Top.Mail.Ru
197

Народныя традыцыі як спосаб захаваць вёску

Жанна Ачыновіч, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва
Цэнтралізаванай клубнай сістэмай Клічаўскага раёна, расказала пра аграгарадок Коўбчу Клічаўскага раёна, дзе месцячы аднавілі старажытны абрад «Цягнуць каляду на дуб». Сёлета да яго рыхтаваліся ўсёй вёскай. 


— Абрад «Цягнуць каляду на дуб» быў адноўлены, дзякуючы шчырай зацікаўленасці людзей і падтрымцы мясцовай улады, — паведаміла Жанна Ачыновіч. — Работнікі Каўбчанскага сельскага клуба, этнаграфічнае аб’яднанне «Вераценца», творчы калектыў раённага Дома культуры пастаянна адраджаюць абрады і традыцыі. Прыемна, што ў гэтым актыўна дапамагаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і неабыякавы да жыцця сваёй вёскі старшыня Каўбчанскага сельвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Рамановіч.



Сёлета абрад прайшоў весела і дынамічна, як было і ў ранейшыя часы. Праз увесь населены пункт цягнулі на санках «бабку» з куццёй, спяваючы калядныя песні з традыцыйнымі словамі: «Ай, калядачкі, а на дуб, на дуб...». Гулянне прадоўжылася ў сельскім клубе, дзе ўсе дружна спявалі мясцовыя песні і ладзілі традыцыйныя танцы. 



— Было бачна, што гэта не проста забава ці гістарычная рэканструкцыя, а моцны матыватар, які здольны прывабіць людзей у вёску, — адзначыла Жанна Ачыновіч. — 

Людзі адчуваюць сувязь з месцам, дзе яны жывуць, і з тымі, хто знаходзіцца з імі побач. Шанцы на тое, што моладзь застанецца ці нават вернецца, значна ўзрастаюць. З’яўляецца цікавасць да абрадаў, гісторыі сваёй сям’і, роду, вёскі, што ў сваю чаргу ўмацоўвае нацыянальную і культурную ідэнтычнасць. Аднаўленне традыцый робіць жыццё ў вёсцы больш насычаным, цікавым і адметным ад гарадскога. І абрад «Цягнуць каляду на дуб» у Коўбчы — сімвал таго, што традыцыі могуць стаць жывым пульсам вёскі. Гэта шлях да моцных і прывабных для жыцця вёсак, дзе кожны адчувае сябе часткай вялікай і багатай гісторыі.



Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю