У канцы чэрвеня ў Мінску плануецца правядзенне Еўразійскага эканамічнага форуму. Гэта маштабнае мерапрыемства стане для прадстаўнікоў краін — удзельніц ЕАЭС адкрытым дыялогам на найважнейшыя тэмы развіцця саюза, пляцоўкай для глыбіннага аналізу працэсаў, якія адбываюцца ў ім, і выпрацоўкі эфектыўных спосабаў узаемадзеяння на знешнім контуры. Такім меркаваннем падзялілася аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вольга Лазоркіна.
Эксперт нагадала, што Еўразійскі эканамічны саюз выбудоўваўся ў адпаведнасці з рэгіянальнымі тэндэнцыямі, якія, відавочна, паказвалі на неабходнасць фарміравання эканамічнай прасторы новай якасці.
— Праблема павышэння канкурэнтаздольнасці эканомік магла быць вырашана толькі ў кааперацыі з краінамі рэгіёна.
У пацвярджэнне правільнасці зробленага выбару аналітык прывяла эканамічныя паказчыкі еўразійскай «пяцёркі».
— Аб’ёмы ўзаемнага гандлю ў рамках ЕАЭС падвоіліся і дасягнулі ў 2024 годзе амаль 100 мільярдаў долараў. Пры гэтым доля нацыянальных валют ва ўзаемных разліках перавысіла 92 %. Аб’ём гандлю з трэцімі краінамі вырас у 1,4 раза. Прамысловая вытворчасць павялічылася на 29 %, сельскагаспадарчая — на 26 %. Стабільны рост назіраўся таксама ў апошнія пяць гадоў, калі сусветная эканоміка ўваходзіла ў фазу сістэмнага крызісу.
На яе думку, сёння можна сцвярджаць, што кожная з дзяржаў-членаў заняла сваю нішу ў ЕАЭС і атрымала магчымасць выбудоўваць стратэгію эканамічнага развіцця на гады наперад.
Трэба адзначыць, што сёлета старшынства ў ЕАЭС трэці раз перайшло да Беларусі.
— Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пазначыў шэраг кірункаў, якія, на яго думку, патрабуюць цяпер самай пільнай увагі. Прыярытэтам, несумненна, з’яўляецца развіццё тэхналагічнага патэнцыялу, — акцэнтавала ўвагу аналітык. — Эпоха ўзаемных абменаў тэхналогіямі завершана. Уладанне найноўшымі з іх стала зброяй эканамічнага ціску. Тэхналагічная незалежнасць у кароткі перыяд стала філасофіяй развіцця сусветнай эканомікі. Згодна з бачаннем Прэзідэнта Беларусі, поспех крыецца ў паглыбленні міжгаліновай кааперацыі, якая скароціць дубліраванні, дазволіць засяродзіць рэсурсы на стварэнні сапраўды прарыўной тэхналогіі і будзе ствараць базу агульнага развіцця. Вопыт рэалізацыі праектаў імпартазамяшчэння ў рамках Саюзнай дзяржавы дазваляе казаць аб тым, якія фарматы з’яўляюцца эфектыўнымі.
На думку Вольгі Лазоркінай, нарастаючая цікавасць да ЕАЭС з боку знешніх партнёраў патрабуе стварэння новай лагістычнай сеткі, якая будзе адказваць інтарэсам краін рэгіёна і, што больш важна, грунтавацца на іх жа законах.
— Таму сёння ідзе паралельны працэс адаптацыі да новых умоў унутры «пяцёркі» і фарміраванне эфектыўных механізмаў узаемадзеяння на знешнім контуры. Прэзідэнт Беларусі аб’яднаў гэтыя дзве задачы, бо яны павінны вырашацца толькі ў звязцы. Справядлівая канкурэнцыя і роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў — прынцыпы, на аснове якіх павінен функцыянаваць лагістычны ланцуг ЕАЭС.
Эксперт таксама звяртае ўвагу на ролю харчовай бяспекі.
— Ад забеспячэння базавых патрэб чалавека, якасці яго жыцця наўпрост залежыць стабільнасць дзяржавы і лад будучыні. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў сканцэнтраваць намаганні на стварэнні насеннага фонду, максімальна адаптаванага да рэгіянальных умоў.
Таксама яна адзначае той факт, што ў дачыненні да грамадзян краін-членаў вядзецца работа, накіраваная на тое, каб усе працэсы праходзілі хутчэй, зручней і бяспечней:
— Стварэнне адзінай лічбавай прасторы дазволіць паскорыць і спрасціць узаемадзеянне паміж дзяржавай, бізнесам і простымі грамадзянамі. Усе павінны адчуваць бонусы інтэграцыі на ўсіх узроўнях.
Не менш значна, на думку беларускага боку, забеспячэнне бяспекі ЕАЭС у інфармацыйнай сферы.
— Акрамя патрэб фізічных людзі маюць патрэбу ў духоўнай ежы, — перакананая аналітык. — Нягледзячы на тое, што ЕАЭС пазіцыянуецца як пераважна эканамічны саюз, ідэалагічнае забеспячэнне ўяўляе велізарную каштоўнасць. Быць грамадзянамі ЕАЭС павінна быць не толькі камфортна, але і ганарова.
Як лічыць Вольга Лазоркіна, асабліва важна гэта ў сувязі з рашэннем задачы па ўзмацненні міжнароднай суб’ектнасці ЕАЭС.
— Ціск і неабгрунтаваная крытыка краін-членаў саюза з боку Захаду патрабуюць сістэмных мер рэагавання ў інфармацыйнай прасторы. Сёння неабходна не проста рэфлексія, а распрацоўка новых падыходаў да ацэнкі інтэграцыйных аб’яднанняў. Гэта дазволіць пазбегнуць скажэнняў і абараніць інфармацыйную прастору, умацуе аўтарытэт на міжнароднай арэне.
Эксперт канстатуе: імідж ЕАЭС можна ацэньваць па простых паказчыках цікавасці з боку замежных краін. Да цяперашняга часу Еўразійская эканамічная камісія правяла перагаворы і падпісала некалькі дзясяткаў мемарандумаў аб супрацоўніцтве з трэцімі краінамі.
Так, напрыклад, дзейнічаюць пагадненні аб свабодным гандлі з В’етнамам і Сербіяй, а ў маі такое пагадненне ўступіла ў сілу з Іранам. У перспектыве — заключэнне гандлёвых пагадненняў з Інданезіяй і Манголіяй, Егіптам і ААЭ. Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве дзейнічае ў дачыненні да Кітая.
— ЕАЭС можна разглядаць як мадэльную інтэграцыйную структуру, — рэзюмуе Вольга Лазоркіна.
Маргарыта ЗАРОЎКІНА