Што значыць стаць мясцовым
Некалькі гадоў таму віцябчанін Сяргей Кандрацьеў прамяняў пражыванне ў абласным цэнтры на ўладкаванне ў гарадскім пасёлку Лёзна і стаў адным з па-сапраўднаму тутэйшых жыхароў.
Пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай Сяргей Кандрацьеў пачынаў працоўны шлях як майстар газазабеспячэння на УП «Віцебскаблгаз». Гэта прадпрыемства і яго структурныя падраздзяленні на Віцебшчыне вядомыя як кузня кадраў. Тут не баяцца даваць дарогу маладым, з першых крокаў падтрымліваюць у іх ініцыятыўнасць, адказнасць, мысленне з улікам інтарэсаў не толькі спажыўцоў газу, але і шырэйшых груп насельніцтва. Малады спецыяліст прытрымліваўся зададзенага кірунку — і праз колькі часу яго прызначылі начальнікам Лёзненскага раёна газазабеспячэння філіяла Віцебскага вытворчага ўпраўлення.
Лідарскія якасці, дзелавітасць, сур’ёзнасць маладога кіраўніка заўважылі жыхары і кіраўніцтва раёна.
— Сяргей без залішніх тлумачэнняў разумеў, калі трэба было дапамагчы: датычылася гэта пытанняў ці то добраўпарадкавання, ці то далучэння калектыву да падрыхтоўкі свят раённага маштабу, — адзначыў старшыня Лёзненскага райсавета дэпутатаў Сяргей Шляднёў. — Таму, калі абмяркоўваліся асобы для вылучэння ў дэпутаты райсавета 29-га склікання, актыў прапанаваў кандыдатуру Сяргея, а выбаршчыкі па Ленінскай акрузе № 21 25 лютага 2024 года прагаласавалі за яго.
Такім чынам, акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў начальніка раёна газазабеспячэння малады мужчына стаў несці і грамадскую нагрузку дэпутата. Яна прадугледжвае камунікат з выбаршчыкамі і ўдзел у вырашэнні пытанняў, якія будуць паляпшаць якасць іх жыцця. У райсавеце ён узначальвае Пастаянную камісію па пытаннях развіцця будаўнічага комплексу, транспарту, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі. З нядаўняга часу Сяргей Кандрацьеў прызначаны на пасаду намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні эканомікі.
— Прыём грамадзян я звычайна вяду пасля заканчэння працоўнага часу ў рабочым кабінеце, а таксама сустракаюся з выбаршчыкамі па месцы іх жыхарства. Каб лепш разабрацца ў сітуацыі, выязджаю на лакацыі, стан якіх турбуе насельніцтва, — расказаў Сяргей Кандрацьеў. — Значны час патрабуецца на растлумачванне заканадаўства, правільнасці і абгрунтаванасці рашэнняў, прынятых мясцовай уладай.
Напрыклад, калі было прынята рашэнне аб навядзенні парадку ў мікрараёне за чыгункай уздоўж вуліцы Дабрамысленскай і ліквідацыі стыхійных агародаў пад вокнамі шматкватэрных дамоў, не ўсім яно прыйшлося даспадобы. Але людзей удалося пераканаць: так будзе лепш. Замест агародных лапікаў уладкавалі роўны газон, пешаходную дарожку, вулічнае асвятленне, аднавілі прыпыначныя транспартныя пляцоўкі. Дэпутаты ініцыіравалі суботнік і разам з жыхарамі пасадзілі бярозавую алею — стала па-сучаснаму прыгожа.
Наогул, менавіта дэпутаты становяцца тым рухавіком, які дапамагае спецыялістам камунальнай гаспадаркі Лёзненскага раёна паляпшаць знешні выгляд знакавых месцаў і населеных пунктаў. Так, летась па іх прапанове і з непасрэдным удзелам былі добраўпарадкаваны адзіныя ў Беларусі Афіцэрскія могілкі часоў Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Стасева.
Яшчэ будучы начальнікам раёна газазабеспячэння, Сяргей Кандрацьеў натхніў калектыў на ўладкаванне бетанаванай дарожкі і прыступак да любімай лёзненцамі жыватворнай крыніцы з гаючай вадой на вуліцы Гагарына.
Большасць дэпутатаў мясцовых Саветаў займаюць кіруючыя пасады, іх дзейнасць на абодвух пастах, асабліва калі яна выходзіць за межы вырашэння вытворчых пытанняў і датычыцца праяўлення актыўнай грамадскай пазіцыі, вельмі сугучная. У рабоце з выбаршчыкамі галоўныя інструменты народнага выбранніка — яго красамоўства, уменне пераконваць і асабісты прыклад.
— Кожнае прадпрыемства і многія індывідуальныя прадпрымальнікі нашага райцэнтра зрабілі ўнёсак ва ўладкаванне школьнага парку каля СШ № 1 імя Марыі Акцябрскай, — адзначыў Сяргей Кандрацьеў. — Прыемна, што ў гэтым папулярным месцы адпачынку з’явіліся ліхтары, святочная ілюмінацыя, дэкаратыўныя лаўкі, іншыя малыя архітэктурныя формы, устаноўленыя за кошт прыцягнення пазабюджэтных сродкаў. Хто ж, калі не мы, зробіць месца, дзе жывём, прыгажэйшым?
З’яўляюцца цікавыя арт-аб’екты і ў іншых месцах райцэнтра. Адзін з апошніх — вялізная лаўка са штучнай травы з нахіленым над ёй мудрагелістым ліхтаром, што на Цэнтральнай плошчы, — лёзненцы ўжо назвалі чытальняй.
Малады (а Сяргею няма і 30 гадоў) віцябчанін прыняў рашэнне застацца ў Лёзне жыць. Ажаніўся, разам з жонкай гадуе дваіх дзяцей, будуе дом. Ён лічыць гэты гарпасёлак надзвычай зручным: тут ёсць уся неабходная інфраструктура і асаблівая атмасфера. Усе ведаюць адзін аднаго, жыццё праходзіць навідавоку ў землякоў.
А гэта спрыяе таму, каб весці сябе прыстойна ў любых абставінах, тады заслужыш павагу і знойдзеш аднадумцаў. А з камандай можна ўвасабляць самыя смелыя планы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота аўтара.