Top.Mail.Ru

Мемарыяльны комплекс у Рэкце будавалі ўсім Горацкім раёнам

Калі ехаць праз аграгарадок Рэкта па трасе Горкі — Орша, немагчыма не звярнуць увагі на мемарыял з 8 стэл. На іх пазначаны больш за 600 прозвішчаў. Гэта жыхары 22 вёсак Рэкцянскага сельсавета, якія пайшлі на вайну і не вярнуліся. Сімвалічныя свечка і журавы нагадваюць пра боль і смутак па абарваных вайной жыццях, якія захоўваюць у сэрцах нашчадкі. Помніку ўсяго два гады, дагэтуль гэтыя імёны заставаліся практычна ў невядомасці.


У пачатку слаўных спраў

Наталля Шчурэвіч успамінае, што, калі яна ў 2019 годзе ўзначаліла Рэкцянскі сельсавет, тэма памяці аднавяскоўцаў-франтавікоў заставалася адкрытай. На тэрыторыі сельсавета быў адзіны помнік чырвонаармейцам, але ніводнага прозвішча з ліку землякоў там не прысутнічала. Жыхароў гэта вельмі хвалявала. Таму, калі яна прапанавала запоўніць прабел, ідэя была масава падтрымана. Адыграла ролю і тое, што ў Еўропе сталі зносіць помнікі савецкім воінам. Людзі былі абураны падобнымі дзеяннямі, і нікога ўгаворваць унесці грошы на будаўніцтва помніка не прыйшлося.

— Нашы старасты пайшлі па вёсках і сабралі больш чым шэсць тысяч рублёў, з якіх дзве тысячы ахвяраваў на добрую справу жыхар Рэкты Мікалай Васіленка, — расказвае старшыня сельсавета. — Яшчэ дзве тысячы рублёў выдзеліла прадпрыемства «Горкілён» і тысячу перадало раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання «Фонд міру». У выніку на восем помнікаў у нас пайшло 9260 рублёў і амаль на такую ж суму была аказана спонсарская дапамога ў выглядзе будматэрыялаў.

— Разам з жыхарамі вырашалі, дзе паставіць помнікі, — расказвае Наталля Шчурэвіч. — Старшае пакаленне выказалася за тое, каб яны стаялі ля дарогі. У ранейшыя часы так заўсёды рабілі. Каб кожны, хто праязджае міма, ведаў, тут ляжаць героі, якім трэба пакланіцца.

Імёны на граніце

Стараста аграгарадка Рэкта Любоў Валчкова не толькі аказала садзейнічанне ў зборы сродкаў на памяць сярод насельніцтва, але і паклапацілася, каб на абеліскі трапіла як мага больш імёнаў. Яна 50 гадоў адпрацавала ў Рэкцянскай бібліятэцы і ўвесь час кантактавала з ветэранамі вайны. Запісвала іх успаміны, арганізоўвала сустрэчы. Прызнаецца, што тэма для яе вельмі важная. Яна нарадзілася ў 1949 годзе, і ёй выпала шчасце сустракацца з гераічнымі людзьмі. Гэтыя сустрэчы яна назаўсёды захавала ў сэрцы і памяці. Калі да друку рыхтавалася раённая кніга «Памяць», таксама дапамагала шукаць для яе імёны, удакладняла інфармацыю. Выручыла яна з інфармацыяй і цяпер.

— Для мяне правілам было падчас святкавання дзён вёсак зачытваць жыхарам гісторыю іх населенага пункта і імёны землякоў-воінаў, — расказвае яна. — А калі высвятлялася, што кагосьці з гэтага спісу не назвала, дадавала інфармацыю. Цяпер усе гэтыя запісы пайшлі ў справу. Хацелася ўсіх ахапіць, не забыць нікога. Калі звяралі спісы з Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеем, некаторыя прозвішчы прыйшлося ў поўным сэнсе слова адстойваць. Даказваць, што яны не прыдуманыя. Затым гэтыя спісы зацвярджаліся на рэспубліканскім узроўні. Работа была зроблена вялікая.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Рэкцянскага сельсавета

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю