Top.Mail.Ru

ХХХV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» стаў рэкордным па многіх параметрах

Убачыўшы васількі, успамінайце пра Беларусь


Так, удзел у ім узялі прадстаўнікі 52 краін, якія праехалі больш за 120 тысяч кіламетраў, каб дабрацца ў Віцебск, а значыць, тройчы абагнулі зямны шар.


Сусвет ведае

Пікавы дзень прыйшоўся на 17 ліпеня, калі на вуліцах горада, па інфармацыі органаў аховы правапарадку, было больш за 50 тысяч віцябчан і гасцей горада. У фестывальныя дні пад адкрытым небам адбылося каля 200 мерапрыемстваў. Звыш 120 тысяч гледачоў наведалі мерапрыемствы па білетнай праграме. Больш як 15 млн праглядаў набралі посты з Віцебска толькі ў «Аднакласніках». Тэлевізійная і інтэрнэт-аўдыторыя сёння актыўная ў 119 краінах.



Такую інфармацыю журналістам агучыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі.

— «Глядзельнымі» сталі не толькі канцэрты з удзелам папулярных выканаўцаў, але і конкурсныя, да чаго мы так доўга імкнуліся, — сцвярджае Глеб Лапіцкі. — Карыстальнікі адзначаюць, што адметнасць Беларусі заключаецца ў тым, што яна можа аддаць перамогу нават той краіне, якая на бягучы момант не надта з ёй сябруе.

Гэта аб’ектыўна і яшчэ раз пацвярджае нязменны курс фестывалю «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Знайшоўшы пункты судакранання поглядаў і інтарэсаў, мы можам разлічваць на развіццё крэатыўнай эканомікі краіны.

Сталі пасламі Сінявокай

Цэнтральнай падзеяй «Славянскага базару» на працягу 35-гадовай гісторыі існавання застаецца Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск». Сёлета ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 19 краін, ахапіўшы геаграфію ад Аўстраліі (упершыню) і Азіі да Паўднёвай Амерыкі і Еўропы.


Журы ўзначальваў народны артыст Беларусі, спявак і музыкант, саліст і мастацкі кіраўнік ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка. Ён стаяў ля вытокаў фестывалю, выступаў са стартавым канцэртным нумарам, а праз 35 гадоў з першай «Славянкі» адзначыў, што фестываль не страчвае сваёй значнасці, статуснасці, развіваецца, што б ні адбывалася наўкола.


— Хачу выказаць вялізную падзяку нашаму Прэзідэнту за тое, што 35 гадоў назад ён гэты фестываль захаваў, адрадзіў і ўзняў на такую планку, якую перасягнуць вельмі складана, — адзначыла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч, і Летні амфітэатр падтрымаў яе апладысментамі. — Гэта пляцоўка з’яўляецца трамплінам для многіх выканаўцаў эстраднай песні, а фестываль аб’ядноўвае розныя віды мастацтваў. Няхай у нашага фестывалю яшчэ будзе вельмі многа юбілеяў!

Наталля Пяткевіч уручыла спецыяльны прыз Прэзідэнта «Славянская надзея» ўдзельніцы конкурсу з Азербайджана Нафісе Акіевай.

Па завяршэнні праграмы ўрачыстага закрыцця форуму мастацтваў азербайджанская спявачка прызналася, што гэта для яе вялікая нечаканасць і адказнасць. Цяпер яна бачыць сваю місію ў тым, каб дзяліцца з як мага большай аўдыторыяй сваімі ўражаннямі пра Беларусь і беларусаў. Уражанні ж самыя прыемныя: спакой, прыгожыя краявіды, парадак, гасціннасць і душэўнасць людзей, смачная нацыянальная кухня.


Творчае спаборніцтва развярнулася нежартоўнае, бо канкурсанты прадэманстравалі найвышэйшы ўзровень вакальнай падрыхтоўкі. У першы дзень, выконваючы сусветныя хіты, яны паказвалі шоу з дапамогай танцавальных калектываў. У другі, вырашальны, дзень яны выступалі з песнямі славянскіх аўтараў на славянскіх мовах у суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Гэта было па-сапраўднаму ўрачыста і моцна.

Вядома ж, беларусы найперш перажывалі за сваю зямлячку Алену Кузняцову, віталі яе гучнымі апладысментамі. Аднак гледачы не шкадавалі далоняў, дзякуючы за найбольш яркія выступленні, падтрымліваючы прадстаўнікоў іншых краін. Цікава, што меркаванні залы і журы абсалютна супадалі.


У выніку самага мірнага творчага спаборніцтва ІІІ прэмію падзялілі ІRAKLІ GADELІA (Важа Гадэлія) з Грузіі і Нурдаалот Дэркембаеў з Кыргызстана; ІІ прэмія дасталася Аляксею Осічаву з Малдовы і Алене Кузняцовай з Беларусі; І прэмія перададзена АMALYAT (Акерке Амалят) з Казахстана.

Уладальнікам гран-пры стала SORAYA (Розі Альфана) з Італіі. «Славянскі базар» стаў асаблівым для гэтай таленавітай дзяўчыны яшчэ і таму, што на яго сцэне ёй зрабіў прапанову рукі і сэрца яе каханы Франчэска.

...Фестывальны тыдзень праляцеў, як адзін яскравы, надзвычай насычаны падзеямі і ўражаннямі дзень. Здаецца, толькі ўцягнуліся ў частую змену падзей, прывыклі да недасыпу, багацця творчага «застолля», нечаканых сюрпрызаў тут і там, мітусні і таўкатні — а Віцебск ужо суцішаецца, пусцее, вяртаецца да працоўнага рытму. Але і праз гады, успамінаючы шчаслівыя моманты фестывальнага лета пад небам Шагала, нас агорнуць тыя ж пачуцці згуртаванасці, блізкасці, натхнення, як і падчас фестывалю.


— Цяпер, калі я ўбачу на Радзіме ці дзесьці ў свеце кветку васілька, я заўжды буду ўспамінаць «Славянскі базар у Віцебску», — прызналася новая зорка фестывалю SORAYA. — Я палюбіла Беларусь, я раскажу пра яе ўсім-усім толькі самае добрае. Яшчэ сустрэнемся!

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю