Сюды разам з мужам яна прыехала, калі замест горада было чыстае поле. Ішла ўсесаюзная будоўля Лукомскай ДРЭС. Тут яны звілі сямейнае гняздо, выгадавалі двух сыноў. Усім сэрцам палюбілі гэты край і прысвяцілі жыццё таму, каб зрабіць яго мацнейшым і прыгажэйшым.
Маленькая блакадніца
Першыя дзіцячыя ўспаміны Тамары Піскуновай (у дзявоцтве Мельнікавай) зусім не радасныя. У іх яна чуе выццё паветранай сірэны, грукат выбухаў — і бяжыць хавацца пад ложак або ў шафу. Быццам гэта магло ўратаваць. Томачка навучылася хадзіць і гаварыць першыя словы ў блакадным Ленінградзе. Голад вытрывалі не ўсе родныя, а ёй, самай малой, лёсам наканавана было пражыць доўгае, насычанае, цікавае жыццё. Як бы за многіх, хто спачывае на Піскароўскіх могілках. Гэтымі днямі, калі адзначаецца чарговая гадавіна прарыву ленінградскай блакады, аповеды родных аб тым жаху ўспамінаюцца асабліва востра.
Тамара нарадзілася ў маі 1941 года, была пятым дзіцем у сям’і. Разам з Мельнікавымі ў камунальнай кватэры жылі бабуля, сястра бацькі з дваімі дзецьмі. Яшчэ да вайны бацька, данскі казак, які працаваў вадзіцелем у педыятрычным інстытуце, прывёз аднекуль мяшок аўса. Падчас блакады заварвала яго кіпнем, загортвала ў анучку і давала смактаць немаўляці вынаходлівая бабуля. Сама яна голад не перажыла.
Вядома, Тамара Андрэеўна не памятае блакады — надта малой была. Тым не менш усе 872 дні правяла ў асаджаным горадзе. Пазней шмат што расказвалі родныя, а дома ў яе цэлая паліца літаратуры, прысвечанай адной з самых трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны. Мама працавала санітаркай, тата — вадзіцелем грузавіка. Ён збіраў у кузаў задубелыя трупы людзей — дзясяткі за дзень. Успамінаў, што самым цяжкім быў пачатак зімы 41-га. Маразы стаялі лютыя. Працоўным выдавалі мінімальную пайку хлеба, утрыманцам не давалі нічога.
— Мама ўспамінала: неяк летам мы з суседскай дзяўчынкай гулялі ў двары, як раптам зусім побач пачаўся авіяналёт, — расказала Тамара Піскунова. — Я толькі навучылася хадзіць, ад страху не ведала, куды бегчы. І тут дзесяцігадовы брацік Ваня згроб нас пад сябе і захінуў сваім целам, намерваючыся ратаваць ад асколкаў. Маленькі мужчына гатовы быў ахвяраваць сабою... Тады загінула суседка, а мы ацалелі. Праўда, Ваня памёр маладым — адбіліся нягоды і галоднае дзяцінства.
Сібірская пяцігодка
Ленінградцы адолелі асаду, напоўнілі свой горад жыццём, прыгажосцю, шчасцем. Разам з сябрамі дасціпная дзяўчына пешшу выхадзіла кожны яго куточак — моладзь тады прагнула ведаў, уражанняў, жывых зносін.
Вучоба давалася Тамары лёгка, пасля выдатнага заканчэння школы паступіла ў фінансава-эканамічны інстытут, увайшла ў тройку яго найлепшых выпускнікоў, таму магла выбіраць месцам работы любы буйны горад з развітой інфраструктурай. А яна — карэнная ленінградка, далікатная дзяўчына — выбрала 150-тысячны Канск у Краснаярскім краі. Мама плакала.
— Прыехалі туды з сяброўкай у студзені. Мароз 40 градусаў. Пасялілі нас у драўлянай хатцы без выгод, — упамінае суразмоўніца. — Печ палім, чуем, нешта запахла. Бацюхны, валёнкі спалілі! Потым другія. І боты. Пра тое, што юшку і паддувала закрываць трэба, мы не чулі, грэлі неба. Раніцай падымемся — холад страшэнны, у вядры вада лёдам стала. А мы смяяліся, весела жылі.
Актывістка Тамара запісалася ў тутэйшы турыстычны клуб, якім кіраваў першы сакратар Назараўскага гаркама камсамола Уладзімір Піскуноў. Сталі таварышамі, іх зблізілі паходы па наваколлі, затым — на Хамар-Дабан, у Саяны, сплаў на хісткім плоце па Енесеі... Ёй 23, яму 26, з’явіліся рамантычныя пачуцці, ажаніліся.
Пазней Уладзімір, выпускнік энергетычнага факультэта Куйбышаўскага інстытута, працаваў прарабам на ўсесаюзнай будоўлі Назараўскай ДРЭС. Маладая жонка ўладкавалася ў банк, а на мясцовым тэлебачанні вяла кінапанараму і клуб паэзіі: кругагляд і выдатная вышэйшая адукацыя дазвалялі. Яе абралі членам крайкама камсамола.
