Рамантыка на колах
Калі начальнік транспартнага цэха Уладзімір Гурын паведаміў яму, што ён стаў лепшы па выніках работы за мінулы год, Аляксандр Якавенка зведаў адначасова і гонар, і хваляванне. На яго думку, у калектыве шмат сумленных работнікаў і кожны з іх мог бы стаць пераможцам. Але ж пашану аказалі менавіта яму.
У 1990 годзе пасля службы ў арміі Аляксандр Якавенка прыйшоў працаваць на «Белпошту», дзе займаўся дастаўкай карэспандэнцыі. Пасля перавёўся ў Магілёўскае абласное вытворча-тэхнічнае ўпраўленне сувязі (цяпер філіял «Белтэлекама»).
— Мае старэйшыя калегі здаваліся мне тады сапраўднымі прафесіяналамі, — успамінае ён. — Я ж вельмі перажываў, што мая машына часта ламалася і яе прыходзілася пастаянна рамантаваць. У тыя гады былі праблемы яшчэ і з бензінам. Даводзілася эканоміць, каб з’ездзіць у камандзіроўку. Зараз гасцініцы прапануюць камфорт і ўтульнасць, можна нават заказаць гатовую ежу. А тады ўмовы для часовага пражывання былі спартанскія. Рукамыйнік на калідоры, вада толькі халодная. Тым не менш, плюсоў у маёй прафесіі заўсёды было нашмат больш.
З боку можа здацца, што быць кіроўцам нескладана — круці сабе баранку і едзь. Але гэта толькі на першы погляд. Трэба добра ведаць правілы дарожнага руху і не парушаць іх, выконваць тэхніку бяспекі, падтрымліваць аўтамабіль у спраўным стане. Дарога — гэта заўсёды крыніца павышанай небяспекі. І трэба быць гатовым да ўсяго. У памяці Аляксандра Якавенкі застаўся эпізод, калі ён выратаваў чужы аўтамабіль. Ехаў сабе па справах і раптоўна ўбачыў, што машына гарыць. Хуценька прыпыніўся, схапіў свой вогнетушыцель і кінуўся на дапамогу.
— Спрацавала салідарнасць кіроўцаў, — кажа суразмоўнік. — Полымя хутка распаўсюджвалася, я разумеў, што кожная секунда важная. З палёгкай уздыхнуў толькі тады, калі атрымалася лакалізаваць агонь. Пасля гэтага выпадку зрабіў выснову, што заўсёды трэба быць гатовым да нечаканых сітуацый на дарозе.
На думку суразмоўніка, каб у прафесіі ўсё атрымлівалася, трэба цалкам сябе ёй аддаваць. Толькі так можна стаць прафесіяналам.
— Бяру прыклад са сваёй жонкі, — усміхаецца ён. — Яна ў мяне педагог, вельмі адказная. Для мяне адказнасць таксама не пусты гук. Галоўная задача кіроўцы — прывезці і сябе, і пасажыраў дадому жывымі і здаровымі. Наогул, прафесіяналізм і любоў да сваёй справы — ключавыя якасці для любога работніка. Лепш быць добрым спецыялістам на сваім месцы, чым мець высокае званне без рэальнай карысці для людзей.
Прафесія кіроўцы небяспечная, але і рамантычная.
—У мяне ёсць магчымасць кожны дзень назіраць разнастайнасць навакольнага свету, — кажа Аляксандр. — Дождж, снег, яснае сонца — з крэсла кіроўцы вельмі добра адчуваецца настрой надвор’я. Па дарозе здараюцца сустрэчы з дзікімі жывёламі і птушкамі — ласямі, зайцамі, арламі. Цікава назіраць за іх паводзінамі, атрымліваць асалоду ад прыгажосці беларускай прыроды. А яшчэ мая прафесія дазваляе знаёміцца з новымі цікавымі людзьмі. Як у любімым фільме «Гараджане», дзе галоўны герой працуе таксістам і кожны дзень у яго здараюцца новыя сустрэчы. Фільм выдатна ілюструе разнастайнасць і прывабнасць маёй прафесіі.
У жыцці лепшага кіроўцы «Белтэлекама» ёсць шмат і іншых інтарэсаў. Напрыклад, фізічная культура. Асабліва да спадобы яму настольны тэніс і лыжы. А яшчэ ён двойчы на тыдзень ходзіць у спартыўную залу на прадпрыемстве, дзе шмат розных трэнажораў.
— Спорт для мяне — гэта лепшы ўклад у здароўе, — кажа ён. — Калі прывожу калег на спартакіяды, заўсёды іх падтрымліваю і радуюся іх поспехам. Наш калектыў — адна каманда, дзе кожны на сваім месцы. І гэта вельмі натхняе на выніковую працу.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага філіяла «Белтэлекама»