З гэтай нагоды да яе ў госці завіталі прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй Шклоўскага райвыканкама Сяргеем Барташам. Настаўніца жыве ў аграгарадку Александрыя, дзе 35 гадоў выкладала матэматыку ў мясцовай школе. Таццяна Мікалаеўна неаднойчы расказвала карэспандэнтам пра тое, якім здольным быў яе вучань Аляксандр Лукашэнка.
І калі ён балаціраваўся на пост Прэзідэнта, вядома ж, галасавала за яго, бо ведала, што чалавек надзейны, рупіцца аб народзе і краіне. Яна і цяпер цікавіцца падзеямі, дзеліцца з гасцямі перажываннямі наконт таго, што вакол краіны робіцца. Што такое вайна, яна добра ведае. Адна з яе ўзнагарод — медаль «За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў».
Настаўніца Прэзідэнта заўсёды ў цэнтры ўвагі. Яна жыве з сынам Аляксандрам, з Расіі рэгулярна прыязджае ў госці дачка з унукамі. Наогул, сваякі берагуць сваю маці і бабулю. Жанчыну таксама апякуюць сацработнікі, падлеткі з ваенна-патрыятычнага клуба, што пры Александрыйскай школе. Нядаўна яны дапамагалі прыбіраць каля дома снежныя сумёты.
— Мы, наадварот, турбуемся, каб не вельмі Таццяне Мікалаеўне надакучваць, — усміхаецца старшыня Александрыйскага сельсавета Алена Гвоздзева. — І цяпер загадзя дамовіліся аб прыездзе. Усё ж такі чалавек ва ўзросце. Сына папярэджвалі, пыталіся, калі можна яе павіншаваць. Яна заўсёды чакае гасцей, радуецца, рыхтуецца. І гэтым разам частавала гарбатай з цукеркамі. Была вельмі рада, што мы да яе прыехалі. Сказала ўсім вялікі дзякуй за ўвагу, што яе ніколі ніхто не забывае.
Таццяна Мікалаеўна кажа, маўляў, бяру новую мяжу, буду старацца дажыць да 105 гадоў. Напаследак пажадала: «Беражыце тое, што маем. І захоўвайце нашу Беларусь. Мы жывём у самы добры, мірны час, калі ёсць усё, застаецца толькі жыць».
Намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Ірына Раінчык адзначыла, што падчас віншавання Таццяна Мікалаеўна, як заўсёды, была на пазітыве. Зараджала ўсіх сваім бадзёрым настроем.
Старшыня Шклоўскага райсавета Аляксандр Давыдовіч расказаў, што больш за ўсё жадалі імянінніцы здароўя: «Прапанавалі сустрэцца той жа кампаніяй у наступным годзе. Яна з намі цалкам пагадзілася».
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота тэлеграм-канала shklovіnfo