Кітай ужо некалькі гадоў запар захоўвае лідзіруючыя пазіцыі ў сусветнай вытворчасці ядомых грыбоў, забяспечваючы больш за 70 % глабальнага рынку. Гадавы аб’ём вытворчасці перавышае 40 млн тон, а кошт прадукцыі летась дасягнуў 380 млрд юаняў. Сёння краіна застаецца найбуйнейшым у свеце як вытворцам, так і спажыўцом ядомых грыбоў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Мінулае лета стала асаблівым грыбным сезонам для кітайскіх гурманаў. Ад закусак з энокаў да вешанак, якія спалучаюцца з усім, грыбы заваёўваюць новыя кулінарныя нішы. Спажыўцы адкрываюць для сябе грыбныя лекавыя стравы і інавацыйныя спосабы прыгатавання.
Правінцыя Юньнань (Паўднёва-Заходні Кітай) вядомая як нацыянальны лідар па дзікарослых грыбах. Цэнтр гандлю дзікімі грыбамі мушуйхуа, размешчаны ў адміністрацыйным цэнтры правінцыі горадзе Куньміне, забяспечвае 85,7 % усіх рэгіянальных продажаў, а штодзённае абарачэнне ў сезон дажджоў перавышае 30 тон.
Ядомыя грыбы Юньнаня заваёўваюць міжнародныя рынкі. У Японіі мацутакэ з Дэчэн-Тыбецкай аўтаномнай акругі, а таксама гарадоў Ліцзян і Далі лічацца сапраўднай «жамчужынай сярод грыбоў» дзякуючы свайму ўнікальнаму смаку. У Рэспубліцы Карэя асабліва шануюць саркадон з Чусюн-Ійскай аўтаномнай акругі. Лісічкі і рыжыкі, сабраныя ў Юньнане, карыстаюцца вялікім попытам на рынках Еўропы і Паўночнай Амерыкі.
Набірае папулярнасць грыбны турызм. Павет Наньхуа ў Юньнане, празваны «радзімай дзікіх грыбоў Кітая», паспяхова аб’яднаў турызм з грыбным промыслам. Пры лясным покрыве 71,7 % тут расце больш за тысячу відаў ядомых грыбоў. Турыстычныя маршруты ўключаюць збор грыбоў, даследчыя праграмы і дэгустацыю мясцовай кухні.
Глыбокая перапрацоўка адкрывае новыя магчымасці. У горадзе Суйчжоу правінцыі Хубэй (Цэнтральны Кітай) выпускаюць больш за 30 відаў прадукцыі з грыбоў шыітаке, уключаючы соусы, запраўкі, канцэнтраты і гатовыя закускі. Па словах мясцовага прадпрымальніка Яо Чы, кошт экспарту перапрацаваных грыбоў на 15–20 % вышэйшы, чым у звычайных сушаных.
Грыбная галіна стала пятай па значнасці ў кітайскім раслінаводстве пасля збожжавых, алейных, агароднінных і пладовых культур, дасягнуўшы статусу 300-мільярднай індустрыі, адзначыў Цаа Хуэй, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў сельскай эканомікі пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і сельскіх спраў КНР.