Усё пачалося з таго, што ў пачатку года ў Бабруйску ў міліцыю сталі паступаць званкі з паведамленнем аб мініраванні розных грамадскіх аб’ектаў — крамы, каледжа, санаторыя.
Усе паведамленні былі лжывымі. Па факце Следчым камітэтам была распачата крымінальная справа.
-- У мэтах устанаўлення даслоўнага зместу тэлефонных размоў і ідэнтыфікацыі галасоў людзей, якія тэлефанавалі на лінію 102 з ілжывымі паведамленнямі, ва ўпраўленні ДКСЭ па Магілёўскай вобласці былі праведзены судовыя фонаскапічныя экспертызы, -- паведаміла афіцыйны прадстаўнік гэтага ўпраўлення Ірына Рачкоўская.-- Па выніках расследаванняў устаноўлена, што заказчыкам званкоў з’яўляецца 16-гадовы падлетак. Запісаныя галасы належалі іншым людзям. Яны тэлефанавалі па яго просьбе за пэўную ўзнагароду. Такім чынам бабруйчанін зводзіў разлікі са сваімі крыўдзіцелямі. Цяпер яму прыйдзецца трымаць адказ перад судом. Крымінальная справа ў дачыненні да яго знаходзіцца ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота з архіва ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці.