— Прамова Прэзідэнта як заўсёды была насычана моцнымі пасыламі. У ёй закрануты ўсе жыццёва важныя праблемы для насельніцтва. Аналагаў у сусветнай гісторыі такому агульнадзяржаўнаму сходу, як наш Усебеларускі народны, няма.
У нашай дзяржаве выпрацаваны такі механізм, калі ў жыцці краіны можа ўдзельнічаць кожны з нас — праз дэлегатаў, народных дэпутатаў, асабісты зварот, праз сустрэчы, прамыя лініі. Гэта дарагога варта. І няхай пасля гэтага хто-небудзь з празаходніх палітыкаў скажа, што ў нас няма дэмакратыі. Гэта яшчэ вялікае пытанне, дзе яе больш, у Еўропе ці ў нас. Удзельнічаючы ў папярэдніх УНС адчуў на сабе асабіста, як гэта адказна, калі Прэзідэнт звяртаецца напрамую да народа. Гэты, сёмы па ліку, Усенародны беларускі сход накіраваны на развіццё краіны на бліжэйшыя пяць гадоў і ў гэтым развіцці павінен паўдзельнічаць кожны. На жаль, хапае такіх, хто індыферэнтна адносіцца да палітыкі. Але сёння нельга быць абыякавым. І пра гэта зноў нам нагадаў Прэзідэнт. Вельмі неспакойная сёння знешнепалітычная абстаноўка, краіна, па сутнасці, знаходзіцца, у варожым атачэнні. І гэта не можа не напружваць перш за ўсё таму, што, як ужо неаднаразова гаварылася: хочаш пазбегнуць вайны, рыхтуйся да яе. Толькі з моцнымі, добра ўзброенымі, мабілізаванымі краінамі лічацца ў свеце.
Усе гэтыя размовы еўрапейскіх палітыкаў, нічога не вартыя. Гэта проста балбатня, якая ўсыпляе і закалыхвае. Насамрэч усё значна складаней. Яны ўвесь час вялі і вядуць езуіцкую палітыку — кажуць адно, а робяць зусім іншае. Але мы паволі перабудоўваемся і, адпаведна, праводзім сваю дыпламатычную гульню, у тым ліку і ваенна-палітычную. У нас на генетычным узроўні працуе гістарычная памяць. Яшчэ жывое пакаленне, якое памятае страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва моцна кажуць за сябе факты генацыду. Практычна кожную беларускую сям’ю закранула вайна. Нам пра гэта тлумачыць не трэба. Мы гэта добра разумеем і памятаем. А зараз і моладзь падцягнулася. Пасля 2020 года ў краіне карэнным чынам змянілася стаўленне да работы з моладдзю. Дзяржава робіць усё для таго, каб захаваць гістарычную аб’ектыўную праўду і не даць нядобразычліўцам — цяперашнім нашчадкам былых калабарантаў за мяжой — перапісаць гісторыю.
Нэлі ЗІГУЛЯ