«Работа прамысловасці — гэта ключ да выканання ўсіх мэтавых і індыкатыўных паказчыкаў рэгіёна ў цэлым...» — рэзюмаваў сёння падчас падвядзення вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці за першае паўгоддзе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.
Удзел ў пасяджэнні прынялі таксама старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Магілёўскай вобласці Леанід Заяц.
За першае паўгоддзе ў вобласці выкананы шэсць з дзевяці мэтавых паказчыкаў матрыцы. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 114,5 % у супастаўных цэнах да узроўню мінулага года пры заданні 103,3 %, сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту вобласці — 119,8 % пры заданні 109,2 %, уведзена ў эксплуатацыю жылля агульнай плошчай 203,5 тысячы квадратных метраў пры заданні 146,3 тысячы, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата вырасла да 119,5 % пры заданні 110,5 %, аб’ём вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі за студзень-чэрвень склаў 565,5 мільёна долараў пры заданні 562,5 мільёна.
Пры гэтым заданне па валавым рэгіянальным прадукце (ВРП) выканана толькі на 101,4 % пры неабходных 103,5 %. Недапрацавала вобласць і па вытворчасці прадукцыі вясковай гаспадаркі ў сельскагаспадарчых арганізацыях, уводзе ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай.
Як адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама па эканоміцы Алена Пруднікава-Кірпічонак, тэмп росту інвестыцый дазволіў увесці шэсць новых аб’ектаў і стварыць 87 працоўных месцаў, у тым ліку высокадаходных. Большай стала і рэальная заработная плата. Але, каб утрымаць гэтыя пазіцыі, трэба задзейнічаць усе механізмы і выканаць галоўны паказчык — ВРП, які характарызуе развіццё рэгіёна.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой заявіў, што асноўнымі пунктамі росту ў другім паўгоддзі павінны стаць прамысловыя прадпрыемствы, якія ў першым, на жаль, не дасягнулі планавага задання.
— Недапрацавалі прадпрыемствы розных галін — нафтахімічны комплекс («Белшына», «Магілёўхімвалакно»), Міністэрства прамысловасці (вагонабудаўнічы і металургічны заводы), перапрацоўкі прадукцыі («Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод», «Бабуліна крынка» і шэраг іншых), лёгкай прамысловасці («Магатэкс»), — канстатаваў ён. — Зразумелыя складанасці на расійскім рынку, звязаныя з высокай працэнтнай стаўкай, з адкатам шэрагу контрагентаў ад узгодненых у пачатку года кантрактаў, прабуксоўкай сумесных інвестыцыйных праектаў. Таму трэба тэрмінова пераарыентавацца на іншыя эфектыўныя рынкі СНД, Азіі, Афрыкі. Альтэрнатывы тут няма, нават калі размова ідзе пра маленькія кантракты. Калі не займацца гэтым у дэталях і ўпусціць нейкія працэсы, гэта значыць практычна вымыць абаротку, нарасціць склады і назаўтра звярнуцца па чарговую порцыю дзяржпадтрымкі.
Дзмітрый Крутой адзначыў, што даходная частка бюджэту выконваецца нядрэнна, болей як 15 раёнаў вобласці яе наогул перавыконваюць. І гэтыя сродкі трэба выкарыстоўваць, як арыентуе Прэзідэнт, у першую чаргу на інвестыцыі, а не на бягучыя кантракты і закупку.
— Трэба думаць на перспектыву, — падкрэсліў спікер. — Мы не можам дапусціць, каб Магілёўская вобласць страціла кампетэнцыі ў нафтахіміі, дрэваапрацоўцы, цэлюлоза-папяровай і лёгкай прамысловасцях. У гэтых сектарах ёсць прыватныя кампаніі камунальнай формы ўласнасці, якія прадэманстравалі за першае паўгоддзе лепшыя вынікі і дынаміку. Але мы хочам, каб рэспубліканскі ўзровень таксама не зніжаў тэмпаў росту.
Дзмітрый Крутой нагадаў, што па выніках 9 месяцаў адбудзецца вялікая размова з удзелам Прэзідэнта на ўзроўні ўрада па рабоце эканомікі ў цэлым. І ён выказаў спадзяванні, што да гэтай размовы Магілёўская вобласць падыдзе з годнымі вынікамі.
Размова таксама ішла пра выкананне заданняў у сельскай гаспадарцы, будаўнічым сектары, па экспарце паслуг.
Дзмітрый Крутой нагадаў і пра тыя кірункі на перспектыву, якія абазначыў Прэзідэнт, і за якія ён хутка будзе патрабаваць з раённых кіраўнікоў. Гэта завяршэнне праграмы «Адзін раён — адзін праект». У вобласці, дарэчы, да канца года павінны быць уведзены ў эксплуатацыю 16 праектаў. Другі важны кірунак — замацаванне за кожным старшынёй райвыканкама адной праблемнай, стратнай сельгасгаспадаркі, дзе назіралася перавышэне нарматыву па падзяжу жывёлы або вельмі нізкія нарматывы па малаку. Яшчэ адна актуальная тэма — выпускнікі ВНУ і іх замацаванне на першых працоўных месцах. «Трэба, каб кожнаму маладому спецыялісту была аказаная ўсялякая ўвага і дапамога», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота: БелТА