Top.Mail.Ru

НББ запрашае на выстаўку «Natura rerum. Светабудова»

Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае на персанальную выстаўку беларускага графіка Уладзіміра Хіна «Natura rerum. Светабудова», прымеркаваную да 80-годдзя майстра. Таямнічы свет лінагравюры расказвае пра тонкае ўзаемадзеянне чалавека з чалавекам, з касмічнай прасторай праз вечныя сімвалы і сэнсы.


Уладзімір Хін (творчы псеўданім Уладзіміра Правідохіна) — аўтар больш як чатырох тысяч работ, многія з якіх знаходзяцца цяпер у музеях, галерэях, цэнтрах мастацтваў Беларусі, Расіі і іншых краін. Мастак актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках эстампа і малюнка, конкурсах плаката, у рэгіянальных выставачных праектах у Мінску, Віцебску, Полацку, гарадах Расіі, Венгрыі, Сербіі, Казахстана, Арменіі, Швейцарыі, Германіі і інш.

На выстаўцы «Natura rerum. Светабудова» прадстаўлена 47 работ майстра, якія спалучаюць мастацтва слова і малюнка ў прасторы гравюры (лінагравюры і абразной гравюры на дрэве), выкананай у 1970–2020-я гг. Уладзімір Хін працуе ў старажытных тэхніках, аб’ядноўваючы серыі карцін у адно экспазіцыйнае кола — сімвал цэласнасці і адзінства. Выстаўка размясцілася па васьмі гранях галерэі «Атрыум», што толькі ўзмацняе эфект аўтарскай канцэпцыі — адлюстраванне шматграннасці светабудовы. Савецкі ілюстратар, заслужаны мастак РСФСР Юрый Магілеўскі ахарактарызаваў творчасць Уладзіміра Хіна як «дар на чорна-белыя адносіны, з якім мастак нарадзіўся і які ўнікальны нават сярод графікаў, каторыя адчуваюць і разумеюць чорна-белую гравюру».

Прадметам творчага даследавання мастака стала паэзія Фёдара Цютчава, Веліміра Хлебнікава, Элісэа Дыега, Германа Гесэ. Спалучэнне вершаваных радкоў і чорна-белай графікі надае паэзіі новае гучанне і невядомыя дагэтуль сэнсы. Мастак раскрывае іх са свайго пункта гледжання, і гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з яго светапоглядам. Паэзія і графіка аб’ядноўваюцца ў творчасці Уладзіміра Хіна з адзінай мэтай — скіраваць гледача на пошук праўды і вечных сэнсаў, знайсці ўласны шлях. У экспазіцыі прадстаўлены і паэтычныя творы мастака, прысвечаныя вечнасці і таму, што яна ўтойвае.

«Мой зварот да тэксту ў гравюры ёсць працяг сусветных традыцый, распрацоўка новых магчымасцей сінтэзу мастацтваў. Слова павялічвае вобразна-пластычную прастору ідэі гравюры. Узаемапранікненне слова і малюнка стварае новую пластычную прастору гравюры», — піша Уладзімір Хін.

Мастак звяртаецца і да трагічных падзей гісторыі — Чарнобыльскай катастрофы, Вялікай Айчыннай вайны. Праз чорна-белую
палітру і рэзкасць ліній творца паказвае пачуцці людзей, якія сутыкнуліся з жудаснымі падзеямі, страцілі ўсё, што дорага сэрцу.

У экспазіцыі прадстаўлены серыі работ «Метамарфозы» (1992–1993), «Дзённік» (2003), «Піраміды» (2007), трыпціх «Дума-Форма» і іншыя. Мастак лічыць метамарфозы рухаючай сілай светабудовы, жыцця. Уладзімір Хін спалучае супрацельглае, якое трансфармуецца і набывае новыя якасці. Абстрактныя кампазіцыі нясуць схаваны зварот да гледача, які кожны зразумее па-свойму.

Творчы свет Уладзіміра Хіна напоўнены філасофскімі разважаннямі пра вечнае, спробамі знайсці адказы на ўсе пытанні, імкненнем пашырыць уласныя межы і знайсці новае вымярэнне жыцця і творчасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю