У першай дэкадзе красавіка аграрны комплекс Віцебшчыны меў патрэбу ў амаль 690 механізатарах, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Такая лічба актуальная менавіта падчас шчыльнага графіку правядзення вясенне-палявых работ, у іншы час яна змяншаецца.
Сёння на дапамогу АПК часова прыцягнута больш за 600 спецыялістаў, у тым ліку каля 350 — з прамысловых прадпрыемстваў, 160 — з іншых арганізацый, уключаючы 50 ваеннаслужачых, а таксама 130 практыкантаў. Да апошніх — пільная ўвага: яны вучацца ў 12 установах сельскагаспадарчага профілю вобласці, а значыць, плануюць звязаць жыццё з вёскай. Дарэчы, за сакавік — чэрвень практыку ў гаспадарках пройдзе не адзін паток навучэнцаў каледжаў.
З арыентацыяй на практыку
У адной з профільных устаноў прафесійнай адукацыі, Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы, пабывала карэспандэнт «Звязды», каб даведацца, як будучыя механізатары падыходзяць да першай у сваім жыцці сяўбы.
У ГДАТК прадугледжаны дзве ступені навучання: можна атрымаць як прафесійна-тэхнічную, так і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Кантынгент пераважна мужчынскі. На першай ступені навучэнцы атрымліваюць рабочыя прафесіі трактарыста-машыніста, слесара, зваршчыка. На другой — тэхніка-механіка і тэхніка-электрыка, у дадатак да асноўнай прафесіі яны таксама асвойваюць рабочыя прафесіі вадзіцеля і трактарыста.
— Наша безумоўная перавага заключаецца ў практыка-арыентаваным навучанні. У вучэбных планах значна павялічана колькасць гадзін, адведзеных на практычныя заняткі, — адзначае дырэктар ГДАТК Уладзімір БЫКАЎ.
На базе каледжа дзейнічае добра аснашчаны цэнтр кампетэнцый па дыягностыцы і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі. Плошча земляў падсобнай гаспадаркі ГДАТК складае 360 га. Тут пад кіраўніцтвам вопытных майстроў вытворчага навучання маладыя людзі спасцігаюць практычныя навыкі апрацоўкі глебы і вырошчвання розных культур.
— Заключаны дагаворы з вядучымі сельгасарганізацыямі Віцебшчыны, дзе навучэнцы маюць магчымасць паспрабаваць працаваць на лепшых узорах тэхнікі айчыннай вытворчасці, азнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі. Таму нашы старшакурснікі падыходзяць да этапаў вытворчай практыкі на базавых прадпрыемствах, калі настае час самастойна кіраваць сельгастэхнікай, і да пераддыпломнай практыкі па месцы наступнага працаўладкавання добра падрыхтаванымі, — падкрэслівае дырэктар каледжа.
Непаўналетні ўзрост — не перашкода
Да часу навучання на трэцім-чацвёртым курсах, калі настае час вытворчай практыкі ў гаспадарках, не ўсе маладыя людзі дасягаюць паўналецця.
Але леташнія змяненні ў Законе «Аб дарожным руху» дазваляюць навучэнцам з 17-гадовага ўзросту атрымліваць часовыя вадзіцельскія пасведчанні на ўпраўленне энерганасычанымі трактарамі і камбайнамі. Гэта пашырыла магчымасці іх прыцягнення для дапамогі сельгас-прадпрыемствам у напружаныя перыяды, калі неабходна ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны правесці вялікі комплекс сельгасработ, звязаных з сяўбой.
Гэтай вясной, згодна з планам, 17 навучэнцаў-практыкантаў ГДАК пачалі дапамагаць сельгасвытворцам ужо 23 сакавіка. Услед за імі 21 красавіка на палі адправяцца яшчэ 20 хлопцаў 17-ці гадоў, якія толькі 5 красавіка здалі экзамен па кваліфікацыі трактарыст-машыніст катэгорыі «С», «D», «Е». Яшчэ адна група ў складзе 20 чалавек накіруецца на сельгасугоддзі ў другой дэкадзе мая. Працягласць практыкі складае каля двух месяцаў.
Час збіраць камяні
— Работа на каменепадборшчыку — мой першы самастойны вопыт за рулём МТЗ-82, — кажа навучэнец 3-га курса Арцём ПАЗНЯКОЎ, які праходзіць практыку ў адным з базавых прадпрыемстваў каледжа, СУП «Паўночны» Гарадоцкага раёна. — Не лічу, што падбіраць камяні — нейкая другарадная аперацыя, пры падрыхтоўцы глебы да сяўбы важна ўсё. Не выключаю, што пазней перавядуць на іншы ўчастак работы. Дзе буду патрэбны — там і буду працаваць.
Пра тое, колькі заробіць, хлопец не задумваўся — можа, гэта з-за маладосці.
— Прыемна адчуваць сябе на роўных з вопытнымі механізатарамі, як і яны, працаваць з сямі раніцы да сямі вечара. Мужчыны добразычлівыя, падказваюць, калі ёсць пытанні, дапамагаюць даглядаць даручаны мне трактар. Я іду па бацькавых слядах — ён таксама механізатар у суседнім раёне, менавіта з ім я праклаў сваю першую баразну. Зямлю не кінем! — упэўнена заяўляе Арцём.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара