Top.Mail.Ru

Найбуйнейшая кніжная сетка краіны адзначае сваё 80-годдзе!

На працягу 80 гадоў крамы «Белкнігі» радуюць чытачоў навінкамі якаснай беларускай і замежнай літаратуры. Сёння прадпрыемства налічвае 83 кнігарні ў розных рэгіёнах Беларусі. Заўзятыя пакупнікі ведаюць: тут заўсёды можна знайсці цікавую і займальную кнігу, вучэбны дапаможнік ці падарункавае выданне для асаблівых момантаў.


Юбілейны год «Белкніга» адзначае шэрагам цікавых праектаў і літаратурных навінак. Асартымент фарміруецца з улікам сучасных тэндэнцый і запатрабаванняў чытача, а супрацоўніцтва з айчыннымі і замежнымі выдавецтвамі пашырае выбар якаснай літаратуры. Для любой узроставай аўдыторыі тут знойдзецца займальнае выданне, якое стане важнай часткай хатняй бібліятэкі.

Па словах генеральнага дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Матусевіча, місіяй «Белкнігі» з’яўляецца фарміраванне чытацкай культуры, эстэтычнага густу і захаванне культурнага кода нацыі, традыцый і каштоўнасцяў, каб забяспечыць пераемнасць пакаленняў.

  • Акрамя рэалізацыі кніжнай прадукцыі, прадпрыемства актыўна ўдзельнічае ў сучасным літаратурным працэсе. Як адзначыў Уладзімір Матусевіч, па ўсёй краіне распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею ўстановы. Так, у сталічным Доме кнігі «Светач», іншых буйных кнігарнях, у тым ліку, у рэгіёнах праходзіць акцыя «80 сустрэч з пісьменнікамі ў ААТ «Белкніга», прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праект рэалізоўваецца пры падтрымцы выдавецтва «Беларусь» і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Падчас акцыі праходзяць сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі кніжных навінак і аўтограф-сесіі.

Жыхароў і гасцей Ліды да Дня беларускага пісьменства чакае падарунак — адкрыццё абноўленай крамы «Кніжны свет», дзе будуць выкарыстоўвацца новыя фарматы ўзаемадзеяння з пакупнікамі, новае зручнае абсталяванне і шмат іншых навінак. Падчас свята таксама будзе працаваць маштабная экспазіцыя, дзе будзе прадстаўлена шырокае кола выданняў айчыннай літаратуры розных тэматычных кірункаў: ад гісторыка-публіцыстычных, краязнаўчых і дзіцячых выданняў да грамадска-палітычных, мастацкіх і навучальна-метадычных.

Нягледзячы на распаўсюджаны стэрэатып, што сучасная моладзь не чытае папяровыя кнігі, а выбірае электронны варыянт, на практыцы назіраецца іншая тэндэнцыя: усё больш юнакоў і дзяўчат звяртаюцца да друкаваных выданняў у пошуку сапраўдных эмоцый. «У час інфармацыйнай загружанасці вельмі важна захаваць любоў да кнігі. Сёння мы бачым і ў кніжных крамах, і на розных выстаўках-прэзентацыях, што моладзь з’яўляецца значнай часткай нашай аўдыторыі. І тут важна фарміраваць правільны чытацкі густ. Мы імкнёмся прывіваць любоў да якаснай літаратуры, якая сцвярджае гістарычную праўду і сапраўдныя культурныя каштоўнасці», — падкрэсліў генеральны дырэктар прадпрыемства.

Акрамя развіцця і мадэрнізацыі рознічнага гандлю, «Белкніга» папулярызуе беларускую кнігу ў сацыяльных сетках і месенджарах. У кніжнай сеткі таксама ёсць свой сайт, які, па меркаванні кіраўніцтва, часта працуе ў тым ліку як вітрына: спачатку чалавек глядзіць асартымент анлайн, а потым прыходзіць у краму па кнігу.

Апошнім часам сярод чытачоў рознага ўзросту набіраюць папулярнасць кнігі гістарычнай і грамадска-палітычнай накіраванасці. Сярод абсалютных бестселераў — кніга «Наш Прэзідэнт», які па рэалізацыі значна апярэджвае ўсе іншыя выданні. Запатрабаваныя таксама кнігі — «Ад Русі і Літвы да Беларусі: вытокі і генезіс беларускага народа» і «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» Ігара Марзалюка, «Сімвалы суверэннай Беларусі», якая толькі нядаўна з’явілася на кніжных паліцах, але ўжо раскуплены увесь першы тыраж. Безумоўна, не страчваюць сваіх чытачоў беларускія і замежныя класікі: Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Іван Мележ, Эрых-Марыя Рэмарк, Антуан дэ Сент-Экзюперы і інш.

«Нязгасная зацікаўленасць да класікі сведчыць, што існуе тэндэнцыя сысці ад інфармацыйнай перагружанасці ў разумнае, добрае і вечнае, прыхіліцца да кнігі, якая дазваляе адначасова і адпачыць, і задумацца над чымсьці глыбокім», — разважае Уладзімір Матусевіч.

Інфармацыйная і камунікацыйная прастора хутка змяняецца, аднак, па меркаванні гендырэктара, «Белкніга» застанецца цэнтрам фарміравання кніжнай і чытацкай культуры, бо адна з галоўных матывацый чытаць кнігу — гэта задавальненне. Таму ў папяровай кнігі будзе яшчэ доўгая і цікавая гісторыя, заснаваная на моцных непадробленых пачуццях.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю