Пасведчанні аб перамозе ў спаборніцтве за дасягненне ў 2025 годзе найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў атрымалі Віцебск, Глыбоцкі і Полацкі раёны, а таксама 16 прадпрыемстваў розных форм уласнасці і арганізацыі. Сярод іх — ААТ «Завод «Легмаш», НВП «Белкатламаш», БКУП «Віцебскі ДБК», філіял «Сельскагаспадарчая вытворчасць «Мазалавагаз», ДЛГП «Полацкі лясгас», абласны клінічны анкадыспансер, Лепельскі раённы краязнаўчы музей.

Цырымонію ўзнагароджвання правёў старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік. Ён адзначыў, што перадавыя прадпрыемствы і іх лепшыя прадстаўнікі працуюць на ўмацаванне эканомікі рэгіёна, стымулююць стваральны дух і творчы парыў ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу.
— Упартая праца і шчырая адданасць сваёй справе заўсёды будуць заўважаны і ўзнагароджаны, — падкрэсліў кіраўнік вобласці. — На Віцебшчыне можна дасягаць самых высокіх вяршынь. Для гэтага дастаткова жадання, мэтанакіраванасці і любові да сваёй справы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
фота з адкрытых крыніц