорогие жизни, // Чтобы ярче лился счастья свет....». Гэтыя радкі сталі для аўтара прарочымі.

Вялікую Айчынную вайну Іван Дзенісенка сустрэў на Чэрыкаўшчыне, добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Аднак воінскае фарміраванне, дзе служыў, было разбіта, і ён вярнуўся дадому. На радзіме ўстанавіў сувязь з такім ж, як ён, патрыятычна настроенымі акружэнцамі, якія пасля разгрому іх часцей засталіся ў навакольных вёсках, а таксама з былым настаўнікам Наркаўскай школы Іванам Марозавым, які пачынаў арганізоўваць падполле.

Удзельнікі падпольнага руху вялі разведку, здзяйснялі дыверсіі, трымалі сувязь з партызанамі. Некаторыя для таго, каб здабываць каштоўную інфармацыю, ішлі працаваць да немцаў. Гітлераўцы пастаянна праводзілі аперацыі па выяўленні народных мсціўцаў, жорстка каралі іх і іх сем’і. Але падпольны рух немагчыма было прыпыніць.

Агентурны разведчык

У красавіку 1943 года на Чэрыкаўшчыну па рашэнні падпольнага абкама партыі вярнуўся партызанскі атрад № 720 на чале з сакратаром падпольнага райкама партыі Георгіем Храмовічам. У сваіх пасляваенных успамінах ён вельмі высока ацэньвае подзвіг Івана Дзенісенкі. Ён піша, што прапанаваў маладому падпольшчыку ісці працаваць да немцаў сакратаром акруговай паліцыі. Хлопец разумеў, якой нянавісцю будзе працята стаўленне да яго людзей, але ведаў і тое, якую карысць можа прынесці партызанам, працуючы ў паліцыі. Пазней Іван Дзенісенка папрасіў распаўсюдзіць слых пра тое, што ён з’яўляецца таемным агентам гестапа. Ён часта хадзіў у лес да партызан і спадзяваўся, што за ім, як за агентам таемнай паліцыі, не будуць сачыць. Людзі паверылі ў тое, што ён здраднік, і нярэдка яму ў спіну неслася агіднае — «фашыст».

Восенню 1942 года ў навакольных лясах пачынае дзейнічаць дыверсійная група (пазней — атрад № 47) на чале з Міхаілам Перапечкіным. Іван Дзенісенка таксама быў з імі на сувязі. Былы камісар гэтага партызанскага атрада С. І. Сазонаў у сваіх справаздачах пісаў, што Дзенісенка дапамагаў атраду інфармацыяй аб стане нямецкіх карных часцей і заўсёды паведамляў аб засылцы правакатараў і агентуры.

Іван Дзенісенка дзейнічаў пад мянушкай Іон. З вясны 1943 года ён наладзіў сувязь з упаўнаважанымі абкама партыі і камсамола, а таксама з партызанскім палком «13». Праз сувязных меў зносіны з атрадам «Перамога». Георгій Храмовіч адзначаў, што дзякуючы разведвальнай дзейнасці падпольшчыкаў і ў прыватнасці Івана Дзенісенкі райкам ведаў аб праціўніку амаль усё.

«Ён маўчаў»

Па даносе правакатара ў пачатку чэрвеня 1943 года гітлераўцы кінулі ў турму дзевяць членаў падпольнай антыфашысцкай арганізацыі разам з іх кіраўніком Іванам Дзенісенкам.

З успамінаў чэрыкаўскай падпольшчыцы Валянціны Дударавай:

— Мяне арыштавалі на наступны дзень пасля таго, як схапілі Івана Дзенісенку і некалькіх яго таварышаў. Гітлераўцы арганізавалі мне вочную стаўку з Іванам. Ён быў у споднім, моцна закатаваны. У яго спыталі: «Гэта Валя Дударава?» Ён маўчаў. Потым спыталі мяне, ці ведаю я яго. Я таксама маўчала. У іх нічога не атрымалася ад нас даведацца. Мяне білі бізуном, ботамі, цягалі за валасы, пакуль я не страціла прытомнасць...

Валянціне Дударавай спачатку вынеслі смяротны прысуд, але потым адправілі ў канцлагер. Падпольшчыца цудам выжыла.

Партызаны планавалі вызваліць Івана Дзенісенку, але іх сілы былі вельмі сціплымі, каб штурмаваць горад. Двух савецкіх патрыётаў Івана Дзенісенку і Уладзіміра Гуленку расстралялі 5 ліпеня непадалёк ад Чэрыкава за мостам праз раку Вудагу. Івану Дзенісенку на той момант было ўсяго 30. На жаль, месца пахавання герояў невядома. Іх целы пасля пакарання вывезлі ў напрамку Крычава…

Прыклад для школьнікаў

Шмат дэталяў з жыцця Івана Дзенісенкі ўстанавіў чэрыкаўскі гісторык Васіль Максіменка падчас работы над кнігай, прысвечанай генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна. Ён лічыць, што імем гэтага мужнага чалавека варта было б назваць мясцовую школу.

— Да вайны ў Чэрыкаве было дзве сямігодкі, у адной з якіх, названай у гонар КІМ, вучыўся Іван Дзенісенка, — кажа ён. — Сёння ў горадзе таксама дзве школы. Адна з іх — № 1 — носіць імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі. Было б справядліва ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі прысвоіць імя чэрыкаўскага падпольшчыка сярэдняй школе № 2, якая была пабудавана ў 1986 годзе, але можа лічыцца пераемніцай той сямігодкі, дзе вучыўся герой.

З гэтай прапановай згодны і член рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру», ваенны пісьменнік Мікалай Барысенка.

— Сёння вельмі важна аднаўляць імёны менавіта сваіх, мясцовых герояў, — кажа ён. — Яны будуць свяціць ярка як маякі. Іх жыццё — самы праўдзівы прыклад для моладзі. Важна, што Іван Дзенісенка для Чэрыкава не прыезджы, а цалкам свой. Менавіта тут ён рос і выхоўваўся. У Чэрыкаве ў яго былі добрыя настаўнікі, якія навучылі яго любіць радзіму. І калі прыйшоў грозны час, ён не здрадзіў, не пашкадаваў жыцця ў барацьбе з ворагам. Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы. Школа — якраз тая ўстанова, дзе гэта імя будзе сапраўды выхоўваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Васіля МАКСІМЕНКІ


Толькі факты:

У 1964 годзе па прадстаўленні Крычаўскага райкама партыі Іван Дзенісенка быў пасмяротна ўзнагароджаны медалём «За адвагу». У 1967 годзе Чэрыкаўскі райкам КПБ прызнаў Івана Дзенісенку патрыётам-падпольшчыкам, а 8 мая 1968 года на будынку былой турмы, дзе герой правёў свае апошнія дні, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Мемарыяльная дошка з імем Івана Дзенісенкі была ініцыіравана сакратаром падпольнага райкама партыі Георгіем Храмовічам. Разам з маскоўскай падпольшчыцай Клаўдзіяй Міларадавай, якая ў 1943 годзе была закінута на тэрыторыю Чэрыкаўшчыны і шмат чаго зрабіла тут для арганізацыі падпольнага камсамольскага руху, ён устанавіў дошку на будынку былой турмы. У 1985 годзе будынак знеслі, а мемарыяльную дошку перавесілі на будынак, дзе падчас акупацыі знаходзілася гестапа. У выніку інфармацыя, што менавіта тут правёў свае апошнія дні мужны падпольшчык, не адпавядае рэчаіснасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю