Віцебская вобласць стала адной з дзвюх у Беларусі, дзе ў рамках рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» адбыўся традыцыйны калядны баль для пажылых людзей.
Снег, завіруха, вецер як наступствы цыклону Улі зрабілі ўрачыстае мерапрыемства, якога чакалі цэлы год, да якога рыхтаваліся, яшчэ больш атмасферным і рамантычным.
— У гады нашага дзяцінства, маладосці зімы бывалі менавіта такімі, — дамы і кавалеры ўваходзілі ў святочную залу ў прыўзнятым настроі, — але гэта не замінала нам бегаць на вучобу і работу, на сустрэчы з сябрамі і на спатканні да каханых. Няўжо нас, загартаваных і прагных да жыцця, спужае нейкі цыклон?
У напоўненай святлом і ўсмешкамі зале рэстарана «Паўночная сталіца», быццам спецыяльна прызначанай для пышных баляў, панавалі музыка і танцы. Настрой стваралі прафесіяналы з Віцебскай абласной філармоніі, юныя артысты з розных устаноў культуры і адукацыі і самі ўдзельнікі мерапрыемства. Здавалася, яны скінулі дзясяткі гадоў з плеч, выконвалі не толькі класічныя, але і жартаўлівыя нумары, многія з якіх рэпеціравалі загадзя з харэографамі.
— У многіх нашых ТЦСАНах працуюць харэаграфічныя гурткі і аматарскія клубы, — патлумачыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама Вера Астапенка. — Для іх удзельнікаў калядны баль становіцца своеасаблівай творчай справаздачай, нездарма сёння мы бачым вальсы, бачату, танцавальныя кампазіцыі пад сучасныя рытмы і нават канкан!
Адметная рыса «Каляднай сімфоніі» на Віцебшчыне тое, што гэта міжпакаленчы баль. Разам з прадстаўнікамі залатога ўзросту ў ім удзельнічае моладзь, каб вучыцца ўзаемадзейнічаць, заўважаць адно ў адным самае лепшае і прыгожае.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц