У першы дзень датэрміновых выбараў у фае Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ), дзе размясціўся ўчастак для галасавання № 1 Ленінскага раёна Магілёва, ужо з раніцы панавала ўрачыстая атмасфера. У спісах галасуючых на гэтым участку 1668 выбаршчыкаў, 13 з іх зробяць свой выбар упершыню. За 10 хвілін да пачатку галасавання дэманструецца, што празрыстая скрыня для датэрміновага галасавання пустая, і апячатваецца членамі ўчастковай камісіі пад уважлівым позіркам назіральнікаў. У 12.00 першы выбаршчык бярэ бюлетэнь. Ім стала студэнтка першага курса МДУ імя А.Куляшова Дар’я Ніжагародава. Для яе гэта важная падзея адбылася ў жыцці упершыню.
На твары Дар’і змешаныя пачуцці лёгкага хвалявання, гонару, задавальнення. Выбар — гэта вельмі адказна. Дзяўчына прымае віншаванні і падарункі. Ёй, як галасуючай упершыню, уручаюць брашуру з сімваламі суверэннай Беларусі, значок і футболку ад БРСМ з красамоўным надпісам «Мой голас — першы!».
— Сёння адбыўся вельмі важны момант у маім жыцці, — голас дзяўчыны крыху дрыжыць, на шчоках лёгкі румянец. — Я прагаласавала за стабільнасць, суверэннасць, за квітнеючую Беларусь.
Сярод упершыню галасуючых студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій (БДУТ) Андрэй Шэндрыкаў. Ён лічыць, што ўдзел у выбарах гэта вельмі важна і адказна.
— Прыйсці і прагаласаваць — гэта мой грамадзянскі доўг, — паведаміў Андрэй. — Хочацца, каб наша краіна была моцнай і незалежнай.
Паліна Калтунова таксама студэнтка БДУТ, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, член БРСМ.
— Для мяне вельмі хвалююча ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — прызналася дзяўчына. — Гэта падзея заўсёды была асаблівая ў нашай сям’і. Раней я хадзіла на выбары з маці, назірала, як усё адбываецца. Здавалася, што нічога складанага няма. А вось зараз трэба будзе рабіць выбар самастойна і гэта вельмі адказна. Галоўнае, каб мірнае неба было над галавой заўсёды.
У дзень пачатку датэрміновых выбараў падтрымаць упершыню галасуючых прыехала ў Магілёў заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь у перыяд з 1996 па 2021 год Лідзія Ярмошына. На сустрэчу з ёй у БРУ прыйшлі 300 прадстаўнікоў навучэнскай моладзі.
— Самае галоўнае данесці да маладых людзей, якія ўпершыню ідуць галасаваць, як важна не памыліцца з выбарам, — адзначыла яна ў размове з журналістамі. — А каб выбар быў усвядомлены і адказны, трэба разумець, што такое Прэзідэнт, якая яго роля, і як многа залежыць ад выбаршчыкаў. Што датычыцца працэдуры галасавання, то яна простая і не патрабуе асаблівых навыкаў. Моладзі трэба нагадаць пра тое, каб яны не паўтарылі памылак 2020 года, каб не гналіся за ілжывымі палітычнымі каштоўнасцямі і ідэаламі.
Размова Лідзіі Ярмошынай з моладдзю працягвалася паўтары гадзіны. Спікер нагадала, што трэба разумець вельмі важную ісціну: нельга чагосьці патрабаваць ад краіны, калі сам нічога для яе не зрабіў. Выбары як раз той самы шанц падтрымаць радзіму. Нельга адгукацца на заклікі нядобразычліўцаў байкатаваць выбары, за гэта ў краіне прадугледжана крымінальная адказнасць. І нічога добрага ў тым няма, калі чалавек прагаласуе супраць усіх. Бо гэта таксама можа дэстабілізаваць абстаноўку.
— Мы можам доўга разважаць пра тое, што такое патрыятызм, — адзначыла спікер. — Але сэнс адзін — гэта калектыўная адказнасць за краіну. Галоўнае права чалавека — права на бяспечнае жыццё. Давайце берагчы тое, што ёсць. А берагчы можна ўдзельнічаючы ў выбарах.
Фота аўтара