Top.Mail.Ru

На абласных «Дажынках» у Крычаве з’явіліся новыя аб’екты

З кірмашом, спевамі, багатым ураджаем...

Сонечны і памаладзеўшы старажытны Крычаў пераўтварыўся сёння ў абласную сталіцу фестывалю-кірмашу «Дажынкі — 2025». Да свята ў Крычаве былі адрамантаваны вуліцы Савецкая, Ленінская і Шчорса, з’явіліся новыя арт-аб’екты, мадэрнізаваны раённы Дом культуры, дзіцячая бібліятэка, аўтавакзал, стадыён «Сож». Абноўлены і іншыя абекты, у тым ліку зроблены капрамонт шэрагу жылых дамоў — памянялі дах, уцяплілі сцены. Усё, што прыкметна паляпшае жыццё жыхароў. А клопат пра людзей у нашай краіне — гэта галоўнае. 

У горад прыехалі тысячы гасцей, у тым ліку з расійскіх гарадоў-пабрацімаў. На плошчы ўтварыўся цэлы гарадок з яркіх падворкаў, якія прадстаўляюць розныя раёны. У скверы гістарычнай памяці гучыць музыка, працуюць гульнявыя пляцоўкі, праводзяцца віктарыны.

Жыхары Клімавіч Іван з дачкой Алісай прыехалі падтрымаць маці Крысціну, якая спаборнічала ў маладзёжнай эстафеце. Маленькай Алісе спадабалася кантактная дарожка, дзе з дапамогай бацькі яна прайшла невялічкі для сябе іспыт. Гэта захапляльна, прызнаецца дзяўчынка.

Гандлёвыя рады фестывальнага кірмаша працягнуліся на сотні метраў. Вырабы майстроў, садавіна-гародніна сёлетняга ўраджаю, кавярні пад адкрытым небам з шашлыкамі і смачнай юшкай — ёсць што паспрабаваць і чым захапіцца. Асабліва духмяная яна ў кухараў ад Чэрыкаўскага каледжа. Як і трэба са шчупака!

Цэнтр падзей — абноўленая плошча перад райвыканкамам. Тут асабліва шматлюдна і весела. Багацце фестывальнага кірмаша ацанілі высокія афіцыйныя госці. Сёння крычаўлян і жыхароў вобласці вітаюць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, міністры, а таксама сенатары Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу. Праз некалькі хвілін пачнецца ўзнагароджанне герояў жніва на галоўнай сцэне «Дажынак».

Крычаўскі раён намалаціў сёлета рэкордны аб’ём збожжа, якога не было з 2007 года — 52 тысячы тоны. Раней лічба складала ў сярэднім — 33-34 тысячы. 

— Нашы механізатары папрацавалі на сумленне, — кажа старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай. — Нам не сорамна перад вобласцю за наш унёсак у агульны каравай. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне 33,5 ц/га, а ў лепшых — 44 ц/га. Для нашых тэрыторый — гэта добры паказчык. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю