Top.Mail.Ru

Навялі парадак — і ў верасні каля гаючай крыніцы зацвілі пралескі

Старшыня Запольскага сельсавета Святлана Валчкова прызнаецца, што ёй вельмі пашчасціла і з тэрыторыяй, і з людзьмі. Бялыніцкі край багаты на прыгожыя мясціны, а паняцце малая радзіма для асноўнай часткі яе насельніцтва не пусты гук. Актывістаў, якія гатовы паўдзельнічаць і рублём, і працай у добрай справе, тут заўсёды хапала. А сёлетні год наогул стаў стымулам для рэалізацыі шэрагу мясцовых ініцыятыў.


За два кіламетры ад Заполля, недалёка ад вёскі Макаўка, ёсць крынічка Макаўе. Знаходзіцца яна побач з ракой Малыш, але жыве самастойным жыццём. Месцічы кажуць, што крынічка гаючая, шмат каму дапамагала паправіць здароўе.

— Яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя непадалёку ад гэтага месца была царква, людзі прыходзілі з верай і любоўю па крынічную ваду, — расказвае Святлана Валчкова. — Побач праходзілі кірмашы, куды з’язджалася шмат людзей. Усе ішлі да крынічкі і ў знак падзякі кідалі ў яе манеты. Мясцовыя даследчыкі расказваюць, што знайшлі там рэдкія экзэмпляры, якія цяпер захоўваюцца ў абласным краязнаўчым музеі.

У 2009 годзе Яўген Радоўскі, папярэднік Святланы Валчковай, разам з аднадумцамі акультурылі месца, альтанку паставілі. А праз некалькі гадоў сіламі Кіраўскага лясніцтва Бялыніцкага лясгаса над крынічкай было пастаўлена кальцо, зроблены зруб з дахам і выведзена металічная труба, каб зручна было браць ваду. Сёлета крынічка нечакана знікла, і жыхары расхваляваліся. Людзі прывыклі піць жывую ваду, хаця і калонкі ёсць, і станцыя абезжалезвання. Вырашылі выток ратаваць. Мясцовыя актывісты навялі парадак, усё выкасілі, вычысцілі, кветкі пасадзілі, кусты, дрэўцы. Стараста Заполля настаўніца Лілія Лазарава разам з вучнямі сабралі ў ваколіцах некалькі мяшкоў выкінутага «турыстамі» пластыку. Акрамя гэтага, назбіралі каменьчыкаў, зрабілі прыгожыя інсталяцыі вакол кустоў і дрэў. Далучыліся да добрай справы і дэпутаты Бялыніцкага райсавета на чале са старшынёй Ірынай Фурсавай, купілі дэкаратыўныя саджанцы і таксама пасадзілі. Бялыніцкі лясгас альтанку адрамантаваў, дах над крынічкай падправіў. І ў верасні адбыўся цуд — крынічка ажыла. А перад гэтым тут закрасавалі... пралескі, як у красавіку.

— Я, калі ўбачыла, вачам не паверыла. Вясновыя кветкі пасярод восені прачнуліся! — дзеліцца ўражаннямі Святлана Уладзіміраўна. — Адчуваецца месца намоленае. Калі ў кастрычніку прыхварэла, папрасіла мужа звазіць на крынічку. Ішла па прыступках да жывой вады, зноў любавалася пралескамі. Гэта было так прыгожа, што зняла відэа і ў запольскі чат закінула. Адразу ж водгукі пасыпаліся. Усе радаваліся падарункам крынічкі.

— У гаючай сіле крынічкі Макаўе ніхто не сумняваецца, — завярае дэпутат. — Нашай жыхарцы Кацярыне Клепчы хутка 90 гадоў спаўняецца. Зяць ваду гэту ёй вазіў, каб ад галаўных боляў ратавала. І бабуля сцвярджае, што вельмі ёй дапамагла. Я і сама ў гэтым пераканалася. Пастаяла каля крынічкі, вады папіла — і назаўтра хвароба пачала адступаць. Дарэчы, пралескі цвілі толькі каля нашай Макаўі, болей нідзе ў лесе іх не было відаць.

Крынічка папулярная не толькі ў нашых жыхароў, сюды прыязджаюць і з Магілёва, і з Мінска. Калі праходзіла выязное пасяджэнне прэзідыума Бялыніцкага райсавета, суразмоўніца спецыяльна ўдзельнікам дэманстравала, з якой любоўю людзі добраўпарадкавалі дарагую іх сэрцу крыніцу.

Добрых спраў сёлета зроблена ў Запольскім сельсавеце нямала. Летась у Заполлі закрылася школа, дзецям не стала дзе збірацца. Дарослыя вырашылі зрабіць ім зону адпачынку. Сабралі 5, 5 тысячы рублёў, яшчэ каля 8 тысяч выдзеліла Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. На гэтыя грошы запольцы з дапамогай мясцовых арганізацый, дэпутатаў зрабілі вялікую спартыўна-гульнявую пляцоўку. Напрыклад, Бялыніцкая ПМК-241 футбольныя вароты зварыла. За грошы насельніцтва купілі варкаўт, качалку-балансір, арэлі і іншае гульнявае абсталяванне.

— Усё лета шчыравалі, — кажа старшыня сельсавета. — Пад футбольнае поле пайшоў участак былога агарода. У газетах пісалі пра яго як пра «40 сотак шчасця». А перад гэтым разам з дзецьмі пасадзілі туі, якія лясгас выдзеліў. Калі саджалі, я дзецям казала, што тут гульнявая пляцоўка будзе, яны не верылі. А калі ўсё зрабілі, радасці не было канца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Святланы ВАЛЧКОВАЙ

Чытайце таксама: Як агульнымі намаганнямі добраўпарадкавалі пляж каля возера ў Лепельскім раёне

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю