Наезды на дзікіх жывёл — адна з самых небяспечных і распаўсюджаных сітуацый на дарозе, асабліва ў начны час. За апошнія гады колькасць такіх ДТЗ павялічылася. Чаму жывёлы выходзяць на праезную частку? Ці можна гэта прагназаваць? І галоўнае — як пазбегнуць сутыкнення? На гэтыя пытанні адказвае начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз.
— Праблема ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл сёння вельмі актуальная: колькасць аварый штогод павялічваецца, — расказаў спецыяліст. — Для параўнання: у 2024 годзе з-за аварый на дарозе загінула каля 3 тысяч дзікіх жывёл, летась гэтая лічба вырасла да 5 тысяч. Такая тэндэнцыя прасочваецца не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Асноўная прычына — павелічэнне інтэнсіўнасці руху транспарту, колькасці транспартных сродкаў у цэлым, а таксама рост колькасці жывёл па ўсёй краіне. Штогод у красавіку — чэрвені назіраецца павелічэнне выпадкаў ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. У гэты час маладыя асобіны, якія нарадзіліся ў мінулым годзе, аддзяляюцца ад бацькоў у пошуках новага месца пражывання. Аднак з-за недахопу жыццёвага досведу ў іх няма ўстойлівай асацыяцыі «дарога — небяспека», таму яны часта становяцца ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў. Да 40 % ласёў і казуль гінуць менавіта ў перыяд красавік — чэрвень.
Па словах начальніка аддзела паляўнічай гаспадаркі, колькасць ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл цесна звязана з інтэнсіўнасцю транспартнага руху. Самымі небяспечнымі ўчасткамі з’яўляюцца высакахуткасныя трасы (усе нашы дарогі з індэксам М), дарогі вакол абласных гарадоў і сталіцы.
Паблізу запаведнікаў, нацыянальных паркаў і заказнікаў абстаноўка адносна спакойная дзякуючы ўмеранай інтэнсіўнасці руху, дадаў начальнік аддзела. «Аднак верагоднасць сустрэчы з жывёлай у гэтых зонах застаецца высокай, таму вадзіцелям неабходна выбіраць хуткасць з улікам дарожнага становішча, асабліва на змярканні. Мы рэкамендуем не перавышаць 60-70 км/г», — сказаў ён.
Аляксандр Казарэз звярнуў увагу, што дзікія жывёлы, у прыватнасці ласі, валодаюць спецыфічнай псіхафізіялогіяй паводзін і не заўсёды хутка прымаюць адэкватныя рашэнні. Нават заўважыўшы жывёлу на значнай аддаленасці ад дарогі, рэкамендуецца зменшыць хуткасць і даць ёй магчымасць спакойна перамясціцца ў патрэбным напрамку. Не варта паскарацца, спрабаваць абагнаць або сігналіць — гэта можа справакаваць неадэкватную рэакцыю жывёлы і прывесці да аварыі.
— Міністэрства лясной гаспадаркі рэалізоўвае цэлы комплекс мерапрыемстваў для прадухілення дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзікіх жывёл. У Гомельскай вобласці прайшла апрабацыю сістэма папярэджвання кіроўцаў пра жывёл на дарозе. Яе перавага — адносна невысокі кошт ($40–50 тыс.), калі будаўніцтва надземнага пераходу абыдзецца мінімум у $1 млн. У найбліжэйшы час нашы спецыялісты сумесна з прадстаўнікамі Мінтранса плануюць выехаць на трасу М6 для выбару новых месцаў уладкавання сістэм, — адзначыў Аляксандр Казарэз. — Вялікая ўвага ўдзяляецца абгароджванню дарог. Сёння абаронена не больш чым 3 % усёй транспартнай сеткі, аднак гэты паказчык штогод расце. Дадатковым кірункам дзейнасці, які каардынуе Міністэрства лясной гаспадаркі, з’яўляецца кантроль папуляцыі жывёл.
Спецыяліст падкрэсліў, што трэба развеяць міф пра адказнасць кіроўцаў у ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл. «Многія лічаць, што за дарожна-транспартныя здарэнні з дзікімі жывёламі нават у зоне дзеяння знака „Дзікія жывёлы“ прадугледжаны штрафы. Аднак кіроўцам у такіх выпадках прэтэнзій не прад’яўляюць».
Для зніжэння хуткасці — муляж лася
Галоўны ляснічы Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Максім Мігун расказаў журналістам у рамках выязнога прэс-тура, што робяць у Мінскай вобласці для зніжэння колькасці ДТЗ з дзікімі жывёламі.
У Мінскай вобласці налічваецца прыкладна 9 тысяч ласёў, каля 11 тысяч аленяў і 25 тысяч казуль, паведамляе БелТА. «Мы часта бачым тых жа казуль і аленяў — яны стаяць на палях, на ўзлесках. Гэта прыгожа. З аднаго боку, рост колькасці звяроў радуе, але з другога — стварае пэўныя клопаты. Лес па вызначэнні — гэта сукупнасць драўняна-хмызняковай расліннасці, мікраарганізмаў і дзікіх жывёл, адзіны прыродны комплекс. Таму яны там жывуць, гэта іх дом», — падкрэсліў Максім Мігун.
Аднак расце і колькасць ДТЗ з дзікімі жывёламі. Па словах галоўнага ляснічага, пытанне вырашаецца комплексна. «Задзейнічаны органы і прадпрыемствы Міністэрства лясной гаспадаркі, дарожныя службы, Дзяржаўтаінспекцыя. Спрабавалі рэгуляваць колькасць жывёл у межах дапушчальных норм — эфекту не было. Спрабавалі зніжаць хуткасць руху — дарожнікі ўстанаўлівалі агароджы, знакі, якія паказваюць на месцы міграцыі жывёл. Выкарыстоўвалі ўстройствы, якія адпуджваюць жывёл ад дарог, усталёўвалі саланцы, падкормачныя пляцоўкі ў баку ад трас», — распавёў Максім Мігун.
Акрамя таго, на трасе М4 у мінулым годзе правялі эксперымент: устанавілі муляж лася. «Участак гэты, зыходзячы са статыстыкі мінулых гадоў, быў адным з самых аварыйна небяспечных. Ідэя ў тым, каб вадзіцель, убачыўшы фігуру жывёлы, інстынктыўна збавіў хуткасць. Паглядзім па выніках года-двух, ці зменшылася колькасць ДТЗ на гэтым участку або мера не дала эфекту», — сказаў ён.
Галоўны ляснічы дадаў, што праблема абвастрылася з-за некалькіх фактараў: расце колькасць жывёл, павялічваецца колькасць аўтамабільнага транспарту, павысіліся хуткасныя рэжымы і інш. «Усё гэта разам і дае такі вынік. Але на фоне іншых краін у нас сітуацыя застаецца дастаткова спакойнай», — заўважыў ён.
На думку Максіма Мігуна, найбольш эфектыўныя меры зніжэння колькасці ДТЗ — строгае выкананне хуткаснага рэжыму, асабліва ў начны час, і якаснае агароджванне сеткай.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА