Top.Mail.Ru

Магілёўская дэлегацыя чакае ад УНС творчай энергетыкі і моцных пасылаў

Ад Магілёўскай вобласці на УНС у Мінск сёння адправіліся 113 дэлегаты. Яны прадстаўляюць усе раёны рэгіёна, розныя слаі грамадства і сфер дзейнасці. На пляцоўцы каля Магілёўскага аблвыканкама з раніцы панавала ўрачыстая абстаноўка. Дэлегаты і слухачы Усебеларускага народнага сходу горача абмяркоўвалі паміж сабой важную для краіны падзею і ахвотна дзяліліся меркаваннямі.


Дэлегат ад грамадскага аб’яднання «Белая Русь», старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення «Беларускага фонду міру» Андрэй Нікіцін прызнаўся, што, як і ўсе астатнія члены магілёўскай дэлегацыі, адпраўляецца на чарговае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу з пачуццём гонару за тое, што ёсць магчымасць не толькі ўплываць, а ў цэлым фарміраваць палітыку беларускай дзяржавы.


— Гэта вялікая адказнасць, — рэзюмаваў ён. — Каб адказваць на тыя выклікі, якія сёння існуюць, нам трэба ісці на некалькі крокаў наперадзе ўсіх астатніх. І я думаю, што мы гэта здолеем. Сёння людзі разумеюць сваю адказнасць за тое, каб краіна магла ўтрымліваць тую найвышэйшую планку сацыяльных гарантый, якая сёння ёсць, і гатовы мабілізавацца. Вельмі моцна ў гэтым дапамагае вось тая эмоцыя, той штуршок, які заўсёды дае нам Кіраўнік дзяржавы падчас свайго звароту з Пасланнем да беларускага народа і парламента. Як чалавек, які здольны адчуць ноту часу, ён вельмі шмат у чым фарміруе вось гэты старт новага перыяду — будучай пяцігодкі. 

На думку Андрэя Нікіціна, сёння вельмі шмат чаго залежыць якраз ад грамадскіх структур. 

— Мы, як правіла, усюды — у працоўных калектывах, установах адукацыі, сярод нашых землякоў па месцы іх жыхарства, — тлумачыць ён. — Вядома, і казаць аб тым, што хвалюе, гэта самая зручная форма камунікацыі. Пасля вяртання з пасяджэння УНС я і мае калегі па грамадзянскай супольнасці самым актыўным чынам будзем сустракацца з нашымі землякамі, абмяркоўваць, планаваць. Ну і, вядома, усе разам рабіць гэтую вялікую справу — ствараць нашу квітнеючую Беларусь.

Старшыня Магілёўскага гарсавета Святлана Сташэўская ахвотна падзялілася тым пазітыўным настроем, з якім едзе на сход.

— Прадчуваю той асаблівы стан адказнасці і радасці ад таго, што сёння ўсе нашы сэрцы будуць біцца ва ўнісон, мы ўсе разам будзем слухаць тое, што скажа наш Прэзідэнт, разумець, што будзем рабіць у бліжэйшы час, зараджацца энергіяй і рухацца у адным напрамку, — паведаміла яна. — Запыт грамадства якраз існаваў на ўсе тыя ключавыя прыярытэты, якія выкладзены ў праекце праграмы. І наш гарсавет ужо працуе ў гэтым напрамку. Вельмі важнае пытанне дэмаграфічнай бяспекі, умацавання інстытута сям’і, павышэння прэстыжу мацярынства і бацькоўства. Гэта тое, што сапраўды важна, таму што толькі калі ў нас ёсць людзі, мы можам будаваць эканоміку, цудоўную будучыню для нашай краіны.

— Прыемна, што досвед і прафесіяналізм ветэранаў запатрабаваны, — падзялілася з карэспандэнтам «Звязды» яшчэ адна дэлегат УНС старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Зінаіда Пянькова. — А задачы стаяць складаныя, трэба ўсім добрасумленна працаваць па ўсіх кірунках. Гэта і эканоміка, і сацыяльная сфера, і адукацыя... Безумоўна, хвалюе патрыятычнае выхаванне нашай моладзі. Маладыя людзі не мелі той магчымасці наўпрост размаўляць з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Яны гэта ведаюць па кніжках і фільмах. Вельмі важна, што ў праграме прапісана неабходнасць узмацніць работу па патрыятычным выхаванні нашай моладзі. У даступнай форме разам з імі гутарыць пра тую Вялікую Перамогу, якую атрымаў наш народ. І тлумачыць, чаму заходнія палітыкі спрабуюць усё перайначыць. Мы ж ведаем, што менавіта Савецкі Саюз перамог і вызваліў шмат іншых краін ад фашызму.


Дырэктар магілёўскай СШ № 44 Антон Лабаноўскі прадстаўляе на сходзе моладзь рэгіёна ад БРСМ. 

— Еду з добрым настроем, бо гэта і знаёмства з новымі людзьмі, і цікавы абмен меркаваннямі на вялікай рэспубліканскай пляцоўцы, — падзяліўся ён. — Мэты і задачы, якія будуць пастаўлены на Усебеларускім народным сходзе, для нас вектар развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. Вельмі важна для мяне тое, што будзе працягнутая праграма па падтрымцы таленавітай моладзі, маладых спецыялістаў. Гэта такія сацыяльныя гарантыі як першае працоўнае месца, дадатковыя выплаты, магчымасць атрымаць арэнднае жыллё. Падтрымка будзе садзейнічаць і ўплываць на тое, каб малады спецыяліст заставаўся на сваім рабочым месцы, развіваўся і прыносіў у сваёй асобе, у сваёй рабоце карысць грамадству і краіне.

Адзін з буйнейшых раёнаў Прыдняпроўскага краю — Магілёўскі. Яго на УНС прадстаўляе ў якасці дэлегата старшыня Магілёўскага райвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў.

— Чаканні вельмі вялікія, таму што будуць абмяркоўвацца найважнейшыя прыярытэты развіцця нашай краіны на бліжэйшыя пяць гадоў, — адзначыў ён. — Гэтыя прыярытэты, кірункі і ўсе задачы, якія будуць перад намі пастаўлены, данясём да працоўных калектываў, да кожнага жыхара нашага раёна. Спецыфіка Магілёўскага раёна ў тым, што самы вялікі —чацвёрты ўчастак СЭЗ «Магілёў» размешчаны на нашай тэрыторыі. Таму развіццё прамысловага комплексу, якое таксама будзе абмяркоўвацца на УНС, для нас вельмі актуальнае. Усё, што пачуем, рэтранслюем на ўзроўні канкрэтных суб’ектаў гаспадарання, канкрэтных прадпрыемстваў. 

У сваёй асобе рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, першы сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Міхаіл Жудро прадстаўляе вялікую частку грамадскасці Магілёўшчыны. 

— Хачу настроіць сябе і потым настройваць усіх на развіццё нашай краіны на бліжэйшыя пяць гадоў у адпаведнасці з той праграмай, якая будзе агучана, — паведаміў ён. — Важна зразумець дакладныя ўстаноўкі, якія будуць нам дадзены, і ў гэтым напрамку трансліраваць вопыт тут, на месцах, дзе мы можам у зносінах з людзьмі, з народам, які нас выбраў, які нам давярае, развіваць разам краіну. Як шматдзетны тата я зацікаўлены ў дэмаграфічным развіцці краіны. Вельмі важны пункт — моцныя рэгіёны, якасць адукацыі. Будуць адукаваныя дзеці, будзе адукаваная краіна, адукаваная нацыя. Вельмі важнае пытанне бяспекі краіны, улічваючы, што бліжэйшыя нашы суседзі зараз вядуць ваенныя дзеянні. Гэты сход для мяне ўжо другі, і ведаю, як важна пачуць пасыл з першых вуснаў, зарадзіцца той энергіяй, якой зараджае наш Кіраўнік дзяржавы.


Дацэнт кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Магілёўскага інстытута МУС Аляксей Прымакоў таксама ў складзе магілёўскай дэлегацыі.

— Асабліва мне імпануе прыярытэт, які закладзены ў праграме развіцця на бліжэйшую пяцігодку, — гэта дэмаграфічны кірунак, — кажа ён. — Чалавечы рэсурс вельмі важны. Калі будуць людзі, то мы зможам усё. Тыя сацыяльныя льготы, гарантыі, выплаты, якія прадугледжаны дзяржавай па падтрымцы шматдзетных сем’яў, беспрэцэдэнтныя на постсавецкай прасторы. Дзяржава робіць для нас усё, каб мы вырашылі гэту праблему. 

Вельмі важная задача — захаваць мір. Беларусы заўсёды адрозніваліся добрымі якасцямі, ніколі не выступалі агрэсарамі. Мы імкнёмся вырашыць любое пытанне, любы канфлікт мірным спосабам. І моладзь павінна разумець, як важна для нас захаванне гістарычнай праўды. Мы не павінны забываць, якія ахвяры былі прынесеныя для таго, каб мы зараз маглі жыць пад мірным небам. І жыць добра.

Юрый Машын, які нядаўна ўзначаліў вядучую ВНУ Магілёўшчыны — МДУ імя А. Куляшова адправіўся на з’езд у якасці запрошанага. Прызнаўся, што вельмі ганарова прысутнічаць на народным вечы, якое збірае прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь для прыняцця важных канцэптуальных рашэнняў па далейшым развіцці краіны.

— Навука і адукацыя — той вектар развіцця, які дазваляе падрыхтаваць якасных спецыялістаў, захаваць кадравы патэнцыял і ўзровень адукацыі ў нашай краіне. А ён сёння сапраўды вельмі высокі і прызнаецца ва ўсім свеце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю