У павеце Аньцзі, што ў правінцыі Чжэцзян (Паўднёва-Усходні Кітай), звыш мільёна му (72 тыс. га) бамбукавых лясоў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Рэгіён стаў глабальным цэнтрам бамбукавых інавацый, які штогод прыцягвае ўвагу дэлегацый з амаль ста краін. Мясцовыя прадпрыемствы распрацавалі прарыўныя тэхналогіі, якія даюць магчымасць выкарыстоўваць бамбук замест традыцыйных матэрыялаў — пластыка, збожжа, бавоўны і нават нафтапрадуктаў.
Прадпрымальнік Чжан Мінчжун распрацаваў тэхналогію вытворчасці бамбукавага валакна. У мінулым годзе яго кампанія «Яочжу» запусціла аўтаматызаваную лінію па вытворчасці бамбукавага валакна магутнасцю 30 тон у суткі. Для вытворчасці тоны валакна патрабуецца 2,5 тоны бамбука. Сабекошт складае 1,5 тысячы юаняў, а рэалізуецца прадукцыя па цане 6 тыс. юаняў за тону. Гатовыя вырабы маюць яшчэ больш высокую дабаўленую вартасць: тканіна для шкарпэтак каштуе 18 тыс. юаняў за тону, для адзення — 120 тыс., а для медыцынскіх масак — да 200 тыс. юаняў за тону.
Кампанія «Сінэн» штогод перапрацоўвае 100 тысяч тон бамбука, вырабляючы 25 тыс. тон поліфенольных хімічных прадуктаў і забяспечваючы ўласныя энергетычныя патрэбы за кошт біямасы.
Бамбукавы актываваны вугаль, вядомы як «чорны дыямент», прымяняецца ў вытворчасці батарэй для электрамабіляў. Кампанія «Цзічжу» штомесяц пастаўляе ў Еўропу каля 270 тон гэтай прадукцыі.
Такім чынам, у Аньцзі бамбукавыя лясы ператварыліся ў «зялёныя банкаматы», а сам бамбук стаў сімвалам дыялогу паміж Кітаем і светам у галіне экалагічна чыстых тэхналогій і ўстойлівага развіцця.