Старшы камбайнер ЗАТ «СервалюксАгра» Сяргей Май добра вядомы сваёй працавітасцю. Гэтым разам ён стаў абсалютным лідарам жніва не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і ў маштабах усёй краіны. На раніцу нядзелі яго асабісты рэкорд склаў 7220 тон — столькі ён намалаціў пшаніцы і рапсу.
Кіраўніцтвы вобласці, раёна і гаспадаркі вечарам у пятніцу віншавалі рэкардсмена наўпрост на працоўным полі, як той казаў, без адрыву ад вытворчасці. Запрасілі і ўсю яго сям’ю — жонку Вольгу з трыма дзецьмі — як ніяк, яны — надзейны тыл хлебароба, натхняюць яго на рэкорды. Дзіма вучыцца ў шостым класе, Ігар — у сёмым. Ва ўсім імкнуцца раўняцца на бацьку, ганарацца ім. Самая малодшая ў сям’і — Эвеліна, якая вучыцца ў першым класе. Яна дапамагае маці гатаваць стравы для таты з сабой. Гаспадарка добра корміць сваіх працаўнікоў, але ж хатняя ежа яшчэ больш сіл надае.
Вольга, дарэчы, таксама працуе ў гэтай гаспадарцы. Прызнаецца, што пакахала Сяргея за тое, што ён клапатлівы і працавіты. Абодва родам з вёскі Залессе, хадзілі ў адну і тую ж школу.
У старэйшых класах нават сябравалі, але потым на нейкі час іх жыццёвыя сцяжынкі разышліся. Вольга нават паспела замуж схадзіць. Але, як кажуць, лёс не падманеш. Цяпер яны разам — і ўпэўнена глядзяць у будучыню. А нядаўна справілі і наваселле — гаспадарка выдзеліла Сяргею дом у вёсцы Гуслішча.
Вольга лічыць, што вельмі важна, каб родны чалавек адчуваў падтрымку. Летам заўсёды графік напружаны, работа ад ранку да позняй ночы. Невялікая перадышка выпадае толькі тады, калі ідуць дажджы.
У гаспадарцы дынастыю пад прозвішчам Май характарызуюць як працавітую. Адсюль выйшлі на пенсію бацькі Сяргея, цяпер працуюць брат і сястра. Дарэчы, леташні рэкорд Сяргея Мая на жніве складаў 6200 тон, сёлета — на тысячу больш.
— Гэтаму спрыяла шмат чаго — надвор’е, добры ўраджай, тэхніка, — сціпла кажа рэкардсмен. — Калі здараюцца нейкія паломкі, інжынерная служба вельмі хутка рэагуе. Ну і, вядома, адчувалася падтрымка сям’і.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА, паціскаючы руку перадавіку, сказаў, што падтрымка сям’і для любога чалавека рэч неацэнная, а для сельгасработніка нават удвая. Бо пакуль ён клапоціцца пра харчовую бяспеку краіны, трэба, каб нехта дома клапаціўся аб ім. Дасягненнямі героя жніва ганарыцца ўся вобласць. І падарункі ўручаліся не толькі механізатару, але і ўсёй яго сям’і.
— Для такіх працаўнікоў, як Сяргей Май, планка ў 2, 3, 4 тысячы тон збожжа стала ўжо чымсьці штодзённым, хоць яшчэ ў недалёкім мінулым мы захапляліся вынікам у тысячу тон, — адзначыў у размове з журналістамі Анатоль Ісачанка. — Цяпер тысяча — гэта ўжо звычайнасць. Мы павіншавалі і жонку камбайнера, а ў яе асобе — усе сем’і аграрыяў. Рабяты працуюць з раніцы да позняга вечара, і вельмі важна, каб дома ў іх былі ўтульнасць і падтрымка. У Сяргея трое дзяцей, і на плечы яго жонкі кладзецца вялізная нагрузка. Вялікі дзякуй ёй і ўсім жонкам, маці — усім жанчынам, якія ствараюць надзейны тыл. Менавіта іх клопат дае нашым мужчынам магчымасць дабівацца высокіх вынікаў.
Разам з Сяргеем Маем віншавалі і яго таварышаў па жніве — Рыгора Бокача і Артура Дарыя, на рахунку якіх 5,5 і 4,5 тысячы тон адпаведна. Вадзіцелі Мікалай Куракін, Яўген Новікаў і Сяргей Пухоўскі таксама атрымалі падарункі — яны перавезлі больш чым па 5 тысяч тон збожжа.
У ЗАТ «СервалюксАгра» паведамілі, што сёлетняе жніво было больш прадукцыйным, чым леташняе. Ураджайнасць азімай пшаніцы склала 57 ц/га, рапсу — амаль 37 ц/га, гэта на 10 % вышэй, чым летась. Больш высокіх вынікаў атрымалася дасягнуць за кошт тэхналогій, эфектыўнай каманднай работы і крыху дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю.
Дарэчы
Што датычыцца абласных маштабаў, то, як паведаміла начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства і меліярацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Лілія ГУЛІНСКАЯ, намалочана збожжа з улікам рапсу 1,215 мільёна тон — гэта разам з калгасна-фермерскімі гаспадаркамі. Сярэдняя ўраджайнасць склала 29 ц/га. Але восеньскія работы працягваюцца. Цяпер поўным ходам ідзе ўборка грэчкі, яравога рапсу, проса, агародніны, кукурузы на сілас.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара