Студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ) яшчэ раз прадэманстравалі высокі ўзровень ведаў і падрыхтоўкі. Яны сталі пераможцамі IX Міжуніверсітэцкай алімпіяды «Лагістыка і кіраванне ланцужкамі паставак». БРУ — вядучая тэхнічная ВНУ краіны са статусам міждзяржаўнай. Тут вядуцца распрацоўкі па ўсіх напрамках, звязаных з машынабудаваннем, новымі матэрыяламі, зваркай.
— Нароўні з аўтамабілебудаваннем, электратэхнікай мы развіваем напрамак штучнага інтэлекту, праграмнае забеспячэнне, — падкрэсліў рэктар БРУ Міхаіл Лусцянкоў. — Ва ўніверсітэце ёсць лабараторыя 3D-друку і адытыўных тэхналогій з перадавым абсталяваннем, набытым, у тым ліку, і за кошт Саюзнай дзяржавы. Нядаўна мы прыступілі да рэалізацыі праекта Індустрыя 4.0 прамысловая рэвалюцыя. Адна з лабараторый абсталявана ў адпаведнасці з сучасным навучальным працэсам, і ў студэнтаў ёсць магчымасць пазнаёміцца тут з перадавымі тэхналогіямі.
БРУ з’яўляецца адзінай грамадзянскай ВНУ Магілёўскай вобласці, на базе якой адкрыта ваенная кафедра. Яе студэнты вывучаюць, у тым ліку, беспілотныя сістэмы і вучацца кіраваць імі.

Пра тое, што студэнты жывуць не толькі вучобай, гавораць шматлікія дасягненні і ўзнагароды ў спорце і творчасці. Акрамя гэтага ў БРУ функцыянуе ваенна-патрыятычны клуб «БРУствер».

Нэлі ЗІГУЛЯ