Пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшло з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай на базе ААТ «Белшына».
— Савету Рэспублікі адведзена асаблівая роля каардынаваць дзейнасць дэпутацкага корпуса ўсёй нашай краіны, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Для ўзаемадзеяння з органамі мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і функцыянуе наш Савет, які адыгрывае вельмі важную ролю ў рабоце над законапраектамі і тымі рашэннямі, якія мы прымаем. На нашы пасяджэнні мы выносім, як правіла, актуальныя пытанні, важныя і з пункту гледжання дзяржавы, і з пункту гледжання запытаў грамадства.
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што сітуацыя на рынку працы Беларусі характарызуецца ростам узроўню занятасці насельніцтва і нізкім узроўнем беспрацоўя. Колькасць занятых у эканоміцы летась павялічылася на 10,4 тысячы чалавек і склала 4 мільёны 159 тысяч. На жаль, ёсць яшчэ грамадзяне, якія працаваць не жадаюць. І ў гэтых умовах роля мясцовых Саветаў становіцца ключавой. Хто як не дэпутаты ведаюць сітуацыю на месцах і могуць на яе паўплываць.
— Гэта не проста эканамічная задача, гэта пытанне сацыяльнай справядлівасці, стабільнасці і дабрабыту нашай краіны, — звярнула ўвагу на важнасць тэмы Наталля Качанава. — Прэзідэнт краіны неаднаразова казаў, што аснова асноў — гэта эканоміка. Яна — галоўная зброя ў сучасным свеце. Будзе эканоміка, будзе і краіна.На пасяджэнні былі заслуханыя даклады старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталлі Паўлючэнка, старшыні Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Дзямідава, старшыні Бабруйскага гарсавета Ірыны Рынейскай і іншых.
Ірына Рынейская расказала, як праблема занятасці вырашаецца на прыкладзе Бабруйска. Яна звярнула ўвагу на тое, што ўзровень беспрацоўя па мінулым годзе склаў 0,2%, а колькасць вакансій перавышала колькасць беспрацоўных. Прычым найбольшая патрэба — 75 % — была ў работніках рабочых спецыяльнасцяў.
— Усе прапановы, якія тут прагучалі, мы адпрацуем, запішам у пратакол і накіруем у дзяржаўныя органы, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мы прапануем варыянты, як матываваць людзей, якія незанятыя ў эканоміцы, працаваць. А наогул трэба надаваць больш увагі ролі сям’і і сістэме адукацыі. Бо ўсё закладваецца там. Калі дзіця бачыць, што бацькі працуюць, і, зарабляючы сваёй працай, чагосьці дасягаюць, вядома, яно будзе імкнуцца быць падобным на іх.
Нэлі ЗІГУЛЯ