Падведзены вынікі адпаведнага рэспубліканскага агляду-конкурсу, і найлепшым стацыянарным летнім лагерам краіны прызнаны выхаваўча-аздараўленчы лагер «Дружба» УП «Віцебскаблгаз». Высокай ацэнкі, на якую ўплывае шэраг параметраў — ад арганізацыі харчавання і быту дзяцей да іх бяспекі і змястоўнасці адпачынку — лагер заслугоўвае не ўпершыню: штогод, пачынаючы з 2009 года, ён станавіўся прызёрам конкурсу.
Сёлета, у знакавы Год добраўпарадкавання, «Дружба» сустракала дзятву ў новым сучасным абліччы. Маштабная рэканструкцыя закранула галоўны корпус з харчаблокам, сталовай і спальнымі пакоямі для малодшых дзецей. Тут замянілі інжынерныя сеткі, уладкавалі каферэнц-залу, набылі новую мэблю і інтэрактыўнае абсталяванне. Нават у падвальных памяшканнях уладкавалі сучасныя гульнявыя пакоі, дзе можна змястоўна бавіць час, калі на вуліцы дрэннае надвор’е.
«Дружба» знаходзіцца на маляўнічым беразе возера Будавесць у аграгарадку Амбросавічы Шумілінскага раёна, і кожны яго куток уладкаваны ярка, з фантазіяй і густам. Каля галоўнага корпуса — аздараўленчы комплекс з саўнай і саляным пакоем, летнія спальныя домікі для старэйшых дзяцей. На пляжы, шматлікіх спартыўных пляцоўках і ў зонах адпачынку на тэрыторыі лагера, агульная плошча якога складае 18 га, адноўлена гульнявое абсталяванне, многае заменена.
Як паведаміла намеснік генеральнага дырэктара УП «Віцебскаблгаз» Святлана Волкава, гэтым летам за чатыры лагерныя змены ў ВАЛ «Дружба» адпачылі каля 400 дзяцей работнікаў прадпрыемства і іншых маленькіх жыхароў Віцебшчыны. Гэта паспрыяла дасягненню галоўнай мэты — іх аздараўленню.