Top.Mail.Ru
159

На наступным тыдні ў Магілёве заззяюць ёлкі

Ужо ў панядзелак з раніцы пачнуцца святочныя навагоднія праграмы на шматлікіх пляцоўках горада, а вечарам на плошчы Леніна магіляўчан збярэ навагодняе шоу «Прыдняпроўе запальвае ёлкі». 


Разам з галоўнай абласной ёлкай заззяюць агеньчыкі і на ўсіх астатніх. З 19 студзеня святочныя мерапрыемствы будуць праводзіцца паўсюдна і штодзень. Адно з якіх у гэты дзень — канцэрт «Зімовая пастараль» — збярэ аматараў жывой музыкі ў гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу. Перад гледачамі выступіць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Магілёўская гарадская капэла. З 19 снежня па 7 студзеня ў выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва можна будзе ўбачыць работы ўдзельнікаў конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Каляровая скарбонка».

Цырымонія ўзнагароджання яго пераможцаў адбудзецца тут жа 26 снежня. 

У наступную суботу, 20 снежня, можна будзе ўбачыць захапляльнае, амаль казачнае відовішча. Ад плошчы Леніна ў бок гарадскога парка адпачынку «Падніколле» адправіцца аўтапарад Дзедаў Марозаў. У гэты дзень у парку пачне працаваць рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Пабываць у гасцях у казачнага героя можна будзе па асобнай праграме з 20 снежня па 14 студзеня.

Напярэдадні зімовых канікул, 20 снежня, на пляцоўках шэрагу школ адбудзецца інтэрактыўная навагодняя праграма «Да нас прыехаў Дзед Мароз!»

За тыдзень да Новага года будзе дадзены старт дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы». З гэтай нагоды з канцэртнай праграмай выступяць на сваёй сцэне выхаванцы Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 імя М. Салдатава. А 28 снежня ў рамках дабрачыннай акцыі запланаваны танцавальны вечар «Начны экспрэс» у скверы 40-годдзя Перамогі. 

Прыемна адпачыць у навагоднія дні можна на плошчы Адзінства каля гарадской ёлкі. Пачынаючы з 25 снежня, тут з 15.00 будуць адбывацца святочныя праграмы і канцэрты. Сюды запрашаюць магіляўчан і адразу ж пасля сустрэчы Новага года. Святочная праграма пачнецца ў гадзіну ночы і працягнецца да 4 гадзін раніцы. Начныя дыскатэкі будуць праводзіцца ў гэты ж час і ў іншых кутках горада. 

Вясёлае сямейнае свята «Цуды там, дзе ў іх вераць» запросіць усіх ахвотных у парк «Падніколле» 2 студзеня. А 7-га можна будзе нават пакалядаваць у Пячэрскім лесапарку, дзе запланаванае народнае свята «Пайшла Каляда калядуючы». Аматары спорту адвядуць душу на зімовым раённым спартыўна-забаўляльным свяце «З Калядамі-2026!»


Нэлі ЗІГУЛЯ

Чытайце таксама: Агні на галоўнай ёлцы Магілёўскай вобласці запаляць на маладзёжным шоу 15 снежня

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю