Top.Mail.Ru

Кожная праблема патрабуе дасканалага вывучэння, лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аксана Прыходзька

Ад маніторынгу цэн да «дачных» пытанняў

Народная выбранніца па Першамайскай выбарчай акрузе № 79 Бабруйска, дзе жыве больш чым 66,5 тысячы грамадзян, перакананая, што галоўная задача беларускіх парламентарыяў — ствараць законы, па якіх будзе камфортна жыць і працаваць. Пры гэтым, заўважае яна, важна захаваць гарантыі для кожнай катэгорыі насельніцтва. Падчас работы ў акрузе ёсць магчымасць даведацца, як функцыянуюць тыя ці іншыя законы, якія з іх неабходна ўдасканаліць, а якія — стварыць. Больш падрабязна пра работу ў сваёй акрузе член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Аксана Прыходзька расказала нашаму карэспандэнту.

Працаваць у акругу парламентарыі едуць з пэўнай мэтай — вывучыць тую ці іншую праблематыку.

  • — Адна з найважнейшых і пастаянных тэм — гэта маніторынг цэн у гарадской гандлёвай сетцы, а таксама крамах райспажыўкааперацыі, якая абслугоўвае вяскоўцаў, — кажа суразмоўніца. — Важна, каб на сяле ў людзей быў паўнавартасны асартымент як прадуктаў харчавання, так і прамысловых тавараў. Акрамя таго, ёсць моманты, якія адпрацоўваюцца парламентарыямі па ўсёй краіне. Апошнім часам гэта была дзейнасць садовых таварыстваў. Вельмі шмат зваротаў паступае аб вызначэнні меж зямельных участкаў, па падключэнні электраацяплення, рэгістрацыі дамоў. Сёння на балансе садовых таварыстваў знаходзяцца светлавыя апоры і ўся сістэма энергазабеспячэння на іх тэрыторыях. Шмат дзе гэтыя камунікацыі знасіліся, і добра, каб гэтыя сеткі былі ў адных руках. Ёсць праблемы па вывазе смецця, па ўступленні ў спадчыну, па правамоцтве грамадзянскіх сходаў, як яны наогул іх праводзяць. Шмат праблемных пытанняў разглядалі сумесна з упаўнаважанымі ад садовых таварыстваў. Мы ім паведамілі пра шэраг прапаноў, якія мяркуецца ўнесці ў нарматыўна-прававыя акты.

Наперадзе навучальны год, і дэпутаты ўжо гатовыя да правядзення маніторынгу ў школах, каб высветліць, як тыя падрыхтаваліся да вучэбнага года. Будзе таксама вывучацца асартымент школьнага адзення ў гандлёвай сетцы. З гэтага года адбыліся змены ў Кодэксе аб адукацыі, дзе прапісана, што дзелавы стыль школьніка — гэта ўжо не рэкамендацыі, а норма. Аксана Прыходзька адзначае, што будзе звяртаць увагу на тое, каб вопратка была ў межах дзелавога стылю і «на любы густ і кашалёк». Апошнім часам прыходзілася назіраць за работай службы хуткай дапамогі: якую мясцовасць абслугоўвае, як спрацоўваюць аператары, як хутка карэта меддапамогі даязджае да пацыента. «Заўваг пакуль не было», — адзначае дэпутат. На асаблівым кантролі будаўніцтва хірургічнага корпуса Бабруйскай гарадской бальніцы хуткай меддапамогі. Бальніца ўжо мела патрэбу ў мадэрнізацыі і хутка горад атрымае суперсучасны аб’ект, які будзе напоўнены новым высокатэхналагічным абсталяваннем.

Гэта пяцігодка праходзіць пад знакам якасці, але, на думку Аксаны Прыходзька, ўсе 30 апошніх гадоў можна лічыць гадамі якасці.

— Хочацца нагадаць людзям, як было і як стала, — кажа яна. — Усё добрае ўспрымаецца як данасць. Мы прывыкаем да добрых дарог, выгод, якія з’яўляюцца. Раней мы рады былі аддаць дзіця ў любы дзіцячы садок. А сёння хочам, каб ён стаяў у нашым двары. У маёй Першамайскай акрузе дастаткова месцаў у садках, у некаторых старых мікрараёнах нават намерваюцца іх закрыць, бо дзяцей там мала. А вось у новых мікрараёнах у садках адчуваецца запатрабаванасць. Ёсць прапановы, пусціць аўтобусы па дастаўцы дзяцей, так званыя школьныя аўтобусы.

Працуючы ў акрузе, дэпутат збірае дадатковую інфармацыю для законапраектнай дзейнасці. Кожнае пытанне патрабуе дасканалага вывучэння. Вельмі добрай формай, на думку суразмоўніцы, з’яўляюцца практыкаарыентаваныя семінары, якія праводзяцца ў парламенце

— Гэта пэўнага роду нарады, дзе прысутнічаюць усе дэпутаты і запрашаюцца эксперты ад розных структур, — кажа яна. — Нядаўна, напрыклад, прайшоў семінар па бяспецы руху з удзелам прадстаўнікоў ДАІ, Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, аператараў каршэрынгавага транспарту. Хутка на выхадзе будзем мець новыя Правілы дарожнага руху, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца дзікім жывёлам на дарозе і руху сродкаў мабільнага перамяшчэння. Пры абмеркаванні на паверхню ўсплывае шмат рэчаў, якія патрабуюць пэўнага заканадаўчага рэгулявання. Ініцыятарам гэтага семінара, дарэчы, выступіла наша камісія.

У найбліжэйшы час у нас будзе такі ж практыка-арыентаваны семінар па мабільнай сувязі. Запросім на яго аператараў сотавай сувязі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Людзі скардзяцца на тое, што аператары сувязі «гуляюць» з тарыфамі, ёсць пытанні па зоне пакрыцця тэрыторыі сотавай сувяззю, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Фота з архіва Аксаны ПРЫХОДЗЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю