Top.Mail.Ru

Кітайскі павет ператварыў старажытнае рамяство рэстаўратараў у галіну з тысячамі работнікаў


Павет Юйшэ правінцыі Шаньсі (Цэнтральны Кітай), вядомы як «радзіма традыцыйнага дойлідства», ператварыў разрозненую працу асобных майстроў у цэлую галіну: сёння тут працуюць больш за 100 профільных брыгад, якія аб’ядноўваюць каля 7000 спецыялістаў. Мясцовыя майстры — ад цесляроў да мастакоў па роспісе — удзельнічаюць у работах на аб’ектах культурнай спадчыны па ўсёй краіне, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».

Адзін з такіх майстроў — Чжаа Чуньцян, чыя тэхніка «адкрыцця аблічча» (прамалёўкі асоб персанажаў на фрэсках) прынесла яму вядомасць у прафесійных колах. Цяпер ён завяршае дзве копіі ў маштабе 1:1 — роспісаў галоўнай залы і галерэі храма Цюйтань (правінцыя Цынхай, Паўночна-Заходні Кітай), якія пасля заканчэння работ будуць перададзены ў фонд Музея нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая.

Восем гадоў таму па запрашэнні цынхайскай кампаніі ён увайшоў у склад каманды вядучых мастакоў і майстроў танка Кітая і прыступіў да стварэння копій фрэсак храма Цюйтань. У красавіку гэтага года ў Пекіне адкрылася выстава, на якой было прадстаўлена больш за 400 кв. м фрэсак храма Цюйтань. Амаль 70% гэтых работ выканаў Чжаа Чуньцян.

Доўгі час, нягледзячы на шырокую вядомасць майстэрства рэстаўратараў з павета Юйшэ, мясцовыя спецыялісты сутыкаліся з праблемамі разрозненасці, невялікіх маштабаў дзейнасці і нізкай канкурэнтаздольнасці, а іх праца ў асноўным залежала ад субпадрадаў. Пераломны момант наступіў у 2014 годзе са стварэннем гандлёвай палаты павета, а ў 2022-м пры падтрымцы мясцовага ўрада была створана Група кампаній традыцыйнага дойлідства Юйшэ. Кампанія ўкараніла сучасныя метады кіравання, прыступіла да афармлення будаўнічых ліцэнзій розных катэгорый і пачала развіваць рабочы брэнд «Майстра Юйшэ».

«Раней майстрам даводзілася самім выязджаць на пошукі працы, а зараз замовы прыходзяць дзякуючы брэнду», — расказаў кіраўнік офіса кампаніі Цянь Бін. Паводле яго слоў, сёння сфарміраваны чатыры асноўныя напрамкі дзейнасці: земляныя работы, драўлянае будаўніцтва, дахавыя работы і мастацкі роспіс.

Асаблівая ўвага ў развіцці галіны ўдзяляецца падрыхтоўцы кадраў. Група кампаній выпусціла падручнік па тэхніцы роспісу Юйшэ і сумесна з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі стварыла Інстытут індустрыі традыцыйнага дойлідства. З профільным каледжам правінцыі наладжана пяцігадовая праграма бесперапыннай адукацыі, а з мясцовым прафесійным вучылішчам створаны адукацыйны альянс з адкрыццём спецыяльнасцяў па роспісе і сталярнай справе. Навучанне тут бясплатнае, а навучэнцам выплачваецца штогадовая стыпендыя ў памеры 5000 юаняў.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю