Аснова Вялікай Перамогі
Прадстаўнічы форум у рамках святкавання 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне арганізавала партыя «Белая Русь». У рабоце міжнароднай міжпартыйнай канферэнцыі «Ідэалогія адзінства як аснова Вялікай Перамогі: вопыт мінулага і імператывы сучаснасці» ўзялі ўдзел члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, беларуская навуковая, экспертная і медыясупольнасць, дэлегацыі вядучых вышэйшых навучальных устаноў краіны, прадстаўнікі рэлігійных канфесій, дыпламатычны корпус у Рэспубліцы Беларусь, партыйныя дэлегацыі шэрагу дружалюбных краін.
Памяць пра Вялікую Айчынную вайну займае асаблівае месца ў нашым жыцці, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА ў прывітанні ўдзельнікам, арганізатарам і гасцям канферэнцыі. «Мы аддаём даніну павагі тым, хто змагаўся за нашу будучыню, і ўмацоўваем агульнае імкненне жыць у міры і згодзе. Перамога, заваяваная неверагоднымі намаганнямі, мужнасцю і самаадданасцю савецкіх грамадзян, стала магчымай не толькі дзякуючы ваеннай стратэгіі, але і глыбокаму ўсведамленню агульнага абавязку перад Радзімай. І мы разумеем: ідэалогія адзінства не была выпадковасцю. Яна — у аснове ўзаемападтрымкі і патрыятызму. Калі вораг бясчынстваваў на нашай зямлі, спальваў тысячы вёсак, знішчаў мільёны людзей, не ўзнікала пытанне — а ці змагацца? Адказ быў відавочны: што б там ні было, трэба абараняць сваю сям’ю, Айчыну і будучыню, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы маем права і абавязаны адкрыта абмяркоўваць нашу гісторыю, дзяліцца яе ўрокамі з моладдзю і разумець гераізм тых, дзякуючы каму мы вось ужо 80 гадоў жывём у міры».
Перамога над нацысцкай Германіяй — яскравы прыклад яднання і духоўнай згуртаванасці савецкага народа, заявіў у сваім прывітанні Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА. «Захаванне памяці і гістарычнай праўды аб выніках самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайны з’яўляецца важным фактарам недапушчэння будучых войн і захавання міру на зямлі, — перакананы Ігар Сергяенка. — Праўда аб эпахальнай барацьбе з нацызмам абумовіла сутнасць сучаснай ідэалогіі беларускай дзяржавы. Вялікая Перамога стала пачаткам новага этапу развіцця беларускай культуры і дзяржаўнасці. Злачынствам супраць савецкага народа, іншых народаў свету няма і не можа быць апраўдання і прабачэння. Наш голас — гэта адзінае гучанне загінулых і тых, хто выжыў, продкаў і нашчадкаў. Выкрыццё хлусні, асэнсаванне фактаў, распаўсюджванне і растлумачэнне палітычна значнай інфармацыі, а таксама патрыятычная праектная дзейнасць — галоўная задача партыйнай, навуковай і медыясупольнасці».
Менавіта ідэалогія адзінства адыграла вырашальную ролю ў дасягненні Вялікай Перамогі, заявіў Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ у прывітанні ўдзельнікам канферэнцыі. «Аб’яднанне розных пластоў грамадства, народаў вакол агульнай мэты дазволіла пераадолець цяжкасці вайны і атрымаць перамогу над фашызмам. Гэты вопыт застаецца актуальным і сёння, калі ўдзел інстытутаў грамадзянскай супольнасці, грамадзян, усяго насельніцтва краіны ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі з’яўляецца залогам стабільнасці, міру і працвітання Беларусі, — перакананы Дзяржсакратар. — Неабходна захаваць згуртаванасць і салідарнасць ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз дзеля эфектыўнага ім супрацьдзеяння, каб не дапусціць узнікнення новых і эскалацыі наяўных узброеных канфліктаў і войн».
Як паведаміў старшыня партыі і грамадскага аб’яднання «Белая Русь», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег РАМАНАЎ, у канферэнцыі ўзялі ўдзел больш за 16 замежных дэлегацый: «Геаграфія вельмі шырокая: Паўднёва-Усходняя Азія, Лацінская Амерыка, Куба, Венесуэла. Акрамя таго, у канферэнцыі бяруць удзел еўрапейскія краіны. І, канешне, нашы стратэгічныя партнёры і сябры. Гэта Расія і Кітай».
Па выніках канферэнцыі прынята рэзалюцыя. Як падкрэсліў Алег Раманаў, у гэты дакумент «закладзены ідэі роўнасці суверэнных правоў народаў, шматпалярнасці, справядлівасці ў міжнародных адносінах, захавання гістарычнай памяці і недапушчальнасці яе перапісвання, тым больш паклёпу на слаўную гісторыю беларускагаі іншых народаў, якія змагаліся з нацызмам і цяпер змагаюцца з неанацызмам».