І вось электрастанцыя пабудавана. Але аб’екты энергетыкі патрэбны былі ва ўсёй краіне. Ад сяброў Піскуновы даведаліся, што грандыёзную электрастанцыю задумалі ўзводзіць у Беларусі і вельмі патрэбны спецыялісты. Веды і вопыт Уладзіміра былі вельмі дарэчы.
— І да дома, да Ленінграда, блізка, — прывяла аргумент Тамара Андрэеўна. — Ну праўда, што такое 700 кіламетраў ад Новалукомля супраць 5 тысяч ад Канска?
Маладая гаспадыня
Піскуновы рушылі на Віцебшчыну. У 1969-м будучы горад энергетыкаў на беразе вялізнага возера выглядаў прыкладна так: абрысы цэнтральнага бульвара, два шматпавярховыя дамы, інтэрнат, аўтастанцыя ў вагончыку. Будаўнікі ДРЭС жылі ў «піянерным пасёлку» ў палатках, вагончыках. Піскуновым пашанцавала: ім далі асобны пакой у цэлых дзевяць «квадратаў» у яшчэ недабудаванай гасцініцы.
У тыя часы краіна востра адчувала чалавечыя страты на Вялікай Айчыннай вайне: надзвычай неставала спецыялістаў сталага ўзросту, удумлівых, разважлівых. Таму стаўкі рабіліся на адукаваную, адказную моладзь, якая імкнецца ствараць. Гарэў на рабоце Уладзімір — майстар, энергетык, начальнік цэха цэнтралізаванага рамонту. Эканамістам у аддзел капітальнага будаўніцтва працаўладкавалася яго жонка.
— Як успомню, як я тыя мільёны на арыфмометры круціла! — уражваецца сваёй смеласцю Тамара Піскунова. — А яшчэ мы адразу ў камсамол, прафкам, стварылі турыстычны клуб. Моладзі ж многа, ёй хочацца чымсьці цікавым займацца. Колькі блізкіх і далёкіх маршрутаў разам праклалі! Выдатнае пакаленне было. Цяжкасцяў не баяліся, быццам спецыяльна іх шукалі, мы ж не слабейшыя за бацькоў, якія перажылі вайну. Раўняліся на іх.
Энтузіязм і дзелавую хватку Тамары Піскуновай хутка прыкмецілі і выбралі старшынёй выканаўчага камітэта гарадскога Савета народных дэпутатаў. Так у свае 29 гадоў яна стала першым новалукомльскім «мэрам», самым маладым у Беларусі. Да таго ж жанчынай.
Сваю дзейнасць пачала з распрацоўкі генеральнага плана Новалукомля, каб вызначыць стратэгію яго развіцця, якая ахоплівала б планіроўку, забудову, асваенне тэрыторыі.
У 70-я гады мінулага стагоддзя сярэдні ўзрост жыхароў Новалукомля складаў 27 гадоў. Вяселлі, у тым ліку інтэрнацыянальныя (тут пражывалі прадстаўнікі 23 нацыянальнасцяў), спраўлялі штотыдзень. За год нараджалася па 300 дзяцей!
Дык хіба мясцовая моладзь не заслугоўвае Палаца шлюбаў, як у Мінску? «Мэр» дабілася, каб у юным горадзе ўзвялі ЗАГС па тым жа праекце, па якім толькі ўвялі такую ж установу ў сталіцы. А яшчэ — Палац культуры, школу мастацтваў, трохпавярховую замест двухпавярховай паліклініку, хірургічны корпус бальніцы, завод «Этон», жыллё, дзіцячыя садкі, другую школу...
— Многае атрымлівалася менавіта таму, што я была маладая, не баялася нікога, — смяецца Тамара Андрэеўна. — Маім таварышам была дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Таццяна Навіцкая (па мужу Хаткевіч), яшчэ маладзейшая за мяне. Вазьму Танечку — і едзем. Ва ўсе дзверы стукаліся. Бывала, па два дні ў высокіх прыёмных сядзелі, але не сыходзілі, дабіваліся аўдыенцыі, прыводзілі аргументы, пераконвалі — і нам дапамагалі.
...Азіраючыся на пройдзены жыццёвы шлях, сёння 85-гадовая жыхарка Новалукомля Тамара Піскунова здзіўляецца, як невялікі прамежак часу можа ўмясціць столькі нечаканых, часам драматычных паваротаў лёсу, цікавых падзей, надзвычайных сустрэч і грунтоўнай спадчыны. Бо разам з працавітымі сябрамі-энтузіястамі яны пабудавалі ў чыстым полі цэлы горад. Горад мары сваёй маладосці на беразе найпрыгажэйшага возера Лукомскага.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
фота аўтара і з архіва гераіні