У канцы мінулага года ў Кіраўскім раёне на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі дэталёва былі разгледжаны вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Магілёўскай вобласці. Адзначалася, што іх колькасць за апошнія два гады паменшылася. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўхваліла вопыт крычаўскіх дэпутатаў у гэтым кірунку. Ім на пасяджэнні падзялілася старшыня Крычаўскага райсавета Ірына Пруднікава. У нашай размове з народнай выбранніцай мы акцэнтавалі ўвагу на так званых дамінантах гэтай работы.
У кожнай мікразоны — свой старшыня
— Орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — гэта не новая форма работы з людзьмі. Магчыма, проста не ва ўсіх яшчэ наладжаны такія шчыльныя стасункі з насельніцтвам, як у нас, — расказвае Ірына Пруднікава. — Пасля выбараў дэпутатаў, згодна з заканадаўствам, выбіраюцца прадстаўнікі і ў ОТГС. Жыхары Крычаўскага раёна гэта ведаюць і ні для каго такі вопыт не сюрпрыз. У кожным сельсавеце свае старасты, акрамя гэтага, ёсць тры калегіяльныя органы у аграгарадках. У Крычаве працуе восем мікразон. На іх падзелена ўся тэрыторыя горада, якая на 16 кіламетраў працягнулася ўздоўж Сожа. Усе мікразоны маюць нумар і назву. У кожнай свой старшыня. Усяго на тэрыторыі раёна працуюць 53 старасты сельскіх населеных пунктаў, тры сельскія камітэты, у самім Крычаве — 75 старшых па дамах і 94 старшых па вуліцах.
Ірына Пруднікава адзначае, што такая колькасць актывістаў дапамагае трымаць руку на пульсе. Усе гэтыя людзі карыстаюцца аўтарытэтам у насельніцтва, ведаюць куды пераадрасаваць пытанні ад народа, кантралююць, каб яны своечасова вырашаліся. Памочнікі дэпутатаў звяртаюцца непасрэдна ў тыя прадпрыемствы, арганізацыі, установы раёна, ад рэагавання якіх залежыць вынік. Калі нешта не атрымліваецца вырашыць самастойна, пішуць запыты ў райсавет.
— ОТГС — сур’ёзнае ўтварэнне, яно нават рэгіструецца ў райвыканкаме, — удакладняе суразмоўніца. — Рашэнне аб яго стварэнні прымаецца на сходзе жыхароў. І кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў ведаюць, калі яны не зробяць нешта па звароту старшыні мікразоны, то зробяць па нашай. А дэпутаты працуюць у адной звязцы з выканаўчай уладай. Мэта ва ўсіх адна — зрабіць так, каб чалавеку жылося камфортна. Эфект вельмі добры. Шмат зваротаў вырашаецца яшчэ на этапе да райсавета. Да нас даходзяць у асноўным тыя, што патрабуюць фінансавых укладанняў альбо дадатковых дазволаў.
Камунікацыя дысцыплінуе
Эфектыўна працаваць крычаўскім дэпутатам дапамагае мабільная сувязь. У сацыяльных сетках створана некалькі мэтавых груп па мікразонах, сельсаветах, асобна дэпутацкая і прэзідыума райсавета. Вельмі зручна і аператыўна. Жыхар адпраўляе сваю заяўку, і яна адразу ж прымаецца ў работу.
Своечасова выяўляць праблемы на сяле мясцовай уладзе дапамагаюць такія папулярныя формы камунікацыі з жыхарамі, як Дзень Савета, Свята вёскі, Цягнік «Клопат». Да сялян у гэтыя дні прыязджаюць усе: прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады, розных ведамстваў і арганізацый. На парадку дня — і прафілактыка, і медыцынскае абслугоўванне, і інфармаванне насельніцтва пра важныя падзеі ў краіне, і культурная праграма.
Двойчы ў год у мікразонах праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам. Удзел у іх бяруць дэпутаты выбарчай акругі, якія ўваходзяць у мікразону; старшыня райвыканкама, яго намеснікі, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, прадстаўнікі службаў і ведамстваў. У ходзе такіх сустрэч адразу ж здымаецца шмат пытанняў. Калі немагчыма нешта зрабіць адразу, праблема бярэцца на кантроль і выконваецца ў пэўныя тэрміны.
— Апошнія два гады, калі ідуць вялікія ападкі, адбываецца сур’ёзнае падтапленне асобных участкаў у мікразоне Цэмзавода, — прыводзіць прыклад суразмоўніца. — Райвыканкам збіраецца ў бліжэйшыя гады ў некалькі этапаў вырашыць праблему. Па адным участку ўжо распрацавана неабходная праектна-каштарысная дакументацыя. Сёлета работы ўжо пачнуцца.
Каб не толькі «дзякуй»
Пераацаніць грамадскую работу старастаў і старшынь мікразон цяжка. Людзі працуюць у асноўным на энтузіязме, а карысць істотная. Кіраўнік райсавета адзначае, што актыўных людзей заўсёды ў раёне стараюцца адзначыць. Папулярнасць набыў раённы конкурс на найлепшы пад’езд, добраўпарадкаванне сумежнай тэрыторыі шматкватэрнай забудовы і індывідуальнага жылога домабудавання. У кожнай з трох намінацый адзначаюцца па тры, а часам і болей найлепшых удзельнікаў. Пераможцам уручаюцца прэміі. Прычым не толькі на раённым узроўні. Тая ж Савецкая мікразона з Крычава пазалетась на вобласці атрымала трэцяе месца. А ў 2022 годзе яна ж была першай. Крычаўскія дэпутаты ўжо звярталіся ў аблсавет, каб узаконіць пытанне з аплатай найбольш актыўным прадстаўнікам мясцовага самакіравання. Аблсавет, у сваю чаргу, звярнуўся ў Савет Рэспублікі. У раёне спадзяюцца, што іх падтрымаюць.
— Вельмі правільна было б матэрыяльна заахвочваць такіх людзей, — лічыць Ірына Пруднікава. — Карысць, якую яны прыносяць грамадству, неацэнная. Не сумняваюся, што нават гэтыя грошы яны ўклалі б у агульную справу.
Фота з архіва
Крычаўскага райсавета
г. Крычаў