У ноч з 8 на 9 студзеня Віцебшчына апынулася ва ўладзе актыўных атмасферных франтоў цыклону. Па інфармацыі філіяла «Віцебскаблгідрамет», за некалькі гадзін на рэгіён абрынулася амаль дэкадная норма ападкаў. Вышыня снежнага покрыва вагаецца ад 17 да 32 сантыметраў. Парывы ветру дасягалі 15-16 метраў за секунду. Сітуацыю пагаршае мароз да мінус 8-13 градусаў. Прагназуецца, што 10 студзеня сітуацыя істотна не зменіцца, таму расслабляцца не выходзіць.
Камунальныя, дарожныя службы, а таксама энергетыкі, дзяржаўтаінспекцыя, падраздзяленні МНС працуюць у рэжыме 24/7. Так, камунальшчыкі вобласці задзейнічаюць на прыборцы снегу больш за 500 адзінак тэхнікі; прадпрыемства «Віцебскаўтадар», адказнае за ўтрыманне дарог рэспубліканскага значэння, — каля 270 адзінак тэхнікі, столькі ж — прадпрыемства «Віцебскаблдарбуд», якое абслугоўвае дарогі мясцовага значэння.
На аператыўнай нарадзе, праведзенай старшынёй аблвыканкама Аляксандрам Субоціным, абмеркавалі арганізацыю работ па ліквідацыі наступстваў цыклону. Першаступенныя задачы: бесперабойная расчыстка ад снегу дарог і вуліц, яго прыборка ў населеных пунктах, уключаючы аддаленыя; забеспячэнне руху транспарту па ўсёй дарожнай сетцы вобласці; аператыўнае аднаўленне энергазабеспячэння арганізацый і дамоў. Старшыня аблвыканкама заклікаў мабілізаваць усе тэхнічныя і чалавечыя рэсурсы на барацьбу са снежнай стыхіяй. Дарэчы, штабы па барацьбе з наступствамі надзвычайных сітуацый, якія ўзначальваюць старшыні гаррайвыканкамаў, працуюць ва ўсіх раёнах. Для зручнай сувязі паміж іх удзельнікамі створаны спецыяльныя групы і чаты ў месенджарах.Аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі нясе такія з’явы, як падзенне дрэваў, парушэнне электразабеспячэння, абрыў ліній сувязі і электраперадачы, абрушэнне канструкцый і дахаў, зніжэнне бачнасці, цяжкасць руху транспарту, павелічэнне верагоднасці дарожна-транспартных здарэнняў і выпадкаў траўматызму.
Сапраўды, надзвычайныя сітуацыі ўжо склаліся. Так, па стане на 9.00 вяліся работы па аднаўленні электразабеспячэння ў 23 населеных пунктах вобласці. Энергетыкі працуюць у складанейшых умовах надвор’я, праводзяць аператыўныя пераключэнні, спажыўцоў засілкоўваюць па рэзервных схемах электразабеспячэння.
Тройчы за ноч падраздзяленні МНС выязджалі для аказання тэрміновай дапамогі: у Бешанковіцкім раёне на дарогу ўпала дрэва, пад Новалукомлем у гурбе засела машына хуткай дапамогі, а ў віцебскім мікрараёне Руба давялося буксіраваць аўтобус.
Адбыўся парыў паветраапорнай мембраны футбольнага манежа ЦСК «Віцебск». Зараз там прыпынены трэніроўкі, прынята рашэнне спускаць мембрану для правядзення яе рамонту.
Па інфармацыі прэс-службы ДАІ, на тэрыторыі вобласці ўведзены спецыяльны план «Надвор’е». Па стане на 13.00 9 студзеня ўсплёску аварый у параўнанні са звычайнымі днямі не назіраецца. ДТЗ, у якіх пацярпелі б людзі, не зафіксаваны. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі аказвалі дапамогу мікрааўтобусу, які з’ехаў у кювет, і яго давялося выцягваць на дарогу. Да ведама: у Telegram створаны рэспубліканскі чат-бот МУС «Мы заўжды побач», куды можна звярнуцца па дапамогу. Асноўная нагрузка ДАІ зараз звязана з суправаджэннем калон спецыялізаванай тэхнікі, якая расчышчае дарогі, іх вызваленнем ад прыпаркаваных машын, якія замінаюць выкананню работ. Адзначаецца змяншэнне на аўтатрасах і гарадскіх вуліцах ліку аўтамабілістаў-аматараў: яны абачліва пакінулі свае аўтамабілі на парковачных месцах.
Актыўную дапамогу профільным арганізацыям аказваюць прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасці, прадастаўляючы тэхніку, расчышчаючы снег не толькі на сваіх тэрыторыях, але і прылеглыя дарожкі, прыпыначныя пункты. Так, раніцай толькі ў Віцебску на дапамогу камунальным службам накіравана З0 адзінак тэхнікі. З энтузіязмам далучыліся да «снежных дэсантаў» прафсаюзы, а Чырвоны Крыж гатовы арганізаваць пункты абагрэву. Хаця асноўная нагрузка па вызваленні са снежнага палону дамоў адзінокіх і адзінока пражываючых вяскоўцаў кладзецца на супрацоўнікаў сацыяльнай службы, звярнуцца па дапамогу можна на «гарачыя лініі» райкамаў БРСМ. З усіх куткоў вобласці прыходзяць навіны аб тым, што прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, проста жыхары змагаюцца са снегам.
— Тое, што валанцёры атрада «Добрае сэрца» Талочынскай СШ № 1 імя Ф. Макавецкага расчысцілі двор адзінокай жыхарцы аграгарадка Друцк, інваліда 1-й групы Людмілы Рабцавай, для іх — проста размінка на свежым паветры, а для яе — знак таго, што яна не кінутая сам-насам са сваёй бядою, — паведаміла першы сакратар Талочынскага райкама БРСМ Ірына Фёдарава. — Аб’яднацца падчас складаных абставін — гэта не лозунг, а прынцыповая пазіцыя нашай арганізацыі. Будзем дзейнічаць так і надалей. Заклікаем усіх жыхароў Віцебшчыны азірнуцца і дапамагчы таму, каму горш, каму не справіцца з гурбамі ў адзіночку.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота з адкрытых крыніц